Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 10 °C

У добрых гаспадароў

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Больш за 10 гадоў жывуць у доме №9, што па вуліцы Будаўнікоў у гарадскім пасёлку Гарадзея, пераможцы раённага конкурсу на лепшую сядзібу па Гарадзейскім пасялковым Савеце за 2016 год Франц Францавіч і Ірына Леанідаўна Малейка. Абое працуюць на  Гарадзейскім цукровым камбінаце: гаспадар — вадзіцелем, а гаспадыня — лабарантам хімічнай лабараторыі. У сям’і выраслі два сыны: старэйшы, Вадзім, сёлета закончыў БНТУ па спецыяльнасці “прамысловая цеплаэнергетыка”, малодшы, Андрэй, перайшоў у выпускны клас Гара-дзейскай СШ №2. Дом свой пераможцы раённага конкурсу будавалі самі, пасля заканчэння будаўніцтва адразу ж пачалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол яго, кожны год дабаўляючы нешта новае і падтрымліваючы зробленае.



— Абавязкі мы асабліва не дзелім, — гаворыць Франц Францавіч. — У каго выдаецца хвіліна, той і наводзіць прыгажосць.

А Ірына Леанідаўна дадае:

— Калі сям’я дружная, то і парадак будзе. І хлопцы нашы, на нас гледзячы, не застаюцца ўбаку: і газоны пакосяць, і клумбы праполюць, і плітку пачысцяць ад травы, і што іншае, калі трэба, зробяць.

Сама ж гаспадыня, як і абсалютная большасць жанчын, больш за ўсё любіць кветкі — адзін толькі вялізны куст пунсовых руж каля ўваходу ў дом чаго варты!

Не менш хораша тут і на астатніх  квадратных метрах участка: клумбы класічнай формы ўпрыгожваюць рознакаляровыя кветкі, дарожкі і двор выкладзены пліткай, а адпачыць цёплым летнім вечарам можна ва ўтульнай альтанцы, якую Франц Францавіч зрабіў сваімі рукамі разам з сынамі.

І хаця гаспадары дома сціпла прызнаюцца, што зусім не спадзяваліся на першае месца ў конкурсе, аднак атрымалася так, што іх зладжаная праца і любоў да роднага кутка прынеслі ім перамогу, якая, вельмі хочацца верыць, будзе для гэтай дружнай сям’і не апошняй.

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У доме №28 па вуліцы Мічурына ў гарадскім пасёлку Гарадзея жыве Ірына Казіміраўна Качура, сядзіба якой заняла другое месца ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні па Гарадзейскім пасялковым Савеце за 2016 год. Былы паштальён, 8 гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У свой час скалясіла ўздоўж і ўпоперак родны пасёлак, прыносячы яго жыхарам свежую прэсу і лісты ад блізкіх і сяброў. І зараз яна застаецца ўсё той жа дбайнай, працавітай гаспадыняй, якая ўмела спалучае на сваім участку і карысць, і прыгажосць. Позірк усіх, хто набліжаецца да яе дома, радуюць акуратныя газоны, вечназялёныя кустарнікі, прыгожая сажалачка і шмат-шмат кветак.

— У маім узросце спаць ужо не надта хочацца, — гаворыць мая суразмоўца. — Як устану рана раніцай, так да позняга вечара і наводжу парадкі. На ўчастку ў 25 сотак заўсёды ёсць што рабіць. Стамлюся — зраблю перапынак, адпачну і далей працягваю.

У гаспадарчых справах Ірыне Казіміраўне дапамагаюць дачка Таццяна і ўнучка, якія жывуць разам з ёю, а таксама сын Вячаслаў, калі прыязджае з Мінска. На жаль, два гады таму не стала гаспадара дома, але Ірына Казіміраўна, як і раней, чэрпае душэўныя сілы ў клопатах пра свае кветкі. Яны — яе любімыя зялёныя сяброўкі, якія адказваюць на любоў гаспадыні пышным цвіценнем і чароўным водарам.

— Многія кветкі мне дарылі дзеці, — расказала ў нашай гутарцы Ірына Казіміраўна, — некаторыя я выпісвала па каталогах, некаторыя — купляла на рынку, і так атрымліваецца, што адны адцвітаюць, а другія пачынаюць цвісці, і каля хаты хораша да самых маразоў.

А палюбавацца тут сапраўды ёсць на што: гіяцынты, цюльпаны, нарцысы, ружы, півоні, лілеі, гваздзікі, настурцыі, петуніі, гладыёлусы, вяргіні — гэта далёка няпоўны пералік усіх складнікаў кветкавай мазаікі каля дома жыхаркі Гарадзеі Ірыны Казіміраўны Качура. І вельмі радасна, што такія гаспадары ў нас ёсць, і ім ёсць каму перадаваць свой вопыт і любоў да роднай зямлі, якая менавіта так і нараджаецца — са свайго двара і сваёй брамкі, за якой пачынаецца дарога ў вялікі свет.

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Прыкладна з 1990-га года пачала сваё захапленне кветкамі жыхарка Гарадзеі, уладальніца трэцяга месца ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні па Гарадзейскім пасялковым Савеце за 2016 год Соф’я Станіславаўна Байцова, якая жыве ў пасёлку ў доме №8, кватэры 1, па вуліцы Вішнёвай. Участак перад вокнамі добрай гаспадыні ўвесь запоўнены самымі разнастайнымі кветкамі, і наўрад ці знойдзецца чалавек, які, праходзячы міма, не спыніцца, каб палюбавацца на гэту прыгажосць. Да выхаду на заслужаны адпачынак яна працавала на льнозаводзе загадчыкам гаспадаркі, затым — началь-нікам пажарна-вартавой службы, а зараз мае дастаткова часу на сваё любімае захапленне.

— Усё пачалося з двух кустоў руж, — расказвае Соф’я Станіславаўна. — Затым я пасадзіла яшчэ некалькі лілей, а затым спыніцца ўжо не магла — хацелася нечага новага і прыгожага ўсё больш і больш.

Зараз на яе ўчастку, акрамя амаль 100 кустоў руж, як чайна-гібрыдных, так і пляцістых, шмат клематысаў, лілейніку, цюльпанаў, гіяцынтаў, прымул, касачоў, вяргінь. Кветкавы дыван прадуманы так, каб адны прыгажуні змянялі другія і ў двары доўжылася амаль што вечнае лета, якое прыпыняюць толькі маразы.

Нядзіўна, што ў гасцях у матулі часта бываюць дочкі Вольга і Аліна, якім таксама падабаецца яе захапленне кветкамі. Яны ўжо стварылі свае сем’і, падарылі ёй трох унукаў, а гэта значыць, што працягваць добрую справу працавітай гаспадыні будзе каму.

Фотаздымкі прадастаўлены аддзелам архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.

Соф,я ЛЮБАНЕЦ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!