Важны канчатковы вынік

Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DSC06961

Першыя сто дзён дырэктарства Васіля Халопіцы

Нядаўна мінула сто дзён, як ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” ўзначаліў Васіль Мікалаевіч  Халопіца. Мы сустрэліся з маладым кіраўніком і распыталі, як яму працуецца на новай пасадзе.

— Васіль Мікалаевіч, якая Вам дасталася спадчына?

— 2016 год адкрытае акцыянернае  таварыства пад кіраўніц-твам заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Людмілы Георгіеўны Гутнік спрацавала з прыбыткам у 1мільён 552 тысячы дэнамінаваных рублёў, за 2015 год было 1 мільён 266 тысяч. Рэнтабельнасць гаспадарання — 25,4 % супраць 23,8 % у папярэднім годзе. Рэнтабельнасць прадаж у 2016-м — 17,5 %, у 2015-м — 14,8 %.

На момант майго прыходу ў гаспадарку фінансавае становішча яе было добрым. Яна нікому нічога не была павінна. Свабодныя сродкі ляжалі ў банку на дэпазіце. Бачна, што грашыма  тут не раскідваліся. Гэта дастойна, салідна. Было прыемна даведацца пра даны факт. Стала зразумела: працаваць ёсць з чым, не давядзецца нічога ні ў кога прасіць. Дзякуючы такому фінансаваму становішчу, таварыства своечасова падрыхтавала ўсю тэхніку да веснавой пасяўной кампаніі 2017 года, правяло яе без якіх-небудзь зрываў, збояў, цяжкасцей. У дастатковай колькасці куплялі гаруча-змазачныя матэрыялы, угнаенні, хімпрэпараты. Дакладна праведзеныя і наступныя работы — хімпраполка, падкормка. Своечасова падрыхтавалі корманарыхтоўчую тэхніку і фактычна  завяршылі першы ўкос шматгадовых траў.

Да майго прыходу  было закуплена ўсё для ўзвядзення новага будынку на 300 галоў буйной рагатай жывёлы на ферме “Прасці”. Мне трэба было працягваць справу. Правялі тэндар, які выйграла ААТ “Нясвіжская ПМК-23”. І як толькі сышоў снег, узяліся за будаўніцтва. На ўмовах субпадраду Слуцкая ПМК-225 хутка, за 12 дзён, зманціравала будынак. Далей работы працягваем гаспадарчым спосабам. Да 1 ліпеня аб’ект павінны здаць. Паставім там рамонтных цялушак.

Вядуцца таксама работы па праектаванні кароўніка з даільнай  залай, дзе будзе зманціравана ўстаноўка “Паралель” 2х16, на МТФ “Астроўкі”. З уводам гэтага аб’екта цяперашняе памяшканне бяспрывязнага ўтрымання жывёлы пераабсталюем пад сухастой і ўтрыманне хворых кароў.

Вось для гэтых мэт грошы з дэпазіту і будуць выкарыстаны.

Хачу адзначыць, што ў сельгаспрадпрыемстве і вытворчыя паказчыкі  нядрэнныя. Жывёлаводы атрымалі за 2016 год дастойныя вынікі. Надой малака на адну фуражную карову — 7883 кілаграмы — трэці паказчык па раёне. Ён на 179 кг вышэй за папярэдні год. Вал склаў 8486 тон — 102,2 %. Сярэднясутачная прывага адной галавы буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме дасягнуў 730 грамаў. Цяпер мая задача — так арганізаваць работу, каб гэтыя паказчыкі  замацаваліся і паступова раслі.

— Акрамя вытворчага будаўніцтва, ці надаяце ўвагу жыллёваму?

— Так. У Астроўках будуем сёлета два жылыя дамы. Увядзём іх да 1 жніўня.

Пераконваюся, што жыллёвае пытанне  было асноўным на вёсцы, мусіць, яно і застанецца. Прывяду такі факт. Адначасова са мной у “Нясвіжскія Астроўкі” прыйшоў працаваць малады чалавек, механізатар Максім Гушчэня. Ён належным  чынам зарэкамендаваў сябе падчас нарыхтоўкі кармоў, трамбаваў сянажную масу ў траншэі. Але нядаўна перайшоў у СВК “Гара-дзея” — там яму далі дом. Шкада, бо і работа ў яго ладзілася, і ў калектыве нашым адносіны склаліся добрыя.

— А якое ў Вас склалася ўражанне пра калектыў? Спецыялістаў, радавых рабочых?

— Лічу, што першае ўражанне — самае правільнае. Галоўныя спецыялісты знаходзяцца на сваіх месцах. Работа іх была  адладжана, яны ведаюць вытворчасць.

Вельмі дакладна, прыгожа  плануе работу агранамічная  служба: галоўны аграном Аляксей Яраслававіч Грох, хімік Аляксандр Мікалаевіч  Чудук, брыгадзір Леанід Міхайлавіч Яцкевіч, насеннявод Галіна Валянцінаўна Гудына. Паблажак не даюць ні сабе, ні падначаленым. Таму зладжана прайшла пасяўная  кампанія, вядзецца ўвесь шлейф астатніх палявых работ.

У жывёлагадоўлі вядучую ролю адыгрываюць галоўны заатэхнік Галіна Віктараўна Рыбалтоўская і галоўны ветурач Генадзь Валянцінавіч Шпілеўскі. Яны вельмі дысцыплінаваныя і патрабавальныя  — як да лю-дзей, так і да сябе. Не лічацца з асабістым часам, калі ўзнікае патрэба. З людзьмі знаходзяць агульную мову, указваюць ім на недахопы, калі ёсць такія, хваляць, калі заслужылі.

Галоўны інжынер Сяргей Яўгенавіч Шарапа, які раней працаваў загадчыкам майстэрняў у гэтым жа сельгаспрадпрыемстве, — сам чалавек дысцыплінаваны і ў арганізацыі работ, у падтрыманні дысцыпліны — на сваім месцы.

Цяпер хачу расказаць пра рабочых. Пра тых, хто дабіваецца высокіх паказчыкаў, працуючы добрасумленна. Іх, самых лепшых, і запомніў хутка, бо яны — на віду, на самых адказных участках. Напрыклад, прозвішча аператара  машыннага даення з фермы “Астроўкі” Галіны Міхайлаўны Валуевіч прагучала і на раённым, і на абласным, і на рэспубліканскім узроўні — як высокапрафесійнага майстра сваёй справы. Яна на рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства аператараў заняла чацвёртае месца ў сваёй узроставай групе. Гэта ж нядрэнна! Галіна Валуевіч і сёння трымае першынство ў гаспадарцы сярод сваіх калег. За 5 месяцаў надаіла ад каровы па 3950 кілаграмаў малака. За ёю ідуць аператары МТФ  “Малінаўка” Таццяна Сцяпанаўна Яцкевіч, Галіна Іванаўна Таратута, Алена Міхайлаўна Жук.

Сярод механізатараў варта адзначыць Уладзіміра Васільевіча Шыманскага, які на агрэгаце “Раса” КАСам падкормліваў ранняй вясной азімыя культуры. За дзень даваў 130—140 гектараў. На сяўбе яравых збожжавых у дзве змены працавалі на трактары “Джон Дзір” з сеялкай “Амазоне” Аляксандр Пятровіч Сукала і Яўген Яўгенавіч Ватазін. Работа ў полі ішла з шасці раніцы да гадзіны ночы. Засявалі  за гэты час 80 — 90 гектараў. На ўнясенні арганікі зарэкамендавалі  сябе Уладзімір Мікалаевіч Жэрка і Аляксандр Феліксавіч Ражкоў. Кожны ўносіў за дзень па 500 — 550 тон кампостаў. Гэта касцяк калектыву механізатараў. Але не хацелася б крыўдзіць і астатніх, бо ўсе старанна працавалі. Напрыклад, Віталь Аляксандравіч Манулік  на малой, 3-мятровай, сеялцы засяваў за дзень 20-21 гектар. І гэта вельмі добра. Такім людзям не шкада за іх дастойную працу заплаціць і дастойныя грошы.

Сяўбой цукровых буракоў  займаліся Андрэй Мікалаевіч Матусевіч і зноў жа Аляксандр Сукала. Апошняму даверылі сеялку, на якой дагэтуль не працаваў. І ён справіўся з заданнем. На корманарыхтоўцы вызначыліся Уладзімір Шыманскі на КГ-6 і Аляксандр Сукала на “Ягуары”. За дзень яны здрабнялі і адпраўлялі ў траншэю 600 — 700 тон правяленай травяной масы.

Ёсць, ёсць у нас умелыя працаўнікі, універсальныя трактарысты, якія  могуць перасесці на любы агрэгат і высокапрадукцыйна выканаць даручаную работу.

Трэба сказаць і пра людзей старой загартоўкі. Аляксандр Яўгенавіч Чыркун і Мікалай  Віктаравіч Кішко  на закрыцці вільгаці ў глебе выдавалі такія вынікі!  Культывавалі  за дзень па 40 — 42 гектары кожны 6-мятровымі культыватарамі на трактарах МТЗ-1221 і МТЗ-1523. А з іх бярэ прыклад моладзь. Так, Анатолю Іванавічу Чыркуну без розніцы — працаваць на МТЗ-82 ці МТЗ-1221, уносіць мінеральныя  тукі ці арганіку. Ён з усім спраўляўся. А ўсю зіму на кормараздатчыку карміў жывёлу. Мы прынялі рашэнне прымяніць яго ўменне і адказнасць  на хімічнай ахове пасеваў. І вось Анатоль, навічок, ніколькі не ўступіў ні ў працавітасці, ні ў адказнасці, ні ў акуратнасці Яўгену Ватазіну — вопытнаму механізатару на хімахоўных работах. Нягледзячы на маладосць, юнак тэхнічна вельмі граматны, да тэхнікі адносіцца беражліва.

Так што працаваць ёсць з кім і цяпер, і ў перспектыве. Калі чалавек займаецца любімай справай, то ў яго ўсё будзе атрымлівацца выдатна. А мы ж усе працуем на канчатковы вынік, і не проста добра “вал” хочам бачыць наперадзе, а належныя эканамічныя і фінансавым поспехі.

— У каго Вы вучыцеся ўменню кіраваць?

— У ААТ “Юшавічы”  23 гады быў побач з сённяшнім дырэктарам Алегам Сцяпанавічам Вінаградам. Спачатку я 18 гадоў працаваў загадчыкам фермы. Ён — галоўным заатэхнікам. Потым я пяць гадоў узначальваў заатэх-нічную галіну акцыянернага таварыства. Быць побач, разам працаваць, глядзець, абмяркоўваць, прымаць рашэнні, праводзіць іх у жыццё — гэта і ёсць вучоба.

Спачатку ў маім падначаленні знаходзіўся калектыў МТФ “Затур’я” — 40 чалавек. Затым — калектыў работнікаў жывёлагадоўлі (70 — 75 чалавек). Калі я ў 1994 годзе прыйшоў на ферму, ад каровы ў “Юшавічах” у сярэднім даілі каля 3 тысяч кілаграмаў малака. За 2016-ы — больш за 7600. Прадуктыўнасць вырасла больш чым у 2 разы. Значыць, нездарма працаваў. Асабліва многа ўвагі ўдзяляў новай рабатызаванай ферме “Затур’я № 2”, калі асвойвалі з аператарамі даення тэхналогію, прывучалі да робатаў кароў.

Цяпер кірую калектывам цэлага сельгаспрадпрыемства, у ім — 210 чалавек. Лёс прыпаднёс мне такі адказны момант, даў магчымасць выпрабаваць свае веды і сілы, прымяніць набыты вопыт на больш высокім узроўні.

— Калі кіраўніцтва раёна прапанавала Вам узначаліць “Нясвіжскія Астроўкі” пасля таго, як іх дырэктар Людміла Георгіеўна Гутнік пайшла  на заслужаны адпачынак, да каго прыйшлі па параду?

— Спачатку — да Алега Сцяпанавіча Вінаграда. Ён сказаў: “Ідзі”. Другой была мая  мама — жанчына мудрая і разважлівая. Яна параіла: “Калі прапануюць — аказваюць давер. Згаджайся”.

На жаль, напрыканцы мая нашай матулі не стала. Я ўдзячны ўсім, хто падтрымаў маю сям’ю ў гэты цяжкі час.

— Васіль Мікалаевіч, як складваецца нарыхтоўка кармоў у сувязі з не вельмі спрыяльнымі  для траў і іншых культур умовамі надвор’я?

— З-за халоднага мая травы аказаліся зрэджанымі. Сёлета з першага ўкосу нарыхтавалі сенажу меней, чым летась. Добры травастой быў толькі на перазалужаных у 2016 годзе ўчастках. Пасля ўборкі шматгадовых траў угоддзі падкормлены азотам, чакаем другога ўкосу. Будзем убіраць аднагадовыя — райграс, злакава-бабовыя. Запас кармоў патрэбен належны.

Пад ураджай 2018 года  паспрабуем пасеяць азімую свірэпіцу і азімы рапс. Мы ўжо абмеркавалі з аграномам гэты аспект.

Для нарыхтоўкі сенажу ў рулонах у поліэтыленавай плёнцы купілі ў канцы мая прэс-падборшчык маркі “Ф’южэн”. Летась пазычалі яго ў СВК “Гарадзея” — засталіся вельмі задаволеныя, бо паядаемасць корму была высокай. Па-другое, з такім агрэгатам вельмі зручна  ўбіраць траву на невялікіх участках. Здараецца, трэба нарыхтаваць тон 150 — 200 сянажнай масы — калі ласка, няма неабходнасці думаць пра траншэю.

— Актуальная цяпер тэма — працаўладкаванне грамадзян…

— Мы працаўладкавалі сёлета каля 25 чалавек па дагаворы найму. Хтосьці дагэтуль не працаваў два гады, хтосьці — тры, а то і дзесяць. Даручылі ім наводзіць парадак на зямлі — удаляць хмызнякі, прыбіраць несанкцыянаваныя звалкі смецця. Ведаем, што высокай прадукцыйнасці працы ад іх не атрымаем, таму  вырашылі браць масавасцю, бо аб’ёмы работы выконваць трэба.

— Васіль Мікалаевіч, нядаўна прайшла міжнародная выстава “Белагра-2017”. Ведаю, што рабочыя і спецыялісты вашай гаспадаркі арганізавана наведвалі яе па чарзе тры дні. З якімі ўражаннямі яны (і Вы — таксама) вярнуліся з яе?

— Паколькі завезці ўсіх жадаючых мы не маглі, выбіралі тых, хто заслужыў у першую чаргу — па выніках працы, па дысцыплінаванасці. Напрыклад, механізатараў галоўны інжынер падбіраў так: самых вопытных, каб паглядзелі на навінкі, на тое, як рушылі ўперад тэхналогіі, і маладых, каб ведалі, на чым яны будуць працаваць у недалёкай перспектыве. Была такая здаровая канкурэнцыя. Але ж у наступным годзе “Белагра” зноў пройдзе, і можна будзе трапіць на яе, папрацаваўшы як след на сваіх рабочых месцах.

Памятаю, калі я ўпершыню паехаў на  выставу. Узнікла адчуванне свята, якое нават нельга  перадаць словамі. Ім трэба  пранікнуцца, пахадзіць па ўсіх радах, паглядзець на шматлікія  экспанаты. Пацікавіцца, чаго дабілася Рэспубліка Беларусь, убачыць, што мы ў перспектыве атрымаем на свае палі і фермы, пераканацца, як далёка ўперад зрабіў крок навуковы прагрэс.

Нашы работнікі былі задаволены наведваннем такога маштабнага мерапрыемства. Сапраўды, шмат чаго пабачылі. Я ж прыглядваўся да энерганасычанага трактара МТЗ-3522. У гаспадарцы ўзнікла патрэба ў новай магутнай тэхніцы, заробім грошай і купім. Вось такія ў нас планы.

Інтэрв’ю правяла Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.