Калі душа гаворыць вершам…

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

умные книги

У Бабруйску ўбачыў свет дэбютны зборнік паэткі Лілеі Касцян пад назвай “Аловак святла”. Наш зямляк, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Бруй, які ажыццявіў рэдагаванне гэтай кнігі, назваў яе вершы голасам шчырай і неабыякавай да навакольнага свету душы, своеасаблівым прыкладам лірычнай паэзіі. Яны  адметныя тым, што ў цэнтры ўвагі аўтаркі знаходзяцца вечныя пытанні, звязаныя з сэнсам жыцця, набліжэннем чалавека да вечнасці:

Сэрцам на калені ўстану ды заплачу,

Кепскага нямала ў сваім сэрцы  бачу.

Я схілюся долу, Божа, дай мне сілу,

Каб мне з гэткім сэрцам не сысці

ў магілу.

Навучы, мой Божа, як мне асвяціцца,

Хай душы балючай рана загаіцца,

Каб любоў і радасць напаўнялі сэрца,

Ды каб мог хто іншы ля мяне сагрэцца.

Глыбока кранальнымі падаюцца радкі з апісаннем хараства роднай прыроды, успамінамі дзяцінства:

Над хатамі дымок бруіць,

Ды пад нагамі снег рыпіць.

Прыгожы маладзік рагаты

Дарогу свеціць нам да хаты.

Той дзіўнай ночы хараство

Глыбока ў сэрцы залягло,

Заўжды, як бачу зоркі ноччу,

Па небе я ў дзяцінства крочу.

З глыбокай занепакоенасцю паэтка гаворыць пра стан роднай мовы:

Няма беларусаў без роднае мовы…

За здраду прысуд быў заўсёды суровы.

Мы моваю продкаў сваіх пагарджаем,

Чужыя мы ведаем, роднай не знаем.

Але яна ў полі і ў лесе гучыць,

Бо мову зямлі немагчыма забіць,

Маліліся моваю продкі за нас,

Што ведалі Божы закон у свой час.

Маліцеся, людзі, аб роднае мове,

Па нашай зямлі

хай пакрочыць ў абнове,

Крынічкаю звонкаю хай загучыць,

Як чысты вясновы

струмень, зазвініць.

Бог птушкам даў мову, яны не мяняюць,

Салоўкі варонамі не заспяваюць.

Уласную мову даў кожнаму Ён,

Каб не будавалі мы зноў Бабілон.

Няма сумневу, што кожны, хто праз “Аловак святла” пазнаёміцца з творчасцю Лілеі Касцян, перажыве прыемныя моманты асабістага дакранання да духоўных вышынь, якія часам хаваюцца за шэрай будзённасцю і кампутарным рацыяналізмам сучаснага жыцця.

Ігнась АДАМСКІ.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.