Красамоўны паліфон “Каліёпа” ў Нясвіжскай Ратушы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

полифон

У сектары па навукова-экскурсійнай рабоце “Ратуша” Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” экспануецца рэдкі механічны музычны прыбор-паліфон, які атрымаў назву ў гонар красамоўнай грэчаскай багіні Каліёпы — музы эпічнай паэзіі, навукі і філасофіі. Прызначаны ён для здымання гукаў музычных твораў з металічных дыскаў. Назва “паліфон” паходзіць ад грэчаскага слова “паліфанія”, што азначае  “шматгалоснасць”. Гучанне механізма нагадвае ігру на клавесіне з металічным адценнем.

Механічныя прыборы вядомыя яшчэ з XVI стагоддзя. Але сусветную папулярнасць яны набылі  пасля таго, як нямецкі інжынер Паўль Лохман з Лейпцыга прапанаваў новы гуказдымальнік — металічны дыск з зубчыкамі. Дыскавыя аўтаматы Лохмана шырока выпускаліся з 1886 года. У народзе іх называлі “музычнымі шафамі”, “музычнымі скрынямі”. Лейпцыг стаў цэнтрам музычнага інструментальнага майстэрства. Менавіта тут з’явіліся новыя фірмы па вытворчасці дыскавых машын. Найбольш буйнымі з іх былі “Паліфон” і “Сімфаніён”. Новыя механічныя прыборы атрымалі аднаіменныя назвы — паліфоны, сімфаніёны — і пачалі заваёўваць рынак.

Дадзены паліфон створаны ў канцы ХІХ стагоддзя ў Германскай імперыі. Складаецца ён з ніжняй шафы для захоўвання дыскаў і верхняй шафы з музычным мехнізмам. Ніжняя шафа ўстаноўлена на круглых ножках. Дзверца трымаецца на ніжніх завесах, па баках фасада ўпрыгожаная рознымі накладкамі ў выглядзе паўкалон і ракайльных завіткоў. Зверху, над металічным дзяржаннем, знаходзіцца адтуліна замка. Унутры шафа падзелена фанернымі лістамі на сектары для захоўвання дыскаў. На стальніцы ўстаноўлена верхняя прамавугольная шафа, па баках аздобленая фігурнымі паўкалонамі. Дзверца — з упрыгожанымі разьбой верхнімі вугламі і аркападобным шклом, праз якое можна ўбачыць частку механізма і накладны дыск. Пры дзеянні механізма можна было сачыць за рухам дыска. Зверху шафа ўвянчаная патоўшчаным карнізам, упрыгожаным рознымі вертыкальнымі палосамі паабапал надпісу “Kalliope”. Франтон паўкруглы, зверху і па баках аздоблены рознымі урнамі.

Паліфон дзейнічае пры абаротах металічнага дыска з перфараваным краем, па ўсёй паверхні якога выбіты штыфты ў адпаведнасці з аранжыраваным творам. Дыск пры абаротах зачэплівае штыфтамі зубцы грабёнкі, тым самым прыводзячы ў дзеянне смычкі, якія адкрываюць доступ паветра да труб, у выніку чаго ўзнікае гук. У дзеянне паліфон прыходзіў пры дапамозе заводу спружыны абаротамі рычага.

Цікавай асаблівасцю з’яўлялася тое, што прыбор мог быць і аўтаматычным: заведзеная спружына пачынала раскручвацца пасля апускання манеты ў адпаведную адтуліну. На бакавой панэлі дадзенага паліфона ёсць адтуліна для манеты і металічная накладка, на якой указана вартасць манеты: “Einwurf 10 Pfennig” (Кідок 10 пфенінгаў).

Падобныя механізмы набылі папулярнасць у карчмах, рэстаранах, розных забаўляльных установах, у побыце заможных людзей.  Рэпертуар складаўся з перазвонаў, найгрышаў, бытавой і забаўляльнай музыкі — модных песенек, танцаў, п’есак, а таксама асобных нумароў з папулярных опер, аперэт і інш. Выкананне музыкі насіла механістычны, пазбаўлены выразнасці і мноства адценняў характар, бо паступовае ўзмацненне ці паслабленне гучання было немагчымым.

Да паліфона “Каліёпа” захавалася 39 металічных дыскаў з папулярнымі ў ХІХ стагоддзі музычнымі творамі. Гэта вальс “Над хвалямі”, напісаны мексіканскім кампазітарам Хувенцінам Росасам, “Карнявільскія званы”  — трэцяя аперэта Р. Планкета, “Сельскі гонар” — опера П’етра Масканьі, “Цар і цясляр” — нямецкая камічная опера 1837 г. кампазітара Альберта Лорцынга, “О Святая ноч” — знакамітая калядная песня кампазітара Адольфа Адама, якая выконваецца традыцыйна падчас начной каляднай імшы ў каталіцкай царкве, вядомая мексіканская песня “Галубка” кампазітара Себасцьяна Ірадзьера, марш “Вашынгтон пост”, напісаны ў 1889 годзе Джонам Філіпам Сузам, вальсы “Гейша”, “Валацуга”, “Дунайскія хвалі”, “Кэк Вок” — пірожнае шэсце (танец з тортам) — фанабэрысты танец неграў з паўночна-амерыканскага поўдня.

Людміла ЖУК,

малодшы навуковы

супрацоўнік  ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.