Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Рака жыцця — шырокая рака

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 1

Пост опубликован: 21.07.2017

DSC00180

Гэта параўнанне адразу ўсплывае ў свядомасці, калі сустракаешся з такімі людзьмі, як несвіжанка Клаўдзія Дзянісаўна Лосева, якая ўчора адзначыла свой 90-гадовы юбілей. Выдатная настаўніца рускай мовы і літаратуры, улюбёная ў сваю справу, яна запаліла агеньчык любові да прыгожага, светлага і вечнага ў сэрцах многіх сотняў дзяцей, якім пашчас-ціла ў яе вучыцца. 43 гады жыцця Клаўдзія Дзянісаўна аддала школе, ніколі не пашкадаваўшы аб гэтым.



Нарадзілася гераіня гэтага аповеду ў Мінску, там паспела закончыць 6 класаў, але, калі пачалася вайна, сям’я пераехала ў Нясвіж, дзе жыў брат бацькі. Вырашылі, што ўсім разам будзе спакайней. У ваеннае ліхалецце перажылі ўсякага, не заўсёды можна было вучыцца, і школу — Нясвіжскую беларускую (зараз СШ №1 г. Нясвіжа) — будучая настаўніца закончыла толькі ў 1947-м годзе, у 20 гадоў. Адразу паступіла ў медінстытут, але, падумаўшы, што не вытрымае асаб-лівасцей прафесіі ўрача, змяніла рашэнне і паступіла ў той жа год на трэці паток у Белдзяржуніверсітэт (на той час імя Леніна) на філалагічны факультэт. Тады яго дыплом даваў права выкладання і рускай, і беларускай мовы і літаратуры.

І зараз Клаўдзія Дзянісаўна з вялікай удзячнасцю і пашанай узгадвае сваіх выкладчыкаў, сярод якіх былі вялікія беларускія пісьменнікі — Іван Мележ, Іван Шамякін, у якога, дарэчы, яна пісала сваю дыпломную работу. Як губка, упітвала веды па абедзвюх мовах, захаплялася замежнай літаратурай, рускай літаратурай ХІХ стагоддзя, філасофіяй, без ведання асноў якой нельга лічыць сябе глыбока адукаваным чалавекам. А на цяжкасці пасляваеннага жыцця не звяртала асаблівай увагі.

— Ну і што, — паціснула плячыма мая суразмоўца, — што трэба было хадзіць ва ўніверсітэт у маміным паліто і татавых туфлях? Я магла вучыцца — і гэта было галоўным!

На апошнім курсе Клаўдзія Дзя-нісаўна выйшла замуж за Івана Іванавіча Лосева, таксама педагога, гісторыка, які прайшоў франты Вялікай Айчыннай і застаўся інвалідам, аднак гэта не перашкодзіла яму любіць сваю работу і вучняў. У 1952 годзе сям’я Лосевых прыехала ў Нясвіж, у тым жа годзе нарадзілася іх старэйшая дачка Наталля. Праз 4 гады на свет з’явіўся сын Дзмітрый. Напачатку Клаўдзія Дзянісаўна крыху папрацавала ў вячэрняй школе, але абсалютная большасць яе працоўнага шляху засталася звязанай з яе роднай школай — першай няс-віжскай. Тут яна заваявала любоў і давер вучняў і бацькоў, аўтарытэт у калег і кіраўніцтва, тут атрымала званні “Выдатнік народнай асветы БССР” і “Выдатнік асветы СССР”.

— Дзеці мяне ніколі не падводзілі, — падзялілася ўспамінамі Клаўдзія Дзянісаўна. — Калі нехта з кіраўніцтва прыходзіў на ўрок, падымаўся лес рук, яшчэ большы, чым звычайна. Так было, і калі на адным з урокаў прысутнічаў міністр адукацыі Бсср Кісялёў. Пасля гэтага ўрока мне далі званне “Выдатнік народнай асветы БССР”.

На пытанне, у чым жа галоўны сакрэт педагагічнага поспеху, мая суразмоўца адказала, што асаблівага сакрэту яна не ведае. Проста кіравалася прынцыпам: “Дзеці павінны самі выказваць сваё меркаванне аб тым, што яны прачыталі”. А для таго, каб было што выказваць, яна загадзя рыхтавала для іх пытанні, і на ўроках разгараліся сапраўдныя дыспуты, дзе школьнікі спрачаліся да хрыпаты і нікому не было сумна.

А яшчэ вопытная настаўніца ўзгадала, што ніколі не спрачалася з вучнямі.

— Аднойчы, ужо ў часы перабудовы, — з усмешкай расказала яна, — адзін мой старшакласнік заявіў, што не будзе разбіраць “Паднятую цаліну”. Што там, маўляў, тыя камуністы, не хачу пра іх чытаць! Я адказала: “Добра. Бяром на разгляд другі твор Шолахава — “Ціхі Дон”. Так будзе яшчэ лепш”. Той пагля-дзеў на два аб’ёмныя тамы “Ціхага Дону” і сказаў: “Не. Давайце ўжо “Паднятую цаліну”. На гэтым спрэчка скончылася.

Магчыма, некаторыя скажуць, што тады былі другія часы, другія вучні і г.д. Аднак ніхто не будзе спрачацца з  тым, што ва ўсе часы былі і ёсць педагогі, на ўроках якіх у дзяцей гараць вочы і яны гатовы, цягнучы руку для адказу, літаральна выскачыць з-за парты, і такія, у якіх усё наадварот. І няма на гэта ні яснага адказу, ні дакладнага рэцэпта, ёсць толькі талент, дадзены ад Бога такім настаўнікам, як Клаўдзія Дзянісаўна, у якой сотні юных несвіжан і дзяцей з прылеглых вёсак навучыліся двум важнейшым уменням адукаванага чалавека — думаць і гаварыць.

Асмелюся выказаць меркаванне, што мая суразмоўца ўмела здзіўляць вучняў, і гэтым прыцягвала іх увагу, таму што здзівіць яна можа і зараз. Ці многа хто пахваліцца тым, што мае сваім любімым паэтам Маякоўскага і памятае яго радкі, прысвечаныя моладзі:

Смотрите на мир без очков и шор,

Глазами жадными цапайте

То, что у нас хорошо

И что хорошо на Западе?

Клаўдзія Дзянісаўна і зараз памятае ўсяго “Яўгенія Анегіна”, усе байкі Крылова, захапляецца народнай мудрасцю.

— Жыві па народных прыказках, — кажа яна, — і будзеш самым разумным.

А любімая яе прыказка — “Без труда не вытянешь и рыбку из пруда” — гаворыць сама за сябе.

Сапраўды, даць нешта іншым можа толькі той, у каго гэта “нешта” ёсць, і ёсць з ліхвою. І сёння былая настаўніца па праве ганарыцца многімі сваімі вучнямі, якія прынялі шчодрыя дары яе душы і розуму, узбагаціўшы гэтым свой унутраны свет. Так, пераняла эстафету сваёй настаўніцы і зараз выдатна выкладае рускую мову і літаратуру ў Нясвіжскай гімназіі яе любімая вучаніца Іна Жаўнерчык (зараз Хаван-ская), сталі добрымі прафесіяналамі ў сваіх галінах Ядвіга Базан (настаўнік біялогіі), Уладзіслава Курбыкава (настаўнік матэматыкі), Валянціна Радзічэнка (вядомы далёка за межамі нашага раёна адвакат) і многія іншыя, чые прозвішчы не змесцяцца ў адным газетным артыкуле.

Увогуле, падчас нашай гутаркі давялося пачуць ад Клаўдзіі Дзянісаўны вельмі шмат цёплых, добрых слоў не толькі пра яе вучняў, але і пра былых калег, пра суседзяў, якія заўсёды прыходзяць на дапамогу, і, вядома, пра ўласных дзяцей і ўнукаў.

— У жыцці бывала ўсякае, 16 гадоў таму пайшоў з жыцця галава сям’і Іван Іванавіч, і маё здароўе ўжо, вядома, не можа быць ідэальным, — сціпла зазначыла мая суразмоўца, — але мне заўсёды хацелася жыць дзеля маёй сям’і, дзеля дзяцей і ўнукаў. Яны для мяне — усё, мая радасць, мой гонар.

І сапраўды, дзеці Лосевых сталі іх добрым працягам: Наталля скончыла школу з залатым медалём, затым — архітэктурны інстытут, працавала ў Мінскпраекце. Зараз ужо сама знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але яшчэ працуе бухгалтарам у адной з устаноў Мінска. Яна падарыла бацькам унука, а ён ім у сваю чаргу — праўнука. Дзмітрый скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (зараз — БНТУ), жыве і працуе ў Львове, дзе з’яўляецца дырэктарам і сузаснавальнікам фірмы “Цеплаэлектрапраект”, па праектах якой будуецца і рэканструіруецца шэраг цеплавых і атамных электра-станцый ва Украіне, Расіі, Іране, Індыі. У яго ёсць сын і дачка, сын ужо падарыў бацькам унучку, а бабулі — праўнучку.

Напэўна, гледзячы на здымак Клаўдзіі Дзянісаўны, многія падумаюць, ці не памыліліся мы з лічбай 90 — столькі немагчыма даць на выгляд гэтай сціплай, мудрай і вельмі абаяльнай жанчыне. І гэта, магчыма, таму, што да паняцця “прыгажосць” у яе сваё, асаблівае, стаўленне.

— Ёсць выраз “Прыгажосць выратуе свет”, — гаворыць Клаўдзія Дзянісаўна. — Я з ім не згодна. Свет выратуе дабрыня. А прыгажосць — хіба, калі яна ўнутраная. Пустая ж, знешняя прыгажосць можа толькі разбурыць свет.

І з  гэтым нельга не згадзіцца, як нельга не слухаць з цікавасцю і іншыя разважанні гэтай мудрэйшай настаўніцы, якую неяк нават не хочацца называць “былой” — так многа яна яшчэ можа даць людзям, многаму навучыць.

Таму, напэўна, і збіраецца ў юбілейны дзень у такім вялікім складзе яе шматлікая радня з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі — каля яе, як у ясны дзень каля вялікай цёплай ракі  — і добра, і светла, і спакойна.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!