“Усё яшчэ наперадзе”

концерт

Такімі жыццесцвярджальнымі  словамі закончыўся канцэрт у      нядзелю ў парку. Перад несвіжанамі і гасцямі  горада выступалі  аматарскія калектывы  Грыцкевіцкага і  Карцэвіцкага сельскіх  дамоў культуры.

Іх праграмы  былі  складзены з улікам  розных  жанраў: грамадзянская і любоўная лірыка, гумар, жарты. Што хачу адзначыць у першую чаргу: з кожным разам выступоўцы паказваюць узоры творчага росту, выканаўчага  майстэрства,  дзякуючы добрым вакалам і цікавым  сцэнарыям.  У прыватнасці,  пры Грыцкевіцкім СДК створаны ансамбль песні “Суседзі”, у выкананні якога прагучалі  душэўныя  песні “Ой, сад”, “Цераз рэчаньку”, “Рабіна” ды  іншыя. Парадавалі гледачоў і салісты Таццяна Шарамет, Ілья Антановіч, Юрый Кабяк.

Карцэвіцкія самадзейныя артысты  маюць выдатныя галасы, такія, як у Карыны Шумейка, Галіны Молчан, Вікторыі  Гадун. Адметны і прыемны факт, што ў СДК ёсць драмгурток, у якім удзельнічаюць і школьнікі: весялілі жартоўнымі сцэнкамі  Вольга Каліноўская,  Дзмітрый Бязушка, Вікторыя Іванова і  Дзіяна Гегеня.

Цікавы і наступны момант — Галіна і Каця Молчан выканалі  ўкраінскую песню “Адна каліна”, а дзяўчынка была апранута ў прыгожую  сукенку-вышыванку. Унесла разнастайнасць у канцэртную праграму  Ірына Крыварот, якая  чытала гумарэскі “Мужыкі за рулём” і “Вінегрэт”.

Па рэакцыі  слухачоў было відаць, што канцэрт  ім падабаецца, ды і месцы ўсе былі занятыя  ў “глядзельнай зале”. А прахожыя, несвіжане і госці нашага горада, фатаграфавалі артыстаў. Між іншым,  і цёмнаскурыя турысты  зрабілі  здымкі на памяць, гэта значыць, што беларускіх выканаўцаў пабачаць і ў далёкім замежжы.  І яшчэ адзін нюанс: як толькі закончыўся канцэрт, пляцоўка перад сцэнай апусцела. Значыць, людзі ішлі спецыяльна, каб паслухаць добрыя песні і жарты. Артыстаў  чакаюць, а што можа быць лепш для іх.

У наступную нядзелю вас  парадуюць  аматарскія  калектывы  іншых сельскіх  дамоў  культуры.

Раіса  ХВІР,

г. Нясвіж.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.