Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

Добрае суседства, або Жыццё ў гармоніі з прыродай

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Нядаўна ў рэдакцыю газеты звярнуўся жыхар Нясвіжа Мікалай Барысавіч Віхор, каб на старонках “Нясвіжскіх навін”  падзякаваць работнікам  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях  за добрую справу.

Як высветлілася, выратавальнікі дапамаглі аднавіць буслянку, якую разбурыў вецер.

Буслы ў любога чалавека вы-клікаюць  самыя станоўчыя эмоцыі. Гэта сімвал беларускага краю, пра які  складзена многа легендаў і паданняў, птушка сонца, сімвал новага жыцця.



Больш за сорак гадоў  назад адбылося блізкае знаёмства Мікалая Барысавіча з яго бусламі. Тады малады 25-гадовы мужчына і не думаў, што душою і сэрцам прырасце да гэтай  дзіўнай прыгожай птушкі, для якой у двары сваёй  цешчы — Клаўдзіі Іванаўны Валявач, што жыла ў Старых Навасёлках, — пабудаваў  на вялікай ліпе буслянку. Пазней, калі старое дрэва паваліў вецер, гняздо прыладкавалі на слупе. Бетонныя пасынкі і звараныя паміж сабой пруты замацаваць на вышыні  дапамог тады знаёмы трактарыст. З тае пары і жылі гэтыя сонечныя птушкі побач з людзьмі.

М.Б. Віхор, сустрэўшыся ў рэдакцыі газеты  з Л.Л. Фраймовічам, яшчэ раз выказаў  падзяку  выратавальнікам. У сваю чаргу,  прадстаўнік РАНС падзякаваў   неабыякаваму і ўважліваму чалавеку  за добры  ўчынак у адносінах да прыроды

М.Б. Віхор, сустрэўшыся ў рэдакцыі газеты
з Л.Л. Фраймовічам, яшчэ раз выказаў
падзяку выратавальнікам. У сваю чаргу, прадстаўнік РАНС падзякаваў
неабыякаваму і ўважліваму чалавеку
за добры ўчынак у адносінах да прыроды

Пайшла з жыцця Клаўдзія Іванаўна. Дом застаўся пад дачу, але сям’я Віхор не перастае радавацца птушынаму клёкату, што раздаецца ў вышыні на ўсё наваколле. Птушкі  прыцягваюць увагу ўсіх, хто едзе або ідзе мімаходзь, некаторыя вадзіцелі  спыняюцца, каб паназіраць за клопатамі даўганогіх, некаторыя  робяць фотаздымкі.

Усіх радуе бусел. Магчыма, таму выклі-кае ён такую цікавасць і павагу, што гэта птушка вельмі  клапатлівая ў адносі-нах да сваіх птушанят. Бусел варочаецца ўвесну з выраю першым і пачынае аднаўляць  гняздо. Пакуль прыляціць яго  другая палавінка, ён ужо падрамантуе і падладзіць буслянку для жытла і выседжвання птушанят, якіх маці і бацька з асаблівай пяшчотай выседжваюць па чарзе, саграваючы сваім цяплом. Бусел можа служыць прыкладам чалавеку, бо ніколі не пакіне сваё  дзіця — з дзюбы накорміць, захіне яго крылом ад дажджу, сонца і ветру…

Да таго ж бусел — асцярожная, але даверлівая птушка, селіцца каля чалавечага жытла, мабыць, спадзеючыся на дабро. І людзі, звычайна, адказваюць ёй дабром.

Мікалай Барысавіч з удзячнасцю расказаў, што ўсе, да каго ён звяртаўся — ад прадстаўнікоў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя да  раёна электрычных сетак — ішлі насустрач, каб дапамагчы белым буслам, якія трапілі ў бяду. Пра апошні выпадак, калі прыйшлося звярнуцца да выратавальнікаў, М.Б. Віхор расказаў наступнае:

— У тую пятніцу быў моцны вецер, які і нарабіў шкоды. Мне патэлефанавала суседка па дачы, усхвалявана паведаміўшы, што на пшаніцу, пасеяную ў двары, упаў слуп з гняздом буслоў, дзе былі бусляняты. Я зразумеў, што патрэбна будзе  дапамога і спецыяльная тэхніка. У гэтым не адмовілі выратавальнікі. Адразу сустрэўся з начальнікам Нясвіжскага РАНС Віталіем Вячаслававічам Бокунам, які паабяцаў дапамагчы ў нашай справе. Далей сувязь трымалі з намеснікам начальніка РАНС  ЛеанідамЛеанідавічам Фраймовічам, і наша  сям’я ўпэўнілася, што з птушкамі ўсё будзе добра.

Умацаваўшы на новай імправізаванай  буслянцы гняздо, мы пасадзілі туды траіх напужаных бурай птушанят. Прыходзілася іх карміць, каб не аслабелі. Куплялі мойву, прытрымлі-ваючы дзюбы, праціскалі корм  праз сілу, бо тыя не разумелі, чаго ад іх хочуць. Пазней вярнуліся да птушак іх бацькі. Праз ты-дзень яны аднавілі  гняздо. Сёння птушаняты  выраслі і, расправіўшы крылы, кружаць над хатамі  вяскоўцаў. Хутка ў вырай.

Мінчанін Ваня —  унук Мікалая Барысавіча —   з даўганогім госцем

Мінчанін Ваня —
унук Мікалая Барысавіча —
з даўганогім госцем

Камандзір аддзялення ПАСЧ № 1 г. Нясвіж  старшы  прапаршчык унутранай службы У.У. Камера  і вадзіцель-сяржант унутранай службы А.П. Богдан (справа  налева) у час нясення службы працавалі на месцы здарэння  ў Навасёлках пасля штармавога ветру

Камандзір аддзялення ПАСЧ № 1 г. Нясвіж старшы
прапаршчык унутранай службы У.У. Камера
і вадзіцель-сяржант унутранай службы А.П. Богдан (справа
налева) у час нясення службы працавалі на месцы здарэння
ў Навасёлках пасля штармавога ветру

Як аказалася, гісторыя з бусламі для Мікалая Барысавіча не новая. Яму даводзілася  ратаваць птушак і раней. Колькі гадоў таму знайшоў ён падбітага бусла. Птушка не магла лятаць. Магчыма, трапіла ў правады ліній электраперадач. Усёй сям’ёй узяліся даглядаць бусліка. Забралі ў Нясвіж — расціралі параненую нагу спіртавым растворам, паілі, кармілі. Пазней завезлі ў вёску, каб буслік асвойваўся там на прыродзе.

— Нават вучылі лятаць, — расказвае з усмешкай мой суразмоўца. — Трымаю на вышыні за ногі яго, а потым  падкідваю, каб ён крылы  раскрываў і трэніраваў. Трымаў моцна, каб ён зразумеў, што ад яго хочуць людзі, не ўпаў і не траўміраваўся. Буслік аказаўся здольным і разумным. Такі мы яго выхадзілі. Помню, калі птушка паляцела ўпершыню, то яшчэ доўга заходзіла на кругі над хатаю, здавалася, дзякавала за ўсё…

Іншы раз людзі скардзяцца, што суседства з бусламі не вельмі зручнае, прыносіць многа клопату. Для нас — гэта сямейная птушка, тым больш, што яна ціхая, бо можа толькі клякатаць. Толькі тады, калі вецер галіны з гнязда скідае, дык збяром — і ўсё. А так і мы, і дзеці, і ўнукі любім назіраць, як птушкі падрастаюць, сталеюць, як бацькі з дзюбы пояць іх, пакуль яны маленькія.

Так праз усё жыццё Мікалай Барысавіч Віхор  і яго сям’я пранеслі любоў да сваіх белакрылых суседзяў, якія з году ў год вяртаюцца ў сваё жытло на Нясвіжчыну з далёкай Індыі ці Афрыкі, дзе зімуюць. Як і ўсе беларусы, мой суразмоўца ўспрымае бусла як сімвал краіны і, вядома, верыць у добрую прыкмету — калі  бусел вяртаецца на месца, якое яму спадабалася, ды яшчэ ў пары са сваёй спадарожніцай, вясковых жыхароў чакае радасная падзея, якая прадказвае нараджэнне дзіцяці. Дарэчы, пад буслянкай, каля хаты сям’і Віхор,  выраслі двое дзяцей, прыязджаюць чацвёра ўнукаў…

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!