Чалавек у кантэксце эпохі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Гэтыя радкі з’явіліся на свет таму, што ў мінулым годзе   ў мае рукі трапіла ладная кніга ў цвёрдай вокладцы.

дражын

…Залітае шчодрым сонцам жытнёвае поле. Золата збажыны аблямавана хваёвым пералескам, а над ім ужо віднеецца светлы блакіт неба і чародка белых аблокаў. Пасярэдзіне поля тры словы: “ЖИЗНЬ… ЛЮБЛЮ… БЕЗМЕРНО…” Злева ўверсе партрэт мужчыны сталых гадоў, пра што сведчыць сівізна і ледзь прыкметныя маршчыны. Пра-вільныя, злучаныя ў прывабны вобраз рысы твару. Чорны пінжак, белая кашуля і гальштук падкрэсліваюць няпростасць і значнасць асобы. Крыху пры-жмураныя  вочы як бы ўзіраюцца не ў аб’ектыў камеры, а імкнуцца процістаць сонечным промням, не ўхіліцца, а смела глядзець уперад, можа нават, у невядомую далёкую будучыню.

Не раскрываючы том, пераварочваю яго і бачу на тыльным баку вокладкі працяг той жа самай залатой збажыны, паласу хваёўніку і нябёсаў. Пасярэдзіне поля некалькі радкоў:

“Хотел бы дать только один совет моим детям, внукам, близким, друзьям и товарищам — преодолевать все невзгоды и продолжать свой путь, утешаясь,  что всё могло бы быть иначе, возможно, сложнее. В своей жизни я всегда следовал этому правилу, что помогало мне в любых обстоятельствах не терять способности радоваться и любить жизнь.

Владимир Дражин.”

Лёс і жыццё У.Н. Дражына — гэта шэраг яскравых сведчанняў і ілюстрацый не толькі яго асабістага жыццёвага шляху, але і старонкі навейшай гісторыі нашай краіны. З глыбокай сардэчнасцю ён піша пра сваіх бацькоў і сясцёр, родныя старадарожскія мясціны, радавод і паходжанне свайго прозвішча. Гэты раздзел аўтар выклаў на роднай мове. У сувязі з гэтым мне прыпамінаецца, з якім задавальненнем у першыя гады нашай незалежнасці і нацыянальнага адраджэння нясвіж-ская інтэлігенцыя ўспрымала выступы Уладзіміра Несцеравіча на прыгожай, граматнай беларускай мове.

Што найперш кінулася мне ў вочы, дык гэта тое, што, дзякуючы сваёй надзвычай вострай памяці, Уладзімір Несцеравіч з сардэчнай цеплынёй успамінае сотні людзей, якія ішлі побач з ім па жыцці, дапамагалі рашаць розныя праблемы, у выніку чаго непазбежна частае для  любога аўтабіяграфічнага твора ягонае “Я”  патанае сярод шматлікіх падзей і імён. У той жа час падаецца выключна ўдалым і абгрунтаваным усім зместам кнігі адзін з загалоўкаў — “Человек в контексте эпохи”.

У.Н. Дражын не прыхоўвае і не замоўчвае горкай гістарычнай праўды, калі распавядае пра тое, як бацьку Несцера Іванавіча немцы па падазрэнні ў сувязях з партызанамі (што сапраўды мела месца) адправілі ў Германію, дзе ён спазнаў пакуты некалькіх канцлагераў. Пасля вызвалення амерыканскімі войскамі, нягле-дзячы на актыўную агітацыю, падчас якой палонных папярэджвалі аб непазбежных рэпрэсіях, Нес-цер Іванавіч марыў толькі аб вяртанні на Радзіму. Разам з другімі такімі ж небаракамі яго прагналі пешшу 1600 км(!!!) да горада Ковеля, а затым павезлі ў Данбас. Праца ў шахтах была неймаверна цяжкай, але асабліва даймаў нясцерпны голад. Разумеючы, што зняволенага чакае непазбежная смерць, брат яго жонкі С.С. Германчук, франтавы разведчык, кавалер мноства баявых узнагарод, накіраваўся ў Макееўку і дамогся, каб швагра вызвалілі пад яго распіску.

Хочацца асабліва пад-крэсліць гэтую акалічнасць, па-першае, таму, што яна нагадвае пра жудасны лёс мільёнаў падобных ахвяр сталінскага рэжыму, а па-другое, таму, што ў той момант у нябёсах вырашалася пытанне з’яўлення на свет і далейшы лёс героя гэтага аповеду.

Ці давялося б нарадзіцца на свет будучаму здольнаму вучню, якому адразу па заканчэнні сярэдняй школы даверылі выкладаць матэматыку і фізіку ў 8-годцы вёскі Прусы? Ці прыйшлося б камсоргу танкавага падраздзялення сумаваць аб немагчымасці паехаць на экзамены ў політэхнічны інстытут з-за падзей ў Чэхаславакіі?

Вось тут ва ўсю моц пачынае нагадваць пра сябе “кантэкст эпохі”. Ён мяняўся ў наступныя гады самым нечаканым чынам. Карабель жыцця мерна рухаўся наперад, пакуль яго не загойдала на хвалях перабудовы, станаўлення дзяржаўнай незалежнасці і ўмацавання новай улады самым нечаканым чынам. Згодна з фізічнымі і сацыяльнымі законамі, найбольш складана і цяжка бывае не тым, хто ў труме ці на палубе, а тым, хто стаіць на капітанскім мосціку ці караскаецца па мачце.

Невядома, ці будуць пісаць пра гэта будучыя гісторыкі новай Беларусі, але мы можам і павінны сёння ўзгадаць, што на Няс-віжчыне падчас чарговай партыйнай канферэнцыі насуперак мінулым кансерватыўным парадкам, калі кандыдатуры карпатліва вывучаліся “наверсе”, а потым спускаліся “ўніз” для аднагалоснага “адабрамса”, быў нечакана для многіх абраны на галоўную пасаду У. Н. Дражын. Цікавыя і нават крыху дэтэктыўныя падрабязнасці падрыхтоўкі той сенсацыі распавёў мне пры сустрэчы А.Г. Максімовіч, на той час дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната, інтэлігентны і, што самае галоўнае для той сітуацыі, высокамаральны і мужны чалавек.

Час адназначна паказаў, што вылучэнне У.Н. Дражына было не павевам новай моды, не эмацыя-нальным пратэстам супраць сістэмы, якая паказала сваю поў-ную нежыццяздольнасць, а стаўкай на чалавека з вялікім патэнцыялам кіраўніка. Не сакрэт, што Нясвіжчына заўжды была трамплінам для многіх савецкіх і партыйных функцыянераў. Яны набіраліся тут жыццёвага і палітычнага досведу ды перабіраліся ў сталічныя кабінеты. Пра іх, зразумела, узгадваюць у тых ці іншых сітуацыях з пэўнай колькасцю плюсоў ды мінусаў, але істотна тое, што ніводзін з іх не ўзышоў так высока па кар’ернай лесвіцы — да пасады віцэ-прэм’ера, зрабіўшы велізарны ўнёсак у адраджэнне і развіццё беларускай духоўнай і матэрыяльнай культуры. Усе яны найбольш засяродж-валіся на пытаннях сельскагаспадарчай вытворчасці. А  У. Н. Дражын — адзіны з чарады тых, каго ў свой час называлі “першым” ці “гаспадаром раёна” — мог дазволіць сабе такое выказванне: “Хлеб, малако і мяса на Нясвіжчыне былі і будуць заўжды, а пра культуру трэба клапа-ціцца няспынна”.

Нельга не ўзгадаць і яшчэ адну галіну дзейнасці Уладзіміра Несцеравіча — на ніве дыпламатыі. Дыпламат таіўся ў глыбіні яго істоты на працягу ўсяго жыцця. Учыняць разносы, прыніжаць годнасць падначаленых, дапускаць брыдкаслоўе — гэта было не для яго. Пры ім заўжды была павага да іншай думкі, няспешнасць і разважлівасць пры прыняцці рашэнняў, прага да новых ведаў, настойлівасць і цярпенне пры дасягненні пастаўленай мэты. Мяркую, што ва ўсім гэтым і асабліва ў важкім унёску Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла ў Літве і па сумяшчальніцтве Фінляндыі ў стварэнне станоўчага вобраза Беларусі на міжнароднай арэне, наладжванне добрасуседскіх стасункаў не толькі з названымі, але і іншымі краінамі дапаможа пераканацца цікавая і змястоўная, вельмі прыгожа выдадзеная кніга “Беларусь — Финлядия: в часе полета”. Гэта пры ўмове, што вам пашанцуе яе знайсці — такія выданні на прылаўках кнігарань не залежваюцца.

Спадзяюся, што, прачытаўшы гэтыя радкі, Уладзімір Несцеравіч будзе надзвычай усцешаны той акалічнасцю, што яны напісаны чалавекам, які меў з ім толькі некалькі выпадковых асабістых сустрэч, якога ён не прызначаў на высокія пасады, якому не ўручаў ніякіх узнагарод. Пражыўшы каля шасці дзясяткаў гадоў на Нясвіжчыне, я ніколі не быў членам партыі, у чымсьці выбітной асобай, але як просты чалавек ужо больш за дваццаць гадоў чакаю надыходу траўня і з заміраннем сэрца і слязьмі на вачах слухаю паланэз Агінскага на “Музах Нясвіжа”, з асабістым гонарам за гісторыю маёй краіны праходжу па шыкоўных залах палаца Радзівілаў і абавязкова на нейкае імгненне засяроджваюся на думцы, што ўсё гэта вернута з нябыту, адроджана і сёння ва ўсім харастве паўстае перад вачыма наведвальнікаў з розных краін свету, дзякуючы намаганням такога таленавітага і няўрымслівага чалавека, як Уладзімір Несцеравіч Дражын.

Часам шкадую, што гэтага не бачылі мае дзяды, якія гнулі спіны на нашай зямлі, але ніколі не спадобіліся быць запрошанымі ў палац Радзівілаў… А што да продкаў Уладзіміра Несцеравіча — шкадую найбольш аб тым, што не прыйшлося ім хоць краем вока, хоць бы на фотаздымку пабачыць свайго нашчадка ў чорным смокінгу на дыпламатычным прыёме. Вельмі гожа яму пасуе гэты смокінг — нібыта ён у ім нарадзіўся! Каму яшчэ, як не такому джэнтльмену ў белых пальчатках уздымаць чарговую цаліну і распаўсюджваць па абшарах Беларусі надзвычай арыстакратычны і пакуль не ўсім вядомы від спорту пад назвай гольф!

Рады, што праз старонкі  “раёнкі” магу ад усёй душы павіншаваць Уладзіміра Несцеравіча з 70-гадовым юбілеем і пажадаць яму шчодрых Божых дабраславенняў на доўгія гады.

Ігнась АДАМСКІ.

Фота з архіва рэдакцыі.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.