Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 5 °C

Шлях да “Бронзавага Меркурыя”

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 1 0

Як мы раней паведамлялі, прыватнае гандлёвае ўнітарнае  прадпрыемства “Прыемнага апетыту” па выніках работы за 2016 год занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. А яго дырэктар  Валянціна Іванаўна Німера  ўзнагароджана Ганаровым дыпломам “Бронзавы Меркурый”  Міністэрства антыманапольнага  рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь за высокія  прафесійныя дасягненні ў сферы  гандлёвай дзейнасці.



Сёлета падчас святкавання  Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь  Валянціна  Німера  атрымала падарунак   ад  Нясвіжскага райвыканкама

Сёлета падчас святкавання
Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Валянціна Німера атрымала падарунак
ад Нясвіжскага райвыканкама

У характарыстыцы, падрыхтаванай на Валянціну Іванаўну, я прачытала наступныя радкі: “Валянціна Німера валодае высокімі  якасцямі дзелавога чалавека. Таму заваявала аўтарытэт і павагу ўсяго калектыву. А галоўны яе талент — уменне ствараць згуртаваную  каманду і накіроўваць усіх на дасягненне агульнай мэты.

За час сваёй дзейнасці В.І. Німера ўзнагароджана знакам “Майстар залатыя рукі”, Ганаровымі граматамі праўлення  аблспажыўсаюза, бюро абкама ЛКСМ Беларусі, Прэзідыума абкама прафсаюза работнікаў дзярж-гандлю  і спажыўкааперацыі. Мае  Па-дзяку старшыні Мінскага аблвыканкама, Яна з’яўляецца неаднаразовым пераможцам раённых і абласнога  конкурсу прафесійнага  майстэрства”.

Вось за гэтымі ўзнагародамі — уся яна, энергічная,  няўрымслівая, мэтанакіраваная і працавітая. Вялікі  прафесіянал і выдатны арганізатар. Дырэктар прадпрыемства  грамад-скага харчавання, у якога, здаецца, і так клопатаў хапае, яна можа  кулінарнічаць разам са сваімі падначаленымі. Каб напісаць пра Валянціну Іванаўну і справы калектыву, я прапанавала сустрэцца з ёй у адну з пятніц. На што Валянціна Іванаўна  ветліва адмовіла: “У пятніцу не магу. У нас сёння вяселле”.  Пагутарылі ў паня-дзелак.

…У Гарадзейскі камбінат грамадскага  харчавання Нясвіжскага райспажыўтаварыства яна трапіла ў 1978 годзе (так-так, у наступным годзе — юбілейная  дата) пасля заканчэння  Баранавіцкага тэхналагічнага тэхнікума з дыпломам тэхнолага грамадскага харчавання. Пачынала загадчыцай зоны, затым была загадчыцай вытворчасці, намеснікам дырэктара, два гады выконвала абавязкі дырэктара  камбіната. Працаваць было цяжка.  У камбінат уваходзіла каля 60 прадпрыемстваў  грамадскага харчавання (тады яго падраздзяленнямі з’яўляліся і школьныя сталовыя). 20 гадоў аддала Валянціна Німера  гэтай няпростай справе. А ў 1998 годзе звольнілася.

 Ганаровы Дыплом “Бронзавы Меркурый” Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якім адзначана В.І. Німера

Ганаровы Дыплом “Бронзавы Меркурый” Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якім адзначана В.І. Німера

На выязным гандлі: (злева направа) Алена Буян, Валянціна Німера,  Галіна Німера і дзве Таццяны Гаціла

На выязным гандлі: (злева направа) Алена Буян, Валянціна Німера,
Галіна Німера і дзве Таццяны Гаціла

— Пайшла фактычна ў нікуды. Але дома і месяца не прасядзела — прыехаў тадышні старшыня калгаса “Радзіма” Васіль Сяргеевіч Ядчанка, прапанаваў пасаду галоўнага спецыяліста па нарыхтоўках і перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. У Саскай Ліпцы адкрываўся  гандлёвы цэнтр, а дагэтуль ужо працаваў  кандытарскі цэх. Я запрасіла  туды Алену Лявонцьеўну Шатохіну, вядомага на Нясвіжчыне  кандытара, заслужанага работніка гандлю і грамадскага харчавання БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, кавалера ордэна Працоўнай Славы. І мы запрацавалі на поўную сілу, — расказвае Валянціна Іванаўна. — Запусцілі макаронны цэх, цэх па вырабе мукі і  ячных круп, я займалася сертыфікацыяй гэтай прадукцыі. Адкрылі свой магазін.  Мы да 20-і тон макаронаў у месяц выпускалі. Гэтую прадукцыю калгас мяняў на запчасткі (з забеспячэннем імі былі праблемы).

Але прайшоў час, многае  змянілася ў жыцці, у вытворчасці. Памяняліся прыярытэты, і наша праца аказалася  незапатрабаванай. Таму ў 2006-м годзе я перайшла начальнікам рознічнага гандлю  і грамадскага харчавання ў аўтапарк № 8.  Там стаяла задача аднавіць работу сталовай, якая гадоў 6-7 была зачынена. Запусцілі сталовую, за-працаваў буфет на аўтастанцыі. Толькі праз паўгода было вырашана ўсё гэта зачыніць з-за нерэнтабельнасці, хаця мы не паспелі яшчэ як след разгарнуцца. Нас  скарацілі. Было няёмка перад сваімі  работніцамі, бо яны ж перайшлі  сюды разам са мной з гандлёвага цэнтра, я адчувала  адказнасць перад імі. Магчыма, нашла б сабе іншы занятак, але іменна даная акалічнасць  нацэліла мяне ўзяць памяшканне сталовай  у арэнду. Рашылася. У 2005 годзе  аформілася як індывідуальны прадпрымальнік, у  2007-м рэарганізавалася ў прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Прыемнага  апетыту”. Было вельмі складана, цяжка. Сама “служыла” і поварам,  і экспедытарам, і касірам, і бухгалтарам. Начамі сядзела. Лягчэй было толькі тое, што сталовая  дагэтуль працавала, абсталяванне, посуд, запас прадуктаў я выкупіла ў аўтапарка і з часам разлічылася з ім за гэта.

Валянціна Іванаўна з вялікай любоўю гаворыць пра сваю маму Ірыну Мікалаеўну Шэйка, якая ў тыя часы падтрымала  пачын дачкі: пераехала да яе з Клецкага раёна, узяла на сябе адказнасць за сям’ю, за гаспадарку. “Мамачка мая прачыналася ў 3-4 гадзіны, а я яшчэ спаць не клалася”, — успамінае мая суразмоўца. Пазней дачка купіла маці дом у Саскай  Ліпцы, праз плот са сваім  братам. Ірыне Мікалаеўне зараз 79 гадоў. Яна яшчэ трымае гаспадарку: 50 — 60  галоў птушкі (курэй, гусей, індыкоў), вырошчвае моркву, цыбулю. Усё гэта ідзе на па-трэбы сям’і, бізнесу. Да нядаўняга часу гадавала свіней.

На выязным гандлі: (злева направа) Алена Буян, Валянціна Німера,  Галіна Німера і дзве Таццяны Гаціла

Памяшканні ПГУП “Прыемнага апетыту” прыгожа выглядаюць і знешне…

Цяпер ПГУП “Прыемнага апетыту” аб’ядноўвае 8 прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Але Валянціне Іванаўне  працаваць намнога лягчэй. Клопаты раздзялілі  сыны, нявесткі і пляменніцы. Сяргей і Віталь — яе, дырэктара, намеснікі, адначасова і экспедытары, і вадзіцелі. Жонка Сяргея Таццяна працуе прадаўцом у кафэ на аўтастанцыі. Жонка Віталя  Галіна загадвае сталовай, што знаходзіцца на вуліцы Сноўскай, 8.  А пляменніца Надзея Сухаверх            — галоўны бухгалтар ПГУП, пляменніца Юлія Буднік — прадавец буфета і магазіна ў сталовай на вуліцы Кутузава, 3. Віталь з Галінай адказваюць за сталовую на Сноўскай: прымаюць заяўкі, арганізуюць і кантралююць увесь працэс абслугоўвання. Сяргей адказвае за кафэ на Савецкай,19 (аўтастанцыя) і на Гейсіка,1 (будынак гасцініцы ЖКГ). А Валянціна Іванаўна пакінула за сабой сталовую на Кутузава.

— Не здрадзіла ёй, — усміхаецца. — У час банкетаў  стаю на кухні, афармляю стравы… Натуральна, сачу і за работай усяго прадпрыемства. Вядома, цяпер ужо не тое, што раней: магу куды пайсці, паехаць, ведаю, што ўсё будзе зроблена як след. А з часам перадам справу дзецям, няхай працуюць.

Адказныя, але і вельмі патрэбныя, участкі сямейнага  бізнесу — буфеты на заводзе па выпуску дзіцячага харчавання, дзе штодня абслугоўваецца каля ста чалавек, і буфет у СШ № 4 г. Нясвіжа, куды завозяцца свежыя булачкі, кексы, бутэрброды, салаты, можна выпіць соку,  іншага напою.  Асартымент узгадняюць з дырэкцыяй школы, са спецыялістамі грамадскага харчавання аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. І падчас перапынкаў у буфеце выстройваецца чарга.

Паслугамі прадпрыемства “Прыемнага апетыту”  карыстаюцца вельмі многія. Бяруць абеды Нясвіжская  сортавыпрабавальная станцыя,  племпрадпрыемства, доследная  навуковая станцыя па цукровых бураках, прыязджаюць  па іх нават з капыльскай Раёўкі. Падлічылі: у дзень кормяць 500 — 600 чалавек. Таваразварот за 2016 год вырас у параўнанні з 2015-м на 260 %.

У кафэ і сталовых праходзяць самыя розныя  мерапрыемствы — ад вяселляў і святкавання юбілеяў да памінак (такое жыццё). Якія ж фірменныя стравы прапануюць на стол кухары Валянціны  Німера?  Гэта дранікі, блінчыкі з рознымі начынкамі (хочаце — з ліверам, хочаце — з тварагом, мясам, згушчонкай), катлеты і баклажаны з рознымі начынкамі, кулябякі са слаёнага цеста з яблыкамі, ліверам, сырам. Шмат рыбных страў, салатаў з алеем — заўважылі, што людзі цяпер аддаюць  перавагу іменна раслінным  тлушчам, прытрымліваюцца  больш здаровага харчавання.

А якая любімая страва ў самой Валянціны Іванаўны,  мэтра кулінарнага мастацтва?

— Каша аўсяная. Заліваю  яе кіпенем, даю пастаяць, дадаю чарнасліў, разынкі, яблык.  Малочныя стравы. Кабачкі гатую.  Люблю выпечку, але стараюся ёю не захапляцца.

Ва ўласнасці прадпрыемства знаходзіцца адзін будынак — на Сноўскай вуліцы, усе астатнія арандуюцца. Выкупілі сталовую ў 2013 го-дзе, правялі вялікую рэканструкцыю. Зноў усклалі на сябе велізарны цяжар: дабудоўвалі танцавальную залу, мансарду, крэдытаў не бралі, увесь прыбытак, што зараблялі, ішоў на  будаўніцтва. Фактычна чатыры сям’і працавалі на гэты аб’ект. Адчынілі яго ў чэрвені 2015-га. Цяпер, калі стала лягчэй, зноў думаюць: ці то яшчэ купіць  будынак, ці то ў арэнду ўзяць? Планы ёсць, магчыма, яны з часам  будуць ажыццёўлены.

Брацца за новае з такім  калектывам не страшна, лічыць Валянціна Іванаўна. У ім 28 чалавек, усе вельмі  адказныя. Калі адчыняліся на Сноў-скай, узялі на работу дзвюх маладых дзяўчат пасля Барысаўскага тэхналагічнага тэхнікума. І не пашкадавалі. І Таццяна Чарнец, і Алена Лявончык — тэхнолагі грамадскага харчавання — добрыя повары, усім цікавяцца, уносяць шмат новага ў сваю працу. Вельмі задаволена Валянціна  Іванаўна работай нявесткі Галіны. Яна адшуквае ў інтэрнэце навінкі, да драбніц узгадняе меню з заказчыкамі.

— Малайчына, ёсць у яе цяга да  сваёй справы.  Я нават асабліва  і не ўнікаю ў работу  гэтай сталовай. Хачу сказаць, што з часам Галіна перасягне мяне ва ўсім. У нас — поўнае  ўзае-маразуменне.

Згадзіцеся, такая  характарыстыка ад кіраўніка і свекрыві ў адной асобе  дарагога каштуе.

Малодшая нявестка, Таццяна, адмовілася ад загадвання кафэ: “Не маё гэта”. Знайшла сабе замену. Кіруе кропкай грамадскага харчавання на аўтастанцыі Алена Вітко. А кафэ на Гейсіка — Святлана Чарнюк. “Абедзьве разумеюць мяне з паўслова”, — Валянціна  Іванаўна задаволена  зла-джанасцю і пастаянствам свайго калектыву. За ўвесь час работы звольніўся толькі  адзін чалавек.

З асаблівым задавальненнем  мая суразмоўца назвала імёны жанчын, з якімі пачынала  ўласны бізнес, з якімі працавала яшчэ ў гандлёвым цэнтры Саскай Ліпкі. Гэта Алена Буян,  загадчыца сталовай на вул. Кутузава, 3, і два повары  адсюль жа — дзве Таццяны Гаціла, адна — Юр’еўна, другая — Генадзьеўна.

Галоўны прынцып работы гэтага калектыву — якасць, даступныя цэны. Мяркуецца: няхай лепей больш людзей будзе абслужана.  А як кліенты ацэньваюць іх старанні, відаць з кніг прапаноў: ні ў адной не прачытаеш скаргі, толькі адны падзякі.

Грамадскае харчаванне, наогул — справа вельмі складаная. А калі гэта ўласны бізнес — клопаты яшчэ па-мнажаюцца. Як жа ўдаецца Валянціне  Німера цэлых 40 гадоў “несці гэты крыж”, не саступіць,  не апусціць рукі?

— За 20 гадоў працы ў камбінаце грамадскага харчавання  я прайшла, як кажуць, ваду, агонь і медныя трубы. Гэта была вельмі  сур’ёзная, жорсткая школа. Без яе я не змагла б стварыць тое, што маю… Ёсць рэпутацыя, імя ёсць. Кіраўніцтва раёна дапамагае, за што вельмі ўдзячна. Прыемна, што намаганні нашы атрымалі высокую ацэнку.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Здымкі

ПГУП  “Прыемнага апетыту”

 і Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 

1 Comment

1 Comment

  1. wiktoria:

    Дорогая Пани Баленцина!Как приятно увидеть красивое фото. От сердца поздравляю с такой наградой! Валя, Вы знаменитая зaведущея , для Вас нет ничего трудного в гастрономии, в рецептах, Вы, дорогая Валя, просто звезда гастрономии. Я знаю Ваши блюда, Ваш красиво накрытый и прибраный стол. Жеалю,Моя Дорогая, новых успехов а когда приеду в наш любимый Несвиж, привезу рецепты польских блюд- журек, флаки и попробуем сделать вместе. Поздравляю целую команду Виктория Жукевич с друзьями- Евой, Зиутой Лукашем и Марысей- Польша

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!