Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

Свет кнігі, музыкі, мастацтва

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Як вядома, бібліятэка — гэты мабільны цэнтр інфармацыі, цэнтр духоўнага  ўзбагачэння чалавека. Яна дапамагае палюбіць герояў добрых кніг,  выхоўвае цягу да чытання, абараняе ад адмоўнага ўплыву тэлебачання і камп’ютарных гульняў, стварае культурную прастору  моладзі, падтрымлівае яе таленты.

моя поэзия_5

Музычны нумар на гітары выконвае Ксенія Цішэвіч



Нават у самай звычайнай справе яны знаходзяць цікавыя вынаходніцтвы і рашэнні. Яны — гэта творчыя  маладыя людзі Нясвіжчыны, якіх  неаднаразова ў гэтым годзе, па добрай традыцыі, аб’яднала цэнтральная  раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы.

“Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім” — менавіта гэты афарызм чырвонай ніткай праходзіць праз усе мерапрыемствы, якія наладжваюць супрацоўнікі бібліятэкі. І гэта не проста сустрэча ў глядзельнай зале. Гэта сяброўскія зносіны,  ад-крыццё новых талентаў і хвіліны асалоды, якія дораць нашы таленавітыя дзеці.

Напрыклад, Кацярына Будчан — студэнтка гістарычнага  факультэта сталічнай ВНУ,  пастаянная ўдзельніца  розных творчых конкурсаў і навуковых канферэнцый — уваходзіць і ў народны клуб паэтаў і кампазітараў “Жывіца” нашай вобласці, сярод членаў якога — вядомыя на Нясвіжчыне творцы Уладзімір Жылко, Сяргей Пракоф’еў, Вера Мацнева і іншыя.

Дзяўчына захапляецца вакалам. А вершы пачала пісаць яшчэ ў маленстве. Яе паэтычныя творы “Аб мове”, “Памяти бабушки”, “Прабач” пранікнёна выканалі юныя школьніцы Вікторыя Пятрыка, Яна Вінэль і Паліна Валнухіна.

Сур’ёзная паэзія лілася з вуснаў дзяўчат настолькі прыгожа, што слухачы верылі кожнаму радку, кожнаму слову аўтара і выканаўцы.

Знаёмства з Ксені-яй Цішэвіч пачалося са  слайд-фільма фотаработ  несвіжанкі. Сёння яна, выпускніца сярэдняй школы № 4 г. Нясвіжа — студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўнівер-сітэта імя Максіма Танка.

Кадр з відэароліка Аляксея Абражэя

Кадр з відэароліка Аляксея Абражэя

І хоць вучоба на новым узроўні патрабуе многа сіл і часу,  захапленне танцамі, вакалам і  фатаграфіяй зусім не  пера-шкаджае навуцы. У школе яна таксама без цяжкасцей магла сумяшчаць вучобу і  захапленні: вучылася выдатна, пастаянна прымала ўдзел у розных конкурсах, алім-піядах і навуковых канферэнцыях. Свой верш “Обещание выпускникам” юная паэтка Ксенія Цішэвіч выканала сама.

Ксенія цесна сябруе са сваёй малодшай сястрой Лізаветай, якая не толькі падзяляе з ёю погляды на жыццё, але таксама піша вершы. Таму ўдзельнікі мерапрыемства  мелі магчымасць пазнаёміцца адразу з дзвюма сёстрамі — таленавітымі і цікавымі дзяўчатамі. У бібліятэцы прагучалі вершы  Лізаветы Цішэвіч         “С тобой” і   “Чытаю казкі для сваёй сястры”, якія прадставілі на суд удзельнікаў творчай  сустрэчы Людміла Быбко і Паліна Масленнікава.

Свой дзівосны свет малюнкаў, на пяску для ўсіх прысутных адкрыла Кацярына  Плакса (выхаванка студыі “Творяки” Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра. Кіраўнік Ганна Лысенка). Гэты від творчасці як новы від мастацтва з’явіўся ў 70-я гады ХХ стагоддзя і за гэты  час заваяваў сэрцы многіх. Убачыць непаўторны малюнак на пяску… Ёсць у гэтым нешта казачнае, незвычайнае, чароўнае. Засяродзіўшы ўвагу на рабоце юнага майстра, які за хвіліну расказвае табе  цэлую гісторыю, пераносішся ў свет фантазіі і, здаецца, разам з мастаком творча ўспрымаеш навакольнае асяроддзе. Нездарма навукоўцамі даказана, што менавіта  такая пясочная  тэрапія вельмі карысная, як для дзяцей, так і для  дарослых — паляпшае  памяць і ўвагу, развівае дробную маторыку рук, расслабляе і заспакойвае чалавека. І сапраўды так, калі ўспомніць, як маленькія разам з бацькамі любяць будаваць палацы з пяску або як  заспакойвае маляванне  палачкай на беразе вадаёма!

Тое, што карціны, выкананыя ў тэхніцы малявання пяском, якая, дарэчы, прыдуманая перуанскімі  індзейцамі, і ролікі з пясочнай анімацыяй б’юць усе рэкорды па колькасці праглядаў у інтэрнэце,  даказвае, наколькі  пескаграфія прыцягвае ўвагу і зачароўвае. А для таго, каб у гэтым маглі ўпэўніцца ўдзельнікі сустрэчы, неацанімую дапамогу аказаў Дзяніс Мезенка, які адгукнуўся на зварот у сацыяльных сетках і прадаставіў адпаведнае абсталяванне.

За рабочым сталом Кацярына Плакса

За рабочым сталом Кацярына Плакса

Сярод гледачоў — выхаванцы  Нясвіжскай дзіцячай школы  мастацтваў  са сваім педагогам Ганнай Лысенка

Сярод гледачоў — выхаванцы Нясвіжскай дзіцячай школы
мастацтваў са сваім педагогам Ганнай Лысенка

Дзень Вялікай Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў… Для кожнага  беларуса гэтыя даты — свяшчэнная  памяць і даніна цяжкай цане, якую за-плацілі нашы  продкі, каб будучыя пакаленні жылі і атрымлівалі асалоду ад кожнай хвіліны жыцця.

Менавіта гэтай патрыятычнай тэме прысвяціў свой  ролік у інтэрнэце вядучы і ўдзельнік творчай сустрэчы ў бібліятэцы Аляксей  Абражэй.

— 9 Мая і Дзень вызвалення Беларусі — найвялікшыя святы, пра якія мы не павінны забываць, памятаючы пра кожнага героя той страшнай вайны. Таму мэтай майго відэароліка было заклікаць карыстальнікаў сацыяльных сетак азірнуцца вакол, усведамляючы, што самае цудоўнае  ў свеце — мірнае неба і родныя людзі побач, — пракаменціраваў сваё выступленне  перад аўдыторыяй бібліятэкі Аляксей.

Свой зварот-заклік да ўсіх ён пабудаваў, выкарыстаўшы твор Эдуарда Асадава:

“Дорожите счастьем, дорожите!

Замечайте, радуйтесь, берите

Радуги, рассветы, звезды глаз —

Это все для вас, для вас,

для вас…”

На гэтай прыўзнятай урачыстай ноце творчая сустрэча “Я і мая паэзія” завяршылася. Таленавітыя госці атрымалі на памяць падарункі і зборнікі вершаў юных паэтаў, створаныя калектывам бібліятэкі. Слухачы пакідалі залу пад рознымі ўражаннямі. Але ўсіх іх аб’яднала сіла мастацтва, сіла паэтычнага слова нашай моладзі, якое на гэты раз атрымала пастаянную прапіску ў Нясвіжскай  цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!