Чатыры дачкі і сыночак — іх галоўнае багацце

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DSC04089

Знаёмцеся: сям’я Сяргея і Любові  Бушыла з горада Нясвіжа, у якой выхоўваюцца пяцёра дзяцей. Нядаўна падпісаны Указ Прэзідэнта аб узнагароджанні Любові Іванаўны ордэнам Маці.

Гэта звычайная сям’я, са сваімі радасцямі і засмучэннямі, інтарэсамі і захапленнямі. Мама, тата, 14-гадовая дачка Алеся, 12-гадовая Аніта, 11-гадовы Марк, пакуль яшчэ 8-гадовая Ульяна (у дзяўчынкі заўтра дзень нара-джэння) і трохгадовая дачка Эмі-лія. Старэйшыя дзеці вучацца ў сярэдняй школе № 3 г. Нясвіжа, любяць музыку і займаюцца ў Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў. Усе дзеці ў сям’і таленавітыя і музычна адораныя. Алеся ўжо скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, Аніта навучаецца граць на флейце, Марк — на саксафоне, Ульяна асвойвае скрыпку, а маленькая Эмілія пакуль радуе родных выкананнем песень. Марк захапляецца таксама спортам. Двойчы прымаў удзел у фінале рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”. У 2015 годзе ён стаў адным з лепшых юных атлетаў краіны па кіданні мяча, заняў ганаровае другое месца. А актыўнай Ульяне прыйшлося па душы таксама і маляванне. І ўсе дзеці аднолькава любімыя і акружаны ўвагай, цеплынёй і клопатам бацькоў.

Справіцца з усёй гэтай шумнай камандай, накарміць, па-класці спаць, дапамагчы зрабіць урокі для Любові Іванаўны і Сяргея Васільевіча  — не праблема.

— Мы з мужам самі са шматдзетных сем’яў, — расказвае Любоў Бушыла. — У сям’і мужа было восем дзяцей, а я была ў бацькоў дванаццатай, самай малодшай. Я заўсёды любіла дзяцей. Нават заканчваючы Маскоўскі тэалагічны інстытут, навуковую ступень бакалаўра абараняла па тэме служэння дзецям.

Са сваім мужам несвіжанка Любоў пазнаёмілася ў Капылі, куды дзяўчына прывезла выступаць дзіцячы царкоўны хор. Маладыя людзі адразу спадабаліся адзін аднаму. Ужо ў дзень вяселля хтосьці з гасцей, віншуючы маладых, сказаў, што шчаслівая “сям’я — гэта сем Я”. У той момант маладой пары гэтыя словы і запалі ў душу, яны для сябе вырашылі, што гэта фраза будзе пра іх.

— Вядома, у шматдзетнай сям’і не без цяжкасцей, — працягвае Любоў Іванаўна. — Але, як мне здаецца, цяжэй выхоў-ваць адно дзіця, а калі іх некалькі, яны ўжо самі выхоўваюць адзін аднаго, вучацца і развіваюцца разам. Так, напрыклад, старэйшыя дзеці вывучаюць замежную мову ў школе і дома навучаюць ёй Эмілію. Дзяўчынка ў тры гады ведае некаторыя словы і фразы на англійскай мове, можа палічыць да дзесяці. Яна расце ўсебакова развітай.

Зразумела, дзеці дапамагаюць дарослым па хаце, у агаро-дзе і па гаспадарцы — у кожнага ёсць свае абавязкі. Дзякуючы гэтаму, лічаць бацькі, рабяты будуць ведаць працу і не вырастуць эгаістамі. Дзяўчынкі з задавальненнем праводзяць час з мамай на кухні, дапамагаюць ёй і спрабуюць самастойна прыгатаваць нейкую страву або спячы штосьці салодкае да гарбаты. Зараз любімы ласунак усёй сям’і — чызкейк, пякуць яго вельмі часта.

У выхадныя дружна, усёй сям’ёй яны ходзяць у царкву хрысціян веры евангельскай. Дзеці спяваюць у хоры, Аніта грае ў духавым аркестры. Дом сям’і Бушыла заўсёды гасцінны і напоўнены сябрамі, гасцей рабяты ахвотна забаўляюць сваімі міні-канцэртамі.

Сёння шматдзетная сям’я жыве ў райцэнтры ў бацькоўскай хаце Любові Іванаўны. У красавіку гэтага года яны атрымалі ў Нясвіжы трохпакаёвую кватэру па вуліцы Магілёўскай. У кватэры яшчэ трэба будзе зрабіць рамонт, але яна ўжо прыйшлася даспадобы і дарослым, і дзецям.

Галава сям’і зарэгістраваны індывідуальным прадпрымаль-нікам, займаецца дахавымі работамі, а нядаўна ўладкаваўся на працу яшчэ і ў ДРБУ № 168 вартаўніком. Мама прысвяціла сябе сям’і. Зразумела, не заўсёды ў іх хапае грошай на ўсе патрэбы і жаданні, але, як самі яны лічаць, чатыры дачкі і сыночак — вось іх галоўнае багацце.

На маё пытанне “ў чым сакрэт шчасця сям’і Бушыла?” Любоў Іванаўна адказала наступнае:

— Самае галоўнае — гэта   адзінства ў сям’і. Калі паміж мужам і жонкай ёсць разуменне і згуртаванасць, то ўсе беды пераносяцца лягчэй, а шчаслівыя моманты становяцца яшчэ больш яркімі. Мы з мужам стараемся выхоўваць дзяцей на сваім прыкладзе, спадзяёмся, што, гледзячы на нас, яны і сваё жыццё пражывуць гэтак жа. Калі сям’я становіцца адным цэлым, то  тады і будзе яна моцнай і дружнай.

Аксана ГРОХ

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.