Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Добрыя клопаты Івана Яцкевіча

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Звяно старшага аператара збожжасушыльнага  комплексу ААТ “Гарадзея” Івана Яцкевіча сёлета падчас жніва заняло першае  месца ў раённым спаборніцтве па колькасці  ўмоўнага прасушанага  зерня. Нагадаю: яго ў фізічнай  вазе праз іх КЗСВ-30Г-Н прайшло амаль 10 з палавінай тысячы тон. Іван Міхайлавіч — майстар у сваёй справе. Добрасумленна працавалі з ім і аператары Дзмітрый Целяховіч і Максім Гойда.



Іван Яцкевіч з гонарам падымаўся  на сцэну раённых “Дажынак-2017” для  ўзнагароджвання. І гэта ў каторы  ўжо раз! Некалькі разоў запрашалі руплівага хлебароба на абласныя дажынкі. У 2011 годзе быў у складзе дэлегацыі Нясвіжчыны на рэспубліканскіх — у Маладзечне, у 2012-м — у Горках, у 2013-м — у Жлобіне. Яго святочныя маршруты  працягваюцца. Як працягваецца і шчырая, клапатлівая праца на зямлі роднай Нясвіжчыны.

Родам Іван Яцкевіч з вёскі Малінаўка суседняй гаспадаркі — ААТ “Нясвіж-скія Астроўкі”. Тут і атрымаў першыя ўрокі сялянскай  працы. Яго мама, Вера Іванаўна, узначальвала паляводчую  брыгаду. Заўсёды паказвала прыклад няўрымслівасці, высокай адказнасці за даручаную справу. Бацька, Міхаіл Лявонцьевіч, быў кладаўшчыком на збожжавым складзе. Там, на таку, Іван любіў бываць ужо ў школьныя гады. Старэйшы брат Леанід працаваў на збожжаўборачным камбайне, а малодшага браў да сябе  памочнікам — Іван прыязджаў летам  на канікулы, калі вучыўся ў Мінскім машынабудаўнічым каледжы. Набыўшы прафесію, юнак ад-працаваў на сталічным заводзе аўтаматычных ліній неабходны пасля размеркавання тэрмін. Затым вярнуўся ў свой калгас, уладкаваўся токарам.

У 1998 годзе Іван Яцкевіч застаўся на работу ў “Гарадзеі” — тады гэта быў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў. Працаваў аператарам камбікормавага цэха. Падчас уборкі збожжавых займаўся сушкай зерня. У 2007 годзе ў сельгаспрадпрыемстве, у Сту-дзёнках, пабудавалі новы збожжасушыльны комплекс, на якім  Іван Міхайлавіч і шчыруе дагэтуль. Канешне, даводзіцца нялёгка. За работай механізмаў патрэбен  пільны кантроль: каб яны не давалі збояў, каб зерне не залежвалася на таку, каб захаваць усе параметры, якія адпавядаюць патрабаванням да якасці збожжа. Але вяскоўцы прызвычаіліся да такога напружання, бо галоўнае ў час жніва — давесці  ўраджай да ладу, стварыць самыя  аптымальныя ўмовы для яго захоўвання. Сушыльны комплекс Іван Яцкевіч  ведае добра — у свой час удзельнічаў у яго мантажы. І тэхналогію засвоіў дасканала: калі збожжа паступае з поля адносна сухім, можна паскорыць работу агрэгатаў, а калі вільготнасць  высокая, то прадукцыйнасць, канешне, зніжаецца. Сёлета складана было  працаваць з ячменем — ішоў падгон, зерне вільготнае, патрабавала ад аператараў вялікай уважлівасці. Але ж і гэты экзамен быў вытрыманы. І ў тым, што сёлета ААТ “Гарадзея” прызнана  пераможцам раённага спабор-ніцтва  як гаспадарка, якая  забяспечыла найбольшы аб’ём  пастаўкі збожжа ў засекі  дзяржавы, немалая заслуга  старшага аператара І.М. Яцкевіча і яго калег.

Калі мінула гарачая  жніўная пара, Іван Міхайлавіч прыступіў да сваіх непасрэдных службовых абавязкаў. Ён — намеснік галоўнага  энергетыка па механізацыі жывёлагадоўлі. Летам на ферме “Вялікая Лысіца” адрамантавалі водаправод, у кастрычніку заменяць паілкі.  На рабатызаваным кароўніку  на днях паднавілі сістэму  гноеўдалення. Клопатаў хапае, тым больш, што наперадзе — зіма.

Іван Яцкевіч — не толькі добры работнік.  Ён — клапатлівы муж і бацька, гаспадар. Яцкевічы жывуць у пасёлку Новагарадзейскі. У 2011 годзе яны атрымалі тут ад сельгаспрадпрыемства 4-пакаёвы дом сядзібнага тыпу. Жонка  Сона Юсупаўна працуе заатэхнікам-селекцыянерам на ферме “Копцеўшчына”. Таксама вельмі важная  і адказная справа. У сям’і — трое дзяцей. Івану споўнілася 18. Ужо мае спецыяльнасць — “электраабслугоўванне ліфтаў”, працуе па размеркаванні ў Бараўлянах. Лізавета сёлета пасля 9-і класаў паступіла ў кадэцкае вучылішча, жыве ў Слуцку. Сёмага кастрыч-ніка родныя паедуць да яе на прысягу. Дома застаўся толькі пяцікласнік Коля, юны памочнік. Калі трэба, і ў хаце прыбярэ, і траву зграбе.  Яцкевічы трымаюць парасят, курэй — і тут Мікалай дапамагае ўходжвацца.

…Сёлета на раённым свяце “Зажынкі”, якія ладзілі ў ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, мама Івана  Яцкевіча — Вера Іванаўна — разам з іншымі жанчынамі зажынала першы сноп. Яна мае пенсійны  ўзрост, але  на працу ходзіць, паляводам. У час жніва правярала  ў полі якасць уборкі. Кантралявала закладку сенажу ў траншэі. Цяпер падмяняе  кладаўшчыка, які ў водпуску.

— Ганаруся сваімі сынамі, — гаворыць Вера Іванаўна. — А іх у мяне трое. Пра Івана вы ведаеце. Леанід — начальнік участка ў “Нясвіжскіх Астроўках”. А малодшы, Міхаіл, водзіць хуткасныя электрапаязды. Хадзіў з Мінска на Брэст, цяпер — на Вільнюс. І ўнукамі ганаруся…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!