Сустрэчы ў Слабодцы і Тарэйках

тарейки

Да Дня пажылых людзей  ва ўтульным памяшканні Слабадскога клуба-бібліятэкі сабраліся  людзі  паважанага ўзросту, каб пагаварыць пра надзённае, паслухаць актуальныя гутаркі і добрыя песні. Для гэтай мэты сюды прыехалі нераўнадушныя людзі: супрацоўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, валанцёры раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Усіх прадставіла супрацоўніца  Цэнтра Алена Васілеўская.

Аўтар гэтых радкоў расказала пра важныя матывацыі здаровага ладу жыцця: ужыванне вітамінаў, кантроль артэрыяльнага ціску і ўзроўню глюкозы крыві, актыўнасць. Тэму прадоўжыла валанцёр Галіна Шапавалава, якая акцэнтавала ўвагу прысутных на неінфекцыйных захворваннях — анкалогіі,  сардэчна-сасудзістых і рэспіраторных, дала добрыя парады, як іх пазбегнуць.

Псіхолаг райбальніцы Галіна Бушмакіна падкрэсліла актуальнасць  добрага псіхалагічнага стану чалавека, ад якога ў многім залежыць здароўе. Таму важна пазбягаць лішніх хваляванняў і стрэсаў, шукаць станоўчыя эмоцыі і быць пазітыўным.

Валеолаг Нясвіжскай райбальніцы Валянцін Івашкевіч  зазначыў: каб жыць доўга, трэба імкнуцца да здаровага ладу, лячыць гіпертэнзію, што цяпер даволі  актуальна, пазбягаць шкодных звычак, кантраляваць ліпідны абмен рэчываў у арганізме і ўзровень  халестэрыну. Важна мець добрае духоўнае здароўе, тады і з фізічнымі праблемамі  будзе  прасцей змагацца.

Нясвіжскія госці выканалі некалькі бадзёрых песень: ”Перавоз Дуня трымала”, “Пра харошы настрой”, “Ягада маліна”, байку “Маналог пенсіянеркі” і іншыя творы.

У той дзень група ўдзельнікаў перадсвяточнай паездкі наведала жыхарку вёскі Тарэйкі, старэйшую ўдзельніцу раённага конкурсу на лепшае падвор’е  Ганну Міхайлаўну Слабко, і ўручыла ёй сувенір і кветкі. Дарэчы, ля дома дбайнай гаспадыні сапраўды прыгожа і акуратна, цвітуць яркія вяргіні і сціплыя хрызантэмы, а ў хаце — утульна і гожа. Ганна Міхайлаўна ганарыцца сваімі дзецьмі і ўнукамі, сярод якіх — медыкі, настаўнікі, работнікі  сельскай гаспадаркі.

Прыемна бачыць, што ў свае 80 гадоў  працавітая жанчына актыўная і добразычлівая.  Для яе наша група выканала дзве вясёлыя песні.

Раіса ХВІР,

валанцёр раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.