Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 11 °C

Трускавецкія матывы

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0
Фота 1

Фота 1

Украіна вядомая  сваімі прыгожымі краявідамі, і адзін з іх  — горад Трускавец Львоўскай вобласці. Але не толькі маляўнічая прырода прыцягвае сюды шмат турыстаў і адпачываючых, асноўная мэта — гаючая вада “Нафтуся”.  Цікавая гісторыя яе адкрыцця і  нараджэння горада, у якім мне давялося пабываць. “Трускавец” — варыяцыя ад польскага truskawka, што ў перакладзе азначае “клубніца”. А заснавальнікам горада быў Трушкевіч, сын Трушка. Першае ўпамінанне адносіцца да сярэдзіны ХV стагоддзя. У 1721 годзе тут пачалі здабываць нафту і піць яе ў малых дозах з вадой, аказалася, што яна лячэбная. І ў 1827 годзе па распараджэнні дырэкцыі аўстрыйскіх дзяржаўных прадпрыемстваў да карчмы пана Міцэўскага прыбудавалі памяшканне на 8 кабін для мінеральных ваннаў. Такім чынам, гэты год і з’яўляецца афіцыйным днём нараджэння Трускаўца, і як бальнеалагічны  курорт ён пачаў актыўна развівацца  і вывучацца. Пазней львоўскі фармацэўт Тэадор Тарасевіч даследаваў крыніцу мінеральнай вады, апісаў  яе хімічны састаў, у выніку чаго і з’явілася “Нафтуся”. Яна дапамагае ў лячэнні нырак, вымывае з іх пясок, садзейнічае  аздараўленню печані і іншых органаў.  У канцы ХІХ стагоддзя Трускавец стаў здраўніцай еўрапейскага ўзроўню. А ў 1913 годзе яе ўзнагародзілі  “Вялікім залатым медалём” за поспехі ў развіцці лячэбнай базы. На гербе горада намалявана гусь з галінкай дрэва — сімвал пільнасці,  дабрабыту і здароўя. У бювеце санаторыя змешчаны  копіі фотаздымкаў  ХІХ стагоддзя, на якіх адлюстраваны мужчыны і дамы ў чарзе за “Нафтусяй” — своеасаблівы  экскурс у гісторыю курорта.



У наш час  Трускавец  мае 70 курортных устаноў, якія могуць прыняць адначасова 12 тысяч чалавек, да паслуг прыезджых — санаторыі, пансіянаты, 55 гатэляў самых розных узроўняў і кошту.

Фота 2

Фота 2

Перш падзялюся ўражаннямі,  якія  атрымала  ад  відаў ля санаторыя  МУС  Украіны “Перліна Прыкарпацця” (фота 1), дзе я адпачывала. Пры гарачыні ў плюс 28—30 градусаў можна было пахадзіць па цяністых  алеях. Кустарнікі,  ліпа, арэшнік, каштаны, зялёныя і блакітныя елкі, альтанкі, акуратна падстрыжаныя  зялёныя газоны — усё гэта стварае атмасферу  ўтульнасці  і  прыгажосці (фота 3). На адной з алей размясціўся алтар  Божай  Маці (фота 2) з  лампадкамі і тэкстамі малітваў  на ўкраінскай і рускай мовах.  З балкона нумара відаць, як на далоні, амаль  увесь гарадок, які патанае  ў зеляніне, сярод  яе  выглядаюць чырвоныя, рэдка  дзе — карычневыя  дахі  дамоў. Калі вячэрняе сонца выглядвае з-за Карпат, верхавіны зялёных дрэў становяцца  светлымі, залацістымі.

Фота 3

Фота 3

Справа ўдалечыні  відаць зялёнае ўзвышша,  за якім  і знаходзяцца горы Карпаты. Адтуль  вее  цёплы вецер, які даносіць  горнае паветра.  (Дарэчы,  мабыць, ад яго там так добра спіцца). Непадалёк сінее блакітам возера, якое цягнецца пры дарозе на метраў  500. Ля яго гуляюць адпачываючыя, сядзяць аматары рыбнай лоўлі. Па трасе снуюць машыны і гарадскі аўтобус,  які вязе турыстаў да гатэляў  “Малдова”, “Крышталь”, “Рыкас”, “Шахтар”. Дарэчы, афармленне апошняга вельмі адмысловае:  пры галоўным увахо-дзе — тры  стрэльчатыя вежы, а каля іх палымнеюць высокія кусты ружаў. На агароджы змешчаны муляж кавалка каменнага вугалю, сімвала шахцёраў.  Велічна выглядае і суседні санаторый “Карпаты”. Вакол — раўніна, а вось калі  накіроўваешся ў горад, рэльеф  мяняецца — узгорак, нізіна, узгорак, нізіна. Домікі  ў асноўным аднапавярховыя, ёсць і двух. Большасць з іх старадаўнія, што відаць па архітэктуры, дзе-нідзе сустракаюцца абноўленыя мазанкі з кветнікамі.

Жанчын тут  называюць “пані”, а мужчын — “пан”. Нас  крыху бянтэжыла, што на пытанні, дзе што знаходзіцца, мясцовыя жыхары адказваюць неахвотна. З другога боку, прыемна тое, што ў магазіне ці на рынку нас пазнавалі па акцэнце і прыязна ўсклікалі: ”О, вы з Беларусі! Мы вас паважаем”.  Калі я купляла ў кіёску газету “Высокі замак”, прадавец  усміхнулася і сказала: ”Як прыемна, да нас пташка з Беларусі прыляцела”.

У горадзе дзве пешаходныя вуліцы. У яго цэнтры знаходзіцца храм (фота 4) — месца, якое вабіць да сябе многіх і многіх гараджан, гасцей, турыстаў.

Фота 4

Фота 4

Курортны  Трускавец мае  многа магазінаў. Шмат кафэ і рэстаранаў, асабліва маляўніча аформлена  кафэ “Мерсі”: белыя кветкі на адкрытай тэрасе, такога ж колеру  лёгкія занавескі. Экзатычны выгляд  мае “Дворык у Лёвы”, дзе стаіць мэбля ў народным стылі. Абслугоўванне на адпаведным узроўні, цэны ў параўнанні з нашымі ніжэйшыя.

Асобнымі радамі размешчаны суве-нірныя палаткі, тут можна  купіць драўляныя сурвэтніцы,  лыжкі, падносы, вышываныя сукенкі розных памераў і шмат чаго іншага.  Далей па вуліцы імя Шаўчэнкі  ідуць ларкі, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.  А вось  стаіць унушальных памераў  бювет з “Нафтусяй” і “Джэрэлай” (таксама лячэбная вада, у перакла-дзе азначае “крыніца”). Сюды  са спецыяльнымі  паільнікамі накіроўваюцца прыезджыя і гара-джане. Вада каштуе  4 грыўні  за 100 грамаў. Тым, хто мае санаторныя кніжкі,  мінвада адпускаецца бясплатна. Дарэчы, бюветы з лекавай вадкасцю змешчаны ў кожным санаторыі, а хто жадае прагуляцца па яе ў горадзе — калі ласка.

Гарадскі  рынак — бадай, самае ажыўленае  месца ў горадзе. На ім багата ўсяго. На вуліцы перад магазінам “Славуціч” і аптэкай шчыльнымі радамі сядзяць прадаўцы ягад: чырванелі  клубніцы,  пахла маліна, вабіла  буйная  чарэшня, зелянеў пругкімі  бакамі  вінаград, сціпла выглядала са слоікаў  сунічка (тут яна называецца палуніца).  Дзе ж тут вытрымаеш, абавязкова што-небудзь купіш. Нельга прайсці міма  арэхаў: тут і фундук, і ляшчына, і грэцкія. Цэны — 45—50 грыўняў за 100 грамаў. Побач пахнуць сушаныя грыбы,  па суседстве жанчына прадае наборы карпацкіх лекавых траў. Апошнія таксама прапаноўваюць у розных месцах і па розных цэнах. У крытым рынку — выбар мясной, малочнай і іншай прадукцыі. Усюды кошт патрабуе ад пакупніка ўвагі: абыдзі  ўсё, тады купляй, будзеш мець матэрыяльны плюс. Украін-скае сала, можа, і не лепшае за беларускае, але ж паспрабаваць хочацца, што мы і зрабілі. Дарэчы,  яно вельмі мяккае і смачнае.  Трапіўся і добры сыр, “Гетманскі” — свежы, несалёны. Прапусціць  краму “Крымскія віны”  таксама не выпадае.  Выбралі  чырвоны “Мускат” з невялікай бочкі,  18 градусаў  моцы — аказаўся смачным.

Калі гаварыць аб прамысловых таварах, то імі рынак, можна сказаць, завалены. Курткі, сукенкі, блузкі, абутак — на любы густ і кошт. Шмат прыгожых вышыванак, сарочак і сукенак, асабліва яркія і прывабныя дзіцячыя ўборы. Праўда, гэты  тавар  мае высокі кошт. У прынцыпе, ён таго варты, бо машынная ці ручная вышыўка заўжды цэніцца.

На  ўкраінскіх  грашах  змешчаны партрэты нацыянальных герояў, дзяржаўных дзеячоў. Вядома, першае месца належыць Тарасу Шаўчэнку, выява кабзара ўпрыгожвае  стогрыўневую купюру, Іван Франко — на дваццатцы, Міхайла Грушэўскі размясціўся на 50-і грыўнях, Яраслаў Мудры  ўдастоіўся толькі дзвюх, Уладзімір Вялікі — адной. Ёсць выявы Сцяпана Бандэры і Івана Мазепы.

Украінцы паважаюць і любяць сваю мову. Яна чутна ўсюды: на вуліцах і ў крамах,  у санаторыях і аўтобусах, з экрана тэлевізара.   Мне асабліва спадабалася, што ў сталовай “Перліны Прыкарпацця” гучалі  хіты мінулых гадоў: “Чарамшына”, “У даліне туман”, “Марычка”, “Нясе Галя ваду” і іншыя  рэтра-шэдэўры  ўкраінскай  эстрады.

Надпісы на магазінах, здараецца, прымушаюць задумацца: “Цілодобово”. Аказваецца, азначае “кругласутачна”, што ахвотна перавялі мне мясцовыя.

Большасць слоў зразумелыя, усё-такі  ў нас адзіныя славянскія карані, і ўкраінскае  “будзь  ласка” падобна нашаму “калі ласка”, а  “добрага ранку” зразумее кожны.

Нацыянальныя стравы таксама не ў загане: на стале ў санаторыі былі і славутыя варэнікі, і ўкраінскі боршч.

Да паслуг адпачываючых — выбар экскурсій. Можна  з’ездзіць у Львоў, у Пачаеўскую лаўру,  у круіз  па Закарпацці, знакаміты  Букавель. У апошнім  турыстаў чакаюць  канатная  дарога, вадаспад  Прабій, гуцульскі кірмаш і мясцовыя прысмакі. Аматары  драйву  могуць  пакатацца  на карпацкім  трамвайчыку, які  едзе на падвясным мосце, спыняецца ля вадаспаду.  Ёсць і іншыя  экскурсіі, у тым ліку — у дэльфінарый.

Адпачынак вечарам у санаторыі таксама разнастайны: дыскатэка, бібліятэка, шахматы і шашкі, канцэрты мясцовых “зорак”. Так, у  пачатку ліпеня выступаў праслаўлены калектыў “Верхавіна”, ансамбль песні і танца.

Са Львова да Трускаўца хо-дзяць рэйсавы аўтобус і маршруткі. Па дарозе часта сустракаюцца храмы — у гарадках і малых населеных пунктах. Могілкі маюць сціплы выгляд — няма агароджаў і дарагіх помнікаў з граніту ці  мармуру. На ўсіх месцах пахавання стаяць  простыя белыя крыжы з бетону. Паўз дарог  шмат кустарнікаў і рознай зеляніны, але нідзе не было відаць свойскіх жывёлін.

На вакзале ў Львове вельмі тлумна ад вялікай колькасці людзей розных нацыянальнасцей. Вось прама на плітках сядзіць вялікая цыганская сям’я. Адна з жанчын пасылае хлапчука гадоў  5—6  да людзей, што стаяць у касу па білеты. Ён ідзе і працягвае руку па грошы, але вяртаецца ні з чым. Толькі адзін нецвярозы  малады чалавек падышоў да гэтай сям’і і пачаў  раздаваць  ім  грыўні. А потым прынёс торт… Шмат розных малюнкаў можна ўбачыць на вакзале.

Калі хто вырашыць паехаць у Трускавец, ведаю: не пашкадуе. Адна ноч у цягніку  Магілёў—Львоў,  і вы пабачыце цудоўны край з яго мяккім  кліматам і гаючай вадой.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!