Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 8 °C

Жыццё пражыць — не поле перайсці

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 20

У мінулы чацвер асаблівыя віншаванні з нагоды Дня пажылога чалавека прымалі старэйшыя жыхары Нясвіжчыны — людзі, якія перасягнулі 100-гадовы ўзрост, — Вольга Піліпаўна Плакса з вёскі Асмолава і Анастасія Мацвееўна Буян з гарадскога пасёлка Гарадзея.

Анастасія Мацвееўна Буян з дачкой Леакадзіяй  Пятроўнай Млявай

Анастасія Мацвееўна Буян з дачкой Леакадзіяй
Пятроўнай Млявай



 

Вольга Піліпаўна нарадзілася 10 чэрвеня 1908 года ў Малеве, выйшла замуж у Асмолава і засталася тут назаўсёды. Як і большасць вяскоўцаў, усё жыццё адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы, была паляводам. Нарадзіла і выгадавала дзвюх дачок, мае двух унукаў, праўнука і праўнучку, падрастае ўжо і маленькая пра-праўнучка. Жыве Вольга Піліпаўна ў сваім доме, дзе з дапамогай сацыяльнага работніка Марыі Чычко падтрымліваецца ідэальны парадак, сама яшчэ рухаецца па хаце і заўсёды рада гасцям. Аб адным толькі не можа яна гаварыць без слёз — пайшла з жыцця адна з яе дачок, але боль ад гэтай раны дапамагаюць суцішаць унукі, якія стараюцца часцей наведваць бабулю, прывозяць лекі і вітаміны.

— Унукі даўно ўжо клічуць жыць да сябе, — гаворыць Вольга Піліпаўна, — але няма лепш, чым у сваёй хаце. Пакуль магу, буду жыць тут. А яны лепш хай у госці прыязджаюць, я ім заўсёды рада.

Анастасія Мацвееўна Буян нарадзілася ў 1914 годзе ў Вішняўцы, што ў суседнім, Стаўбцоўскім раёне, у шматдзетнай сям’і, дзе раслі дзевяць дзяцей. З маленства прывучылася да нялёгкай працы па гаспадарцы, і калі выйшла замуж у вёску Студзёнкі, што ў нашым раёне, працавала жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы (зараз гэта ААТ “Гарадзея”) . На жаль, час і абставіны бываюць няўмольнымі — сёння побач з матуляй толькі двое з яе пяці дзяцей: дачка Леакадзія і сын Аляксей. Яны падарылі матулі траіх унукаў, пяць праўнукаў і пяць прапраўнукаў. Сама ж Анастасія Мацвееўна — спагадлівы і добры чалавек, цікавы суразмоўца, які памятае вельмі многае са свайго доўгага жыцця.

Вольга Піліпаўна Плакса

Вольга Піліпаўна Плакса

З Днём пажылога чалавека шаноўных доўгажыхарак павіншавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Толсцік, дырэктар Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Корсак і старшыні Лан-скага сельскага і Гарадзейскага пасялковага выканаўчых камітэтаў Аляксандр Лях і Уладзімір Раўбецкі. Віноўніцам урачыстасці былі ўручаны кветкі і памятныя падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Такія ж падарункі былі перададзены трэцяй доўгажыхарцы — несвіжанцы Яўгеніі Сцяпанаўне Казакевіч, якая зараз знаходзіцца ў сваякоў у Клецкім раёне.

А.М. Буян таксама прыняла віншаванні і падарункі ад сельгаспрадпрыемства, у якім працавала да выхаду на заслужаны адпачынак.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.      

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!