Доследнае поле агранома

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Працаўнікі  сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва  “Агракамбінат Сноў” сабралі сёлета з кожнага гектара па 96,4  цэнтнера збожжа, 572 — бульбы, 798 — цукровых буракоў, па 153 ц/га кукурузы на зерне і 433 — на сілас, па 54,7  ц/га алейнага насення рапсу.

Адзін са складнікаў  ураджаю — укараненне высокаўраджайных сартоў сельгаскультур, якія  найлепшым чынам падыхо-дзяць да ўмоў гаспадаркі.

Як працуюць з сартамі ў “Снове”, мы папрасілі расказаць галоўнага агранома  сельгаспрадпрыемства Аляксандра Шаманава.

— Сортаабнаўленне і сорта-змену мы праводзім  пастаянна. Усталяваліся цесныя сувязі з арганізацыямі, што займаюцца селекцыйнай работай — беларускімі і замежнымі. Напрыклад, нас  поўнасцю задавальняе чэшскі сорт азімай пшаніцы “багемія”, які дае з гектара 110 — 114 цэнтнераў збожжа. Таму штогод  завозім  40 — 60 тон эліт-нага насення. Сёлета  ў пітомніку размнажэння адначасова быў і сорт “аўгусціна” беларускай селекцыі, але ж яго максімальна змаглі атрымаць 93 цэнтнеры з гектара, — расказаў  Аляксандр Аляксандравіч. — З яравых, а мы  з каласавых сеем толькі ячмень, добра зарэкамендавалі  сябе сарты “шафль” фірмы “Сінгента”, “Ірына” фірмы КВС і чэшскі “Себасцьян”. Апошні сёлета даў 87 цэнтнераў з гектара, таму і сярэдняя ўра-джайнасць ячменю па гаспадарцы выйшла 85,3 ц/га.

Аляксандр  Шаманаў —  ураджэнец вёскі Грускова.  Закончыў  Сноўскую СШ,  у 1998 годзе  атрымаў  дыплом Беларускай дзяржаўнай   сельскагаспадарчай  акадэміі і прыехаў працаваць  аграномам у СВК “Агракамбінат Сноў”. У 2011-м  яго  прызначылі  вядучым аграномам. А з 2013 года  працуе галоўным аграномам  гэтай гаспадаркі.

Аляксандр Шаманаў — ураджэнец вёскі Грускова. Закончыў Сноўскую СШ, у 1998 годзе атрымаў дыплом Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і прыехаў працаваць аграномам у СВК “Агракамбінат Сноў”. У 2011-м яго прызначылі вядучым аграномам. А з 2013 года працуе галоўным аграномам гэтай гаспадаркі.

Перш чым на нашы палі сорт  трапіць для масавай сяўбы, ён праходзіць  выпрабаванне. Возьмем, напрыклад, азімыя збожжавыя. На полі з аднолькавай агратэхнікай  высяваем 5-6  сартоў і глядзім, як яны  пера-зімоўваюць, як рэагуюць на засуху ці, наадварот, на залішнюю вільготнасць, які даюць выхад зерня. Узважваем усе “за” і “супраць” і выбіраем лідара.

Тое ж самае і з кукурузай. Да-следавалі 58 гібрыдаў, аналізавалі вынікі. Што маем сёлета?  Сорт “калізей” фірмы КВС даў 198,9 ц/га зерня, сорт “тэсла” — 185,7,  “ратанга” — 184,9 ц/га (абодва — “сінгентаўскія”). Разам з тым, беларускія “палеская 175” — 123,7 ц/га, “лювена” — 119,4 ц/га. Тое ж самае і з выхадам зялёнай масы  кукурузы на сілас. Сёння, маючы ў гаспадарцы больш за 16 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, мы  проста абавязаны выбіраць самыя высокаўраджайныя сарты, каб забяспечыць пагалоўе дастатковай колькасцю высакаякасных кармоў. Гэта — эканоміка.

Цукровыя буракі на нашых  доследных участках былі прадстаўлены  сартамі тых жа заходнееўрапейскіх фірм. З гектара на іх сабралі ў сярэднім  па 800 — 900 цэнтнераў салодкага карэння.  Улічваем пры ацэнцы і ўзровень цукрыстасці.

Падкрэсліваю: я гавару пра тое, што добра для нашых зямель. Названыя мною гібрыды як лепшыя могуць не быць панацэяй у іншых умовах, на іншых глебах — пясчаных, супясчаных. А мы, складаючы тэхналагічныя карты, плануючы будучы ўраджай, напрыклад, збожжавых — у 10 тон з гектара — закладваем  і ўсю адпаведную тэхналогію, затраты, у тым ліку і сарты з вельмі высокім патэнцыялам. Таму і маніторым кожны  сорт.

А цяпер — што датычыць бульбы. Раней мы куплялі імпартнае насенне. Шмат сартоў прайшло праз палі агракамбіната. Спыні-ліся на сорце “брыз” беларускай селекцыі. Ён — сярэднеранні, са стабільнай ураджайнасцю, задавальняючай лёжкасцю, мае добры таварны выгляд. Карыстаецца попытам у  пакупнікоў. У сучасны момант  штодзённа адгружаем па  папярэдняй аплаце па 2-3 фуры. Мы бульбу своечасова ўбралі, прасушылі, зараз сарціруем, затарваем і прадаём. Сёлета рэнтабельнасць гэтай культуры перавысіць 100 працэнтаў.

Пры гэтым, заўважце: каб захаваць на ўзроўні лінію сорту, усе яго найлепшыя якасці, штогод купляем для размнажэння элітныя клубні.

— Аляксандр Аляксандравіч, колькі ж усяго сартоў і гібрыдаў розных культур праходзіла сёлета выпрабаванне на сноўскіх палях?

— А давайце палічым. Азімых збожжавых — 10 сартоў, яравых — 8, цукровых буракоў — 50 гібрыдаў, кукурузы — 58 гібрыдаў, азімага рапсу — 20 гібрыдаў, бульбы — 1 сорт. Усяго — 147 сартоў і гібрыдаў.

— І як выглядаюць доследныя палі агранома? Дзе яны размяшчаюцца?

— Напрыклад, пад кукурузу адведзена поле плошчай 113 гектараў. На ім выдзяляем гектараў 25 — 30 для выпрабавання гібрыдаў. Бурачная плантацыя — 86 гектараў і каля 20-і з іх занялі гібрыды на выпрабаваннях. На рапсавым полі пад доследы выдзяляецца ўчастак у 10 — 15 гектараў.

— Гэта ж такая клапатлівая работа — сяўба кожнага сорту і гібрыду, а затым — іх уборка…

— Так. На сяўбе на доследных участках мы трацім  умоўна цэлы дзень. Пасеялі адзін гібрыд — сеялку трэба ідэальна вычысціць. Затым запраўляем яе насеннем наступнага… І так да канца. Тое ж самае і на ўборцы. Камбайн пасля ўборкі кожнага гібрыду  старанна вычышчаецца. Так, час траціцца, але ж яно таго каштуе.

— Як кантралюецца ўвесь гэты працэс?

— І падчас сяўбы, і падчас уборкі каля тэхнікі на полі знаходзяцца  прадстаўнік фірмы-пастаўшчыка насення, аграном гаспадаркі і палявод. Тое ж самае — на вагавай. Ніхто не скажа, што ідзе нейкая падтасоўка, лабіраванне. Усё празрыста.

І вось, маючы на руках усе даныя па кожным сорце, гібрыдзе, мы са старшынёй гаспадаркі Мікалаем Вячаслававічам Радаманам абмяркоўваем, якое насенне будзем купляць.

— Хто ж тыя камбайнеры-віртуёзы, каму давяраеце ўборку доследных участкаў?

— Кукурузу на зерне сёлета жалі чатыры камбайны. Работу выконвалі Сяргей Вайняк, Аляксандр Грынаш, Сяргей Гаргун і Уладзімір Яфімчык. Яны ж і на збожжавых каласавых добра папрацавалі.

— Каб быў ураджай, каб кожны  сорт ці гібрыд мог прадэманстраваць увесь свой патэнцыял, раскрыць яго, патрэбен і вельмі высокі ўзровень агратэхнікі. Не сумняюся, што ў агракамбінаце  ўсе механізатары — людзі  добрасумленныя. Але ж ёсць вузкая спецыялізацыя, калі на кожнай тэхналагічнай аперацыі  заняты свае асы. Хто ж яны, майстры вышэйшага класа?

— На ворыве глебы — Валянцін Заяц і Валерый Краўцоў. На сяўбе збожжавых каласавых — Яўген Вялічка і Уладзімір Кастоўскі. На сяўбе цукровых буракоў — Аляксандр Міклашэвіч і Сяргей Гаргун. На сяўбе кукурузы — Уладзімір Кастоўскі і Дзмітрый Васінкевіч. На хімахоўных работах — Дзяніс Станкевіч і Аляксандр Карпач. Даручанае яны выконваюць якасна.

— На чым грунтуецца супрацоўніцтва агракамбіната з фірмамі-пастаўшчыкамі сартоў і гібрыдаў?

— Яны вязуць нам насенне для выпрабаванняў бясплатна. Іх задавальняе. Мяне таксама, таму што бачу тыя гібрыды на свае вочы, вывучаю іх, а не проста прачытаю пра іх у часопісе.

Доследнае поле агранома — гэта падручнік, які пішуць галоўны тэхнолаг зямлі і яго падначаленыя. Ён дапамагае знаходзіць аптымальныя шляхі вырашэння надзённых задач. Сябраваць з навукай, прымяняць яе  найлепшыя напрацоўкі — гэтым пастулатам у “Снове” кіраваліся і кіруюцца. І маюць  дастойны вынік.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фотаздымкі —

з архіва рэдакцыі.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.