Ушанавалі славутага Песняра

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

3 лістапада Беларусь адзначыла 135-ю гадавіну з дня нараджэння класіка  беларускай літаратуры    Якуба Коласа.

У Нясвіжскім дзяржаўным каледжы, які носіць імя народнага паэта, прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да яго юбілею. Гэта і пасадка пладовага саду, дзе пад кожным дрэўцам знаходзіцца шыльдачка з назвай і імем таго, хто яго пасадзіў, і ўдзел навучэнцаў у конкурсе “Адкрываю Коласа нанова”, на які яны прадставілі свае творчыя работы, і многае іншае, аб чым можна было прачытаць у выпуску “НН” №87.

А ў дзень нараджэння Якуба Коласа адбылося ўшанаванне паэта: на тэрыторыі навучальнай установы быў ад-крыты памятны знак Песняру зямлі беларускай. Каб тыя, хто прыйдзе пасля нас, ведалі, як іх нашчадкі шанавалі паэта, як вучыліся ў яго шчыра працаваць і любіць родную мову.

Алена Жураўлёва і Алег Пракарына  ўручаюць білет навучэнца сваім выхаванцам

Алена Жураўлёва і Алег Пракарына
ўручаюць білет навучэнца сваім выхаванцам

На свяце прысутнічалі навучэнцы, выкладчыкі, адміністрацыя каледжа. Са словамі віншавання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася выкладчык беларускай мовы і літаратуры Марына Енчык. Яна прывітала ўсіх са святам Каласавін, адзначыўшы:

— Гэта сапраўды вялікае свята, якое па традыцыі штогод праходзіць у нашай навучальнай установе. Юбілей Якуба Коласа — гэта не проста юбілей аднаго чалавека. Гэта юбілей усяго народа. Для нашай установы гэта імя — асаблівае, дарагое, гэта наш гонар. Мы, занятыя паўсядзённымі справамі, часам не задумваемся, як многа значыць для нас Якуб Колас — выдатны паэт, паэзія якога нясе людзям святло і радасць.

Марына Фабіянаўна ўзгадала пра гады навучання (1898 — 1902) Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Менавіта тут ён пачаў пісаць свае вершы, менавіта тут плённа вывучаў вусную народную творчасць, каб пазней стварыць свае неўміручыя «Казкі жыцця», вучыць беларусаў быць моцнымі і дужымі, як дуб, ніколі не гнуцца, як чароціна. Выкладчык адзначыла, што Якуб Колас быў настаўнікам не толькі па прафесіі, але і па сваёй чалавечай прыродзе, па стылі жыцця, па манеры паводзін з людзьмі.

— Мы павінны засвойваць жыццёвыя ўрокі Вялікага настаўніка, вучыцца ў яго жыццёвай мудрасці, разважлівасці, уменню дараваць, дапамагаць адзін аднаму, памятаць пра мінулае, дбаць пра будучыню, — сказала Марына Фабіянаўна і пажадала ўсім коласаўскай гуманнасці, плёну і даўгалецця.

Навучэнцы П-12 групы разам са сваім куратарам   Вольгай Віктараўнай Краўчук

Навучэнцы П-12 групы разам са сваім куратарам
Вольгай Віктараўнай Краўчук

Падчас мерапрыемства навучэнцы чыталі вершы Якуба Коласа і свае, прысвечаныя паэту. І былі ў тым чытанні гонар і павага, радасць і пяшчота, узрушанасць і ўсхваляванасць. А навучэнка З-31 групы спецыяльнасці «Замежная мова» Яна Сярпінская прачытала ліст да паэта, на напісанне якога яе натхніла экскурсія на радзіму Якуба Коласа, а таксама чытанне яго твораў. На працягу свята гучалі беларускія мелодыі, што надавала яму асаблівы каларыт.

Напрыканцы мерапрыемства адбылося ўручэнне білетаў навучэнцаў першакурснікам, якія толькі пачынаюць шлях у прафесію. Гэты дакумент атрымала П-12 група спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» з рук дырэктара каледжа Алены Жураўлёвай і аўтара памятнага знака Якубу Коласу, выкладчыка гэтай навучальнай установы Алега Пракарыны.

Памятны знак да юбілею   Якуба Коласа. Яго аўтар Алег Пракарына:  — Калі я ўбачыў гэты камень,  адразу вызначыў для сябе прафесійным вокам майстра, дзе і што будзе  размешчана. Такім чынам, з левага боку з’явіўся журавель, а з правага — каласы. Чаму менавіта камень?  Ён не псуецца так хутка, як дрэва.  Яно — больш для інтэр’ера.  Калі ты ўкладваеш сілы, энергію  ў працу, то хочацца, каб гэта  не гублялася, каб служыла доўга

Памятны знак да юбілею
Якуба Коласа.
Яго аўтар Алег Пракарына:
— Калі я ўбачыў гэты камень,
адразу вызначыў для сябе прафесійным вокам майстра, дзе і што будзе
размешчана. Такім чынам, з левага боку з’явіўся журавель, а з правага — каласы. Чаму менавіта камень?
Ён не псуецца так хутка, як дрэва.
Яно — больш для інтэр’ера.
Калі ты ўкладваеш сілы, энергію
ў працу, то хочацца, каб гэта
не гублялася, каб служыла доўга

У заключэнне Алена Васільеўна павіншавала ўсіх з днём нараджэння класіка беларускай літаратуры, пажадала поспехаў і выказала спадзяванне, каб такіх мерапрыемстваў было як мага больш, таму што гэта — наша гісторыя.

— Усё тое, што мы сёння пачулі, убачылі, глыбока пасеецца ў нашых душах, таму што няма будучыні без мінулага, — сказала Алена Васільеўна.

Мерапрыемства не пакінула раўнадушным ніводнага ўдзельніка, закрануўшы струнку кожнай душы, пакінуўшы там кропельку цяпла, радасці, любові і дабрыні.

Прапаную вашай увазе, паважаныя чытачы, лепшыя творы маладых дараванняў каледжа: вершы “Якуб Колас у маім жыцці’’ навучэнкі П-42 групы Ганны Плакса, “Песняры беларускай зямлі’’ — Алесі Паскробка гэтай жа групы, і ліст да Якуба Коласа Яны Сярпінскай.

 

Якуб Колас

у маім жыцці

Я не лічу сябе дарослай.

Яшчэ я пражыла нямнога,

Але ў маім жыцці, даволі

простым,

Займае многа месца Колас.

Імя мне гэтае вядома

Ужо з далёкага дзяцінства.

Знаёмства пачалося ў школе,

Ну, а цяпер, нібы — адзінства.

У школе мы чыталі творы:

І вершы, і апавяданні,

Чыталі не адзіны зборнік.

Паэмы, песні захаплялі!

Маёю мараю з маленства

Была настаўніка прафесія.

І як жа стала мне прыемна,

Што й Колас быў

на гэтым месцы.

І вось прайшло нямнога часу —

Я паступіла ва ўстанову,

Знайшла прызванне тут адразу —

“Настаўнік класаў пачатковых”.

Прыгожы горад, дзе вучуся,

Сабе абрала нездарма.

І тым, што Колас тут вучыўся,

ганаруся.

Каледж таксама носіць

Коласа імя.

Ён так любіў літаратуру,

Быў добрым знаўцам

роднай мовы,

Пісьменнікам, паэтам,

драматургам,

Настаўнікам, празаікам,

вучоным.

Ён стаў нам прыкладам ва ўсім,

Ён навучыў мяне змагацца.

І колькі б часу ні прайшло

ў жыцці,

Я буду памятаць плён

творчай працы.

І колькі цяжкасцей было,

Каб досвед захаваць

для продкаў –

135 гадоў прайшло,

А не знайшлі лепш коласаўскіх

сродкаў.

 

***

Песняры

беларускай зямлі

Песняры беларускай зямлі:

Якуб Колас ды Янка Купала.

Ваша звонкае слова гучала

над краінай ў цяжкія дні.

Вашу спадчыну мы зберажом, Ваша звонкае слова прадоўжым,

Вашы вершы ў песні складзём

І забыць Вас ніколі не зможам.

Вы вучылі Радзіму любіць,

паважаць просты люд, сваю мову.

Жыць дастойна,

сумленнымі быць,

вось такую мы робім выснову.

Ты свабодная, Белая Русь!

Твая мова здарма не прапала!

Славім Вас у вяках, песняры: Якуб Колас ды Янка Купала.

 

***

Вітаю Вас, шаноўны Якуб Колас!

Піша Вам  навучэнка З-31 групы спецыяльнасці “Замежная мова” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Так, так! Не здзіўляйцеся. Адрасаваць гэты ліст я вырашыла пасля наведвання музея на Вашай радзіме.

Змястоўна і цэласна расказваў Ваш родзіч Георгій Міхайлавіч Міцкевіч. Яго аповед даў магчымасць убачыць за велічным вобразам класіка пачуцці, клопаты і хваляванні звычайнага чалавека. Я даведалася, якім Вы былі ў паўсядзённым жыцці, у якіх умовах складваўся Ваш талент, якія выпрабаванні напаткалі Вас. Не кожны ведае, што ў маладосці Вы маглі дужацца з двума-трыма семінарыстамі і ўсіх перамагчы, што любілі “цягацца за пальцы”. Вы не прызнавалі аўтаручак, пісалі пяром №86 з чарніліцы, любілі фізічную працу, простыя сялянскія стравы і чай з лімонам. Праз Вашу маўклівасць прабівалася дабрыня… Дзяліцца такімі ўспамінамі маглі толькі блізкія людзі, якія “любяць і помняць”.

Вашы літаратурныя творы знаёмыя мне з дзяцінства. Для мяне Вы назаўсёды застанецеся волатам нашай роднай літаратуры, аўтарам маёй бібліятэкі беларускіх кніг. У Вашай творчасці, паважаны дзядзька Якуб, я знаходжу ўсё, што будзіць маю думку, саграе маё сэрца, кліча да добрых спраў.

Заканчваючы ліст, хачу прысвяціць Вам верш-удзячнасць:

Я Коласа не бачыла жывога,

Я пра яго ад родных чула многа.

Раскрыю кнігу — гутару з паэтам.

“Любіце родны край!” —

Гучаць над светам

Радкі, што сталі запаветам.

Бывайце.

Яна Сярпінская.

P.S.  Абяцаю чытаць, шанаваць і вывучаць творы народнага паэта Якуба Коласа.

 

Згадзіцеся: кранае… Ці не так?!

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.