У той час, як у многих краінах свету любяць жартаваць наконт бландзінак, англічане смяюцца з… бландзінаў. Як гэта ў іх атрымліваецца, можам даведацца і мы.
Бландзін зайшоў у ванны пакой і праз некаторы час яго жонка гукае: «Ты знайшоў шампунь?»
Бландзін адказвае: «Так, але я не ведаю, што рабіць… на бутэлечцы напісана: для сухіх валасоў, а я ўжо свае паспеў намачыць».
***
Бландзін бачыць канверт, які ляжыць на дыванку перад уваходнымі дзвярыма. Яму падаецца, што на канверце напісана «не згінацца».
Праз 2 гадзіны ён усё ж рашаецца падняць канверт і бачыць, што на ім напісана: «не згінаць».
***
Бландзін крычыць адчайна ў тэлефон: «Мая жонка цяжарная, у яе пачаліся родавыя схваткі!»
«Гэта яе першае дзіця?» — пытаецца доктар.
«Не! Гэта яе муж!»
***
Бландзін знаходзіцца ў турме, ахоўнік глядзіць у вочка камеры і бачыць, што зняволены вісіць галавою ўніз.
— Што ты робіш?— пытаецца ахоўнік.
— Хачу павесіцца, — адказвае зняволены.
— Каб павесіцца, вяроўку трэба завязваць вакол шыі, — кажа ахоўнік.
— Я спрабаваў, — адказвае бландзін, — але тады я не змог дыхаць.
***
Італьянскі турыст пытаецца ў англічаніна-бландзіна: «Чаму аквалангісты заўсёды ныраюць з лодкі спіною ўперад?»
На што той адказвае: «Ну дык, калі б яны ныралі тварам уперад, яны б падалі ў лодку».
***
Сябар бландзіна кажа яму: «Каляды ў гэтым годзе ў пятніцу».
Бландзін адказвае: «Будзем спадзявацца, што гэты дзень не прыпадае на 13-е».
***
Два бландзіны знайшлі тры гранаты і вырашылі аднесці іх у паліцэйскі ўчастак. Адзін з іх пытаецца: «Што будзем рабіць, калі адна ўзарвецца, перш чым мы патрапім туды?» Другі адказвае: «Прыйдзецца схлусіць і сказаць, што мы знайшлі толькі дзве».
***
Жанчына тэлефануе свайму суседу бландзіну: «Скажы сваёй жонцы, каб яна не забывалася апусціць фіранкі на вокнах. Учора ўся вуліца глядзела і смяялася з цябе». На што бландзін адказвае: «Як яны маглі смяяцца з мяне, калі ўчора мяне не было дома?!».
Пераклаў Ігнась АДАМСКІ.