“100 ідэй для Беларусі”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сучасная фармацыя, альтэрнатыўная энергетыка, найноўшыя інфармацыйныя распрацоўкі і аграпрамысловыя тэхналогіі…

У панядзелак на базе Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра прайшоў абласны этап рэспубліканскага інавацыйнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Больш за 30 маладзёжных праектаў — лідараў папярэдніх занальных этапаў — пазмагаліся за права трапіць у нацыянальную інтэлектуальную скарбонку і прадставіць Міншчыну ў фінале конкурсу ў завяршэнне года навукі.

Свае праекты ў гэтым годзе маладыя навукоўцы і вынаходнікі ў галіне інавацыйнай дзейнасці прэзентавалі і абаранялі перад экспертным саветам у новым і незвычайным фармаце — “Science Slam”, які прадугледжвае нефармальныя стасункі і абмеркаванне (фота 2, 3). Як патлумачылі арганізатары, “слэм” зараз самы папулярны фармат прасоўвання і папулярызацыі навуковых праектаў ва ўсім свеце.

Фото 1

З дапамогай радыёэлектронікі і праграмавання 11-класнік з Барысаўскага раёна Вадзім Машніцкі прапаноўваў зрабіць велапрагулкі не толькі карыснымі, але і інфарматыўна зручнымі (фота 1). Яго аўтарская распрацоўка “велакамп’ютар з пашыранымі магчымасцямі” дазваляе вымяраць хуткасць і пройдзеную адлегласць, паскарэнне, поўны прабег. Таксама ён можа кіраваць асвятленнем на веласіпедзе, уключаць і выключаць фары ў залежнасці ад таго, цёмна або светла на вуліцы, і рабіць усё гэта з галасавым агучваннем.

Моладзь рэгіёна прапанавала на конкурс і нямала праектаў у галіне медыцыны. Яскравы прыклад — праграма Medical Diagnostics (аўтар Аляксандр Вашчула, урач станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Жодзін-скай ЦГБ). Выдаючы з сотняў хвароб і сімптомаў толькі тыя, якія могуць быць у пацыента, абапіраючыся на анамнез, дадзеныя лабараторных і інструментальных даследаванняў, яго праграма дазволіць звесці памылку ў дыягназе да мінімуму. На думку распрацоўшчыка, калі яго праект будзе запушчаны ў Беларусі, то ён дазволіць зэканоміць мільёны долараў у год.

Міхаіл Заяц, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі дынамікі пестыцыдаў, кандыдат хімічных навук РУП “Інстытут аховы раслін НАН Беларусі”, распрацаваў тэст, з дапамогай якога можна на месцы хутка, дакладна і за невялікі кошт вызначаць сінтэтычныя фарбавальнікі ў вінах, соках і напоях. Тэст можа выконвацца ў выглядзе тэст-палосак, шпрыцавых фільтраў, рэактыву (раствору). Пры гэтым маецца магчымасць селектыўна здабываць фарбавальнікі з матрыцы з адначасовым канцэнтраваннем.

Сёлета ў конкурсе з’явілася і новая намінацыя — “інклюзіўная прастора”. Маладыя наватары сталічнага рэгіёна прапанавалі два праекты па ўключэнні лю-дзей з абмежаванымі магчымасцямі ў звычайнае грамадства — “Школа лідараў “Вяршыня” і “Мы — разам”.

Фото 2

Фото 3

Навізну распрацовак і іх патэнцыял, каб ідэі маладых людзей не засталіся назаўжды толькі на паперы ці ў выглядзе макета, ацэньвалі эксперты: другі сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Кацярына Канановіч, генеральны дырэктар інкубатара малога прад-прымальніцтва ЗАТ “МАП ЗАТ” Сяргей Найдовіч, каардынатар рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Цэнтральнага камітэта БРСМ Наталля Віннікава, галоўны спецыяліст сектара маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Марына Саўчук і пераможца конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ў 2015 годзе, уладальнік спецыяльнага гранта міжнароднага фонду, удзельнік стартап-тура Сколкава, IV форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, пераможца міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “XXI стагоддзе: маладосць інтэлекту” ў Сочы ў 2017 годзе Анастасія Лапко. Паводле іх слоў, якасць маладзёжных распрацовак паляпшаецца з кожным годам. У гэтым годзе конкурс пашырыў свой фармат. Удзельнікаў падзялілі на тры ўзроставыя групы і вызначылі некалькі намінацый для таго, каб шанцы рабят, як і іх матывацыя, былі вышэй. Усяго ў фінал рэспубліканскага конкурсу тра-піла 12 лепшых ідэй. Усе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.

Фото 4

У ліку арганізатараў абласнога мерапрыемства на нясвіжскай зямлі — раённы камітэт БРСМ і Нясвіжскі гарадскі маладзёжны цэнтр. Валанцёрамі працавалі навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа (фота 4). Музыкальнае суправа-джэнне конкурсу арганізавалі прадстаўнікі маладзёжнага цэнтра і лепшыя салісты і творчыя калектывы раёна. Іх нумары дарылі добры настрой усім удзельнікам конкурсу і іх групам пад-трымкі.

Праект “100 ідэй для Беларусі” стартаваў у 2011 годзе і стаў адным з самых папулярных конкурсаў у беларускай моладзі. Асноўная яго задача заключаецца ў матывацыі і развіцці маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, аказанні дапамогі ў прасоўванні інавацыйных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак. Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, маладыя навукоўцы ва ўзросце да 35 гадоў, а таксама людзі з абмежаванымі магчымасцямі з ліку моладзі.

Аксана ГРОХ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.