Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 9 °C

Будаўнічыя пляцоўкі змяняюць адна другую

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 22.12.2017

Снежань падыходзіць да завяршэння, і ў сельгаспрадпрыемствах раёна адзін за другім уваходзяць у строй  дзеючых аб’екты жывёлагадоўлі, якія планавалася здаць у 2017 годзе.

Колькі часу таму мы паведамлялі  ўжо (“НН” за 1 снежня), што ў СВК “Агракамбінат Сноў” пабудаваны тры памяшканні для маладняку буйной рагатай жывёлы — на фермах “Горны Сноў”, “Сычы” і “Хвоева”. Што гэта дало гаспадарцы, расказаў яе галоўны заатэхнік Мікалай Чарнеўскі:



— Будынкі прызначаны для ўтрымання  цялят на дарошчванні, узросту 2 — 6 месяцаў. Мы размясцілі ў іх 900 галоў. Павелічэнне пагалоўя жывёлы адначасова з ростам сярэднясутачнай прывагі дае магчымасць значна павялічыць  вытворчасць ялавічыны. На наступны год плануем пабудаваць яшчэ чатыры такіх памяшканні — на фермах “Хвоева”, “Сычы”, “Друцкаўшчызна” і “Горны Сноў”.

Каб не быць галаслоўнай, прывяду некаторыя лічбы, якія назвалі ў раённым упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. Па стане на 1 снежня 2017 г. буйной рагатай жывёлы ў агракамбінаце налічвалася 15043 галавы — на 1253 галавы больш леташняга (рост — 109,1 %). У лістападзе сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме ў “Снове” склала 923 грамы, што на 49 грамаў больш леташняга. За 11 месяцаў валавая прывага дасягнула 3504 тоны — на 173 т больш, чым за гэты ж перыяд 2016 года, або рост склаў 105,2 %.

Галоўны заатэхнік ААТ “Нясвіжскія
Астроўкі” Галіна Рыбалтоўская
і загадчык МТФ “Прасці”
Валерый Шарапа задаволены новымі ўмовамі ўтрымання жывёлы

У ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” сёлета  пабудавалі два аб’екты жывёлагадоўчай  галіны. Яшчэ ў ліпені — памяшканне  на цялушачніку “Прасці” для ўтрымання цялушак з 6-месячнага  ўзросту. Там іх гадуюць, у 15-месячным узросце  асемяняюць, трымаюць яшчэ 3 — 4 месяцы  і затым развозяць па малочнатаварных фермах. Гадоўля жывёлы для ўзнаўлення статка — справа вельмі адказная. І новае памяшканне  тут адыгрывае значную ролю.

— Так, — гаворыць галоўны заатэхнік Галіна Рыбалтоўская. — У новым  будынку ўтрыманне жывёлы — сучаснае. Кармавы стол, выгульныя дворыкі, належны мікра-клімат… Цялушкам тут камфортна. У новым памяшканні стаяць 250 галоў. А ўсяго на ферме — каля 700 цялушак, якія пойдуць на ўзнаўленне дойнага статка.

Даглядаюць пагалоўе чатыры асноўныя і адзін падменны жывёлаводы. Дысцыплінаванасцю, працавітасцю вылучаюцца  Ігар Лісоўскі і малады жывёлавод Яўген Галавін. Дарэчы, Яўген застаўся працаваць пасля школы. Раней на гэтай ферме шчыравалі яго бацькі, хлопец ім дапамагаў. І выбраў іх жа прафесію. Працаваў жывёлаводам і яшчэ адзін прадстаўнік моладзі “Нясвіжскіх Астровак” — Віталь Собаль, які  перайшоў у начныя вартаўнікі. Мае добрую прывычку праверыць, як паядаюць  цялушкі  корм, падкінуць яго бліжэй да жывёліны.

Другі новы аб’ект гэтага адкрытага акцыянернага таварыства — прафілакторый на 80 маленькіх цялят.  Цялятак 2-дзённага ўзросту змесцяць у індывідуальныя клеткі, дзе аператар па догля-дзе будзе выпойваць іх на працягу 30 дзён. Такое размяшчэнне жывёлы, з пункту гледжання ветэрынарыі, дазваляе пазбегнуць яе непажаданых кантактаў і ў выніку — інфекцыйных захворванняў.

Мой тэлефонны званок галоўнаму заатэхніку ААТ “Гарадзея” Наталлі Бусько 14 снежня супаў якраз  з “наваселлем” цялушак.

— Сёння ставім жывёлу ў новае памяшканне, якое ўзвялі на ферме “Дубрава”, — паведаміла Наталля Эдуардаўна. — У ім размес-цяцца 140 цялушак.

Будынкі на ферме “Дубрава” ўжо старыя, іх абавязкова трэба абнаўляць, як падкрэсліла  мая суразмоўца. Сучасныя  больш прасторныя, светлыя, у іх больш паветра, што вельмі важна для добрага засваення кармоў і стварае спрыяльны гарманальны фон.

Да таго ж, пагалоўе цялушак павялічваецца, трэба расшырацца. Усе гэтыя намаганні спрыяюць росту вытворчасці  малака. Цяпер штодзённа гаспадарка адпраўляе яго на малочны завод на 800 — 900 кілаграмаў болей, чым летась.

Ігар Лісоўскі і Яўген Галавін, жывёлаводы ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, старанна даглядаюць цялушак

Новы цялушачнік — першая ластаўка ў “Дубраве”. Але  дзей-нічае яшчэ пяць старых будынкаў. Таму ў планах — паступовая іх замена ў наступныя гады.

Паспяхова справіліся з намечанымі  на 2017 год будаўнічымі работамі і рэканструкцыяй у жывёлагадоўлі ў ААТ “Новае жыццё”. Аб гэтым мы апавядалі чытачам у газеце за 27 верасня.

Шмат робяць і іх суседзі — ААТ “Грыцкевічы”. У жніўні на МТФ “Грыцкевічы” была завершана рэканструкцыя  цялятніка, дзе ўтрымліваюцца рамонтныя цялушкі.

У канцы кастрычніка — пачатку лістапада на МТФ “Мацылёўшчына” правялі капітальны рамонт прафілакторыя для цялят узростам 0 — 2 месяцы. Як расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Яўген Здановіч, гэта дало магчымасць павялічыць колькасць жывёла-месц з 90 да 125, палепшыць умовы працы аператараў, а таксама  павялічыць прывагі маладняку і яго захаванасць.

Новае памяшканне для бычкоў ва ўзросце 6 — 12 месяцаў заканч-ваюць на ферме “Грыцкевічы”. Яно разлічана на 250 — 300 галоў. Сюды перавядуць жывёлу са старога будынка.

Новы малочны блок з’явіўся на ферме “Карцэвічы” ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” — з даільнай устаноўкай “Паралель” 2х20 фірмы  “Вестфалія”. Новае памяшканне для бычкоў здалі восенню ў эксплуатацыю на ферме “Новыя Навасёлкі” ЗАТ  “Агракамбінат Нясвіжскі”. Другі новы кароўнік пабудавалі на ферме “Лявонавічы” ЗАТ “1 Мая”.

Многае трэба будзе зрабіць і ў наступным годзе. Пра некаторыя планы “Снова” і “Гарадзеі” мы сказалі вышэй. Новыя будаўнічыя пляцоўкі з’явяцца і ў іншых сельгаспрадпрыемствах. Напрыклад, на ферме “Круты Бераг” ААТ “17 Верасня” пачнуць будаваць цялятнік. Мяркуюць узводзіць новыя фермы ў Дубейках ЗАТ “1 Мая” і Пукелеўшчыне ААТ “Лань-Нясвіж”, прадоўжыцца будаўніцтва на фермах  “Андрушы” ААТ “Сейлавічы”, “Юшавічы” ААТ “Юшавічы”, “Новыя  Навасёлкі” ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”.

У цэлым па раёне на 1 снежня налічвалася 66647 галоў буйной рагатай жывёлы. Гэта на 2094 галавы больш, чым на такую ж дату было летась. Тэмп росту склаў 103,2 %. Безумоўна, патрэбны новыя памяшканні.

Будаўнічыя работы на жывёлагадоўчых фермах і комплексах раёна — вельмі добрая прыкмета.  Аб’екты абнаўляюцца. Паляпшаюцца ўмовы ўтрымання жывёлы, умовы працы людзей. І ў выніку растуць аб’ёмы вытворчасці  прадукцыі, паляпшаецца яе якасць.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!