Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 7 °C

Гарадзея: цукровы аазіс паміж Мірам і Нясвіжам

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пад адным дахам размешчаны ў Гарадзеі пасялковы і сельскі выканкамы. Сельсавет,  якім кіруе Уладзімір Курачыцкі, аб’ядноўвае аграгарадкі Новагарадзейскі, Астроўкі, Ударны і 18 малых і вялікіх вёсак. Выканкам пасялковага Савета чацвёрты год узначальвае Уладзімір Раўбецкі, за плячыма якога амаль тры дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці. Колькасць жыхароў на тэрыторыі кожнага Савета амаль што аднолькавая — па чатыры тысячы. Вострай праблемы працаўладкавання ў Гарадзеі няма. Па дзве сотні вяскоўцаў заняты на палях і фермах ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” і КСВУП “Эксперыментальная база “Буракаводчая”. Трыста працуючых у ААТ “Гарадзея”. Пасля рэканструкцыі ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” пашырыў вытворчы штат да 1200 чалавек. Да прадпрыемства далучаны дзве гаспадаркі Капыльскага раёна.



Старшыня Нясвіжскага райвыканкама
Іван Крупко віншуе дырэктара
ААТ “Гарадзея” Мікалая Салаўя
з перамогай у раённым спаборніцтве

Выпускнікі абедзвюх гара-дзейскіх сярэдніх школ пасля вучобы ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах з дыпломамі спецыялістаў, як правіла, вяртаюцца дамоў, уладкоўваюцца на працу, заводзяць сем’і, будуюць жыллё ў Гарадзеі і навакольных вёсках.

Летась новыя дамы ўпрыгожылі аграгарадок Ударны, вёскі Астроўкі, Маляўшчына, Зарэчча, Студзёнкі, Вялікая Лысіца. Сучаснымі катэджамі і шматпавярховымі дамамі забудоўваецца і гарадскі пасёлак. Пра ўсё гэта даведаўся ад старшыні сельвыканкама Уладзіміра Курачыцкага, з якім сустрэліся ў яго рабочым  кабінеце. Як і старшыня пасялковага Савета, Уладзімір Пятровіч таксама па адукацыі педагог. Пасля заканчэння фізічнага факультэта БДУ настаўнічаў у Клецкім раёне. Кіраваў другой сярэдняй школай у Гарадзеі. Калі сем гадоў таму ўзначаліў сельвыканкам, аграгарадкамі ўжо сталі Ударны, Новагарадзейскі і Астроўкі, дзе штогод насельніцтва прырастае.

Амаль восемдзесят шматдзетных сем’яў пражывае ў вёсках сельсавета. Па паўсотні дашкалят у Лысіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячым садзе-сярэдняй школе і Ударненскім дзіцячым садзе-яслях. Запоўнены дзецьмі два садзікі і дзве сярэднія школы ў Гарадзеі. А вось у аддаленых вёсках заціхае жыццё. Дванаццаць пенсіянераў заста-ліся ў Галаўцах. Апусцелыя падворкі скупляюць гараджане пад лецішчы. Мясціна прывабная прыроднай прыгажосцю. За вясковымі агародамі цурчыць невялікая рачулка, на беразе якой за польскім часам працаваў бровар. Рэшткі пабудоў захаваліся, як і панскі мур на ўзгорку пад шатамі векавых дрэў. Старажылы памятаюць, як  прыязджаў з далёкай Канады састарэлы сын колішняга гаспадара маёнтка: прыпаў на калені і цалаваў зямлю бацькаўшчыны.

 

Амаль паўтара стагоддзя таму пасля пракладкі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі на сотым кіламетры на захад ад Мінска паўстала станцыя Замір’е, якая пасля аб’яднання з Горнай і Дольнай Гарадзеямі, Абібакамі стала называцца Гарадзеяй.

Упершыню маёнтак з такой назвай пісьмова ўзгадваецца ў судовым дакуменце 1530 года як уладанне братоў Васіля і Льва Чыжоў. Пазней ім валодалі Ганусовічы, Пратасовічы, Радзівілы, Багдановічы, Яблонскія, Брахоцкія.

У сярэдзіне ХVII стагоддзя ва ўладаннях паноў Марцінкевіча і Корбута ў Горнай Гарадзеі Кыржанеўскім заснавана царква Уваскрэсення Госпада і Жалобнай Багародзіцы. А на пачатку наступнага стагоддзя Дольную Гарадзею ўпрыгожыў праваслаўны храм Спаслання Духа Святога.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Гарадзея стала цэнтрам воласці ў складзе Расійскай імперыі. Тут вырабляліся галандскія сыры, якія прадаваліся ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.  Для сялянскіх дзяцей адкрылася школа граматы, вучнем якой быў і будучы беларускі паэт Уладзімір Жылка.

Вандраваў тут вядомы фалькларыст і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля. Аднойчы тут, на паўдарозе паміж Мірам і Нясвіжам,  у карчме ён пачуў гісторыю пра паштовага вазніцу і напісаў верш “Паштальён”. Пасля перакладу на рускую мову твор стаў народнай песняй “Когда я на почте служил ямщиком”. Наведваўся сюды і беларускі асветнік Напалеон Орда, які занатаваў у гравюры мясцовы палац Эміліі Брахоцкай. На пачатку ХХ стагоддзя, у час Першай сусветнай вайны, адсюль адпраўляў армейскія лісты рускі пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі.

У 1940 годзе Гарадзея стала гарпасёлкам. Сяляне аб’ядноў-валіся ў калгас. Але мірнае жыццё перарвала вайна. Нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі на ўскрайку мястэчка 1137 яўрэяў. На месцы вар’яцкага знішчэння паўстаў мемарыял па праекце заслужанага архітэктара Беларусі Леаніда Левіна.

У пасляваенныя гады аднавіў дзейнасць калгас, створана МТС. У канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя першую прадукцыю выдаў цукровы завод.

На працягу трох дзесяцігоддзяў у Гарадзеі праводзяцца спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе, якія сталі рэспубліканскімі. У вышэйшай лізе выступае футбольны клуб “Гарадзея”.

Гарадзея XIX ст. Гравюра Напалеона Орды

У аграгарадку Ударны, вёсках Завітая і Макашы пабудаваны аграэкасядзібы. Цудоўны забаўляльны цэнтр і па-сучаснаму абсталяваны стадыён атрымалі жыхары Гарадзеі ад цукровага камбіната. Сюды прапанаваў завітаць старшыня пасялковага Савета Уладзімір Раўбецкі, які, як высветлілася, пакуль мы гутарылі са старшынёю сельвыканкама, разам з Сяргеем Тарасевічам, Уладзімірам Маеўскім і Мікалаем Буйко пасадзіў 160 дрэўцаў у скверы каля разгрузачнай пляцоўкі цукровага камбіната.

Няспынным патокам зварочваюць з аўтастрады да Гарадзеі аўтапаязды, загружаныя караняплодамі. На разгрузачнай пляцоўцы ўзвышаецца пульт кіравання. Некалькі аператараў хутка афармляюць вадзіцелям суправаджальныя дакументы. Марына Магільніцкая дваццаць шосты сезон кожную раніцу на працу дабіраецца з вёскі Вялікая Лысіца, якая ў некалькі кіламетрах ад камбіната. Заробкам задаволена. Прадпрыемства забяспечвае і сацыяльным пакетам. Муж працуе вадзіцелем у ААТ “Гарадзея” і таксама зарабляе добра. Адпала неабходнасць трымаць жыўнасць на падворку. У Вялікай Лысіцы ад-крыты магазін гаспадаркі, дзе заўсёды багаты асартымент паўфабрыкатаў з ялавічыны і свініны. На два дзясяткі вёсак сельсавета засталося меней чым паўсотні кароў.

Круглыя суткі не спыняўся восенню прыём цукровых буракоў. Цяпер яго вядуць у адну змену. Разам з начальнікам сыравіннага аддзела Віталем Дамінікоўскім адпраўляемся да механізмаў, дзе наладжана аўтаматызаваная разгрузка тэхнікі. За лічаныя хвіліны ачышчаюцца кузавы і па транспарцёры буракі падаюцца ў кагаты.

Сёлетняя восень была асабліва шчодрай на ўраджай. Звыш 600 цэнтнераў салодкіх каранёў даў кожны гектар у ААТ “Гара-дзея”. На плантацыі працавала сучасная ўборачная тэхніка. Гаспадарка першай у Нясвіжскім раёне завяршыла ўборку гэтай культуры. Увогуле, на Міншчыне буракаводства поўнасцю механізавана.

Гарадзейскі флагман у суткі перапрацоўвае 10 тысяч тон салодкіх караняплодаў і выпускае 1450 тон цукру. Прадпрыемства ўключана ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках Беларусі. Побач з вытворчымі карпусамі — жылы пасёлак, дзе кампактна размешчаны сярэдняя школа, бальніца, дзіцячы садзік, Дом культуры, які славіцца самадзейнымі мастацкімі калектывамі “Узорыца” і “Забава”.

Гонар Гарадзеі — футбольны клуб. З мясцовага стадыёна, пабудаванага на сродкі цукровага камбіната побач з жылым пасёлкам і цудоўна абсталяванага, транслююцца па тэлебачанні паядынкі прадстаўнікоў вышэйшай лігі, у якой моцна трымаецца гарадзейская каманда.

Ветэран вайны і працы
Самуіл Емяльянаў

Гарадзейскія школьніцы

Дзіцячыя пляцоўкі, кветнікі ўпрыгожваюць утульныя дворыкі каля шматпавярховых жылых дамоў. У кватэру аднаго з іх завіталі павіншаваць з 93-м днём нараджэння ветэрана вайны і працы Самуіла Емяльянава, маладосць якога выпала на ваеннае ліхалецце. Артылерыст 2-га Беларускага фронту прымаў    удзел у вызваленні Кёнігсберга. Пасля вайны закончыў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум і працаваў начальнікам МТС у Слуцкім раёне, узначальваў Цімкавіцкі буракапрыёмны пункт, што на Капыльшчыне. Да выхаду на пенсію быў галоўным аграномам Гарадзейскага цукровага завода. Жонка Марыя Лаўрэнцьеўна працавала ў заводскай бухгалтэрыі. Атрымалі кватэру. Некалькі гадоў таму аўдавеў Самуіл Парфёнавіч. Сын жыве ў Мінску, дачка — у Расіі. Кіраўніцтва цукровага камбіната і пасялковы выканкам не забываюць ветэрана. Штодня яго наведвае сацыяльны работнік.

Ганарыцца Самуіл Парфёнавіч сваім прадпрыемствам, якое вырасла ў магутны камбінат. Жылы пасёлак упрыгожылі будынак атэля “Гарадзейскі фальварак”, рэстаран беларускай і еўрапейскай кухні, забаўляльны цэнтр сямейнага адпачынку са спорт-барам, рэстаранам, боўлінгам і більярдам. Усталяваны помнік удзельнікам Грунвальдскай бітвы, дзе на валуне выбіта: “Нясвіжскім волатам, удзельнікам і пераможцам Грунвальдскай бітвы.”

Пры ўездзе ў Гарадзею два вякі стаіць царква Спаса-Праабражэння. А з гарадзейскага пагорка пазалотай ззяюць купалы новага права-слаўнага храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Каля чыгуначнага вакзала, у старым муры, аднавіў дзейнасць рымска-каталіцкі касцёл Святога Іосіфа.

Старажылы Гарадзеі памятаюць і страшэнныя падзеі ваеннага часу: як  нямецка-фашысцкія акупанты гналі летам 1942 года з   яўрэйскага гета        праз поле тысячную калону ні ў чым         не павінных лю-        дзей. На месцы іх расстрэлу паўстаў мемарыяльны   комплекс па пра-екце архітэктара      Леаніда Левіна. Сімвалічна 1137   камянямі выкла-дзены шлях з Га-радзеі да мясціны расстрэлу па колькасці загінуўшых жыхароў. Гаротна глядзяць удалячынь расчыненыя вокны зруйнаваных дамоў, як вочы гарадзейцаў, што былі сведкамі гэтай страшэннай падзеі, і адначасова гэта вокны, праз якія яўрэі глядзелі ў апошні раз.

У брацкай магіле пахаваны савецкія воіны і партызаны, што загінулі ў баях за вызваленне Гарадзеі. Ёсць у гарпасёлку і магіла невядомага салдата.

ААТ “Гарадзея”, якім кіруе заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі  Мікалай Салавей, вучань легендарнага Героя Беларусі Міхаіла Карчміта, адно з лепшых не толькі на Нясвіжчыне, але і ў рэспубліцы. На чатырох з паловай тысячах гектараў сельгасугоддзяў утрымліваецца восем з паловай тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэднегадавы надой ад каровы — 8450 кілаграмаў малака. Тут у ліку першых на Беларусі ўвялі робатадаенне на малочнатаварнай ферме “Вялікая Лысіца”, дзе ўтрымліваецца 850 дойных кароў. На гарадзейскіх палях працуе самая сучасная тэхніка, прымяняюцца навейшыя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Па 65 цэнтнераў збожжа даў сёлета кожны гектар. Але галоўнае ў вытворчай дзейнасці, на думку кіраўніка гаспадаркі, — грашовая выручка. Дзякуючы ёй, без дзяржаўных пазык рэканструяваны жывёлагадоўчыя фермы на ўсіх чатырох вытворчых участках, пабудаваны сучасны збожжаток, узведзена больш чым паўтара дзясятка жылых дамоў для працаўнікоў. Таму і прэстыжна працаваць у гэтай гаспадарцы. Большасць жывёлаводаў і механізатараў — моладзь.

Уладзімір СУБАТ,

“СГ”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!