“Крэданс” запрашае ў свята

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сёння — першы дзень зімы, і хаця самае казачнае з усіх святаў — Новы год — наступіць яшчэ не заўтра, але магазін “Крэданс” Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” стаў рыхтавацца да яго ўжо два тыдні таму. Як расказала работнік гэтага гандлёвага аб’екта Людміла Харкова, менавіта ў гэты час тут пачалося яго святочнае аздабленне.

— Да нас прыязджалі дызайнеры з Мінска, — расказвае Людміла Яўгенаўна, — падказвалі, як лепш упрыгожыць прылаўкі, як аформіць ёлачкі. Нам здаецца, што атрымалася вельмі хораша і эксклюзіўна, і што пакупнікам прыемна да нас зайсці.

Сям’і Крыт падабаецца ў “Крэдансе” ўсё

Несвіжанка Раіса Хвір
выбірае ўпрыгожанні
для навагодняй ёлкі

Касір Кацярына Плюцінская
каля адной з ёлак,
якія ўпрыгожваюць магазін

Касір Людміла Харкова
за прыбраным па-навагодняму прылаўкам дэманструе фірменны
шакалад “Чорная панна Нясвіжа”

І сапраўды, інтэр’ер магазіна з яго стыльным асартыментам зараз яшчэ больш, чым заўсёды, нагадвае залу казачнага палаца, у якім жывуць добрыя чарадзеі, выканаўцы самых запаветных жаданняў. Наведвальнікаў сустракаюць бліскучыя прыгажуні-ёлачкі, упрыгожаныя агеньчыкамі і вельмі арыгінальнымі цацкамі, сярод якіх бачны нават далікатныя белыя птушачкі, як дзве кроплі вады падобныя да жывых. Калядныя вянкі, разнастайныя гірлянды, арыгінальныя ёлачныя цацкі, фігуркі Дзядоў Марозаў і многае іншае, што зараз запаўняе і ўпрыгожвае сабой магазін, стварае выразнае адчуванне свята — зіхаціць, пераліваецца і нібы гаворыць: “Хутка Новы год! Хутка Новы год!”.

Гэты святочны настрой адчуваюць і пакупнікі, якія ахвотна падзяліліся з карэспандэнтам “НН” сваімі ўражаннямі. Так,    сям’я Крыт з Нясвіжа ў адзін голас сказала, што ў “Крэдансе” ім падабаецца ўвесь навагодні асартымент: і цацкі, і гірлянды, і сняжынкі, і ўсё, на што можна палюбавацца. А яшчэ адна несвіжанка, Раіса Хвір, адзначыла, што яе асабліва парадавала тое, што тут можна выбраць падарунак не толькі для дарослых, але і для дзяцей, і што персаналу магазіна сапраўды выдатна ўдалося стварыць для наведвальнікаў атмасферу добрага, казачнага свята.

Дарэчы, навагоднія ўпрыгожанні, як растлумачыла касір Людміла Харкова, паступілі сюды ад надзейнага пастаўшчыка, і хаця большасць з іх — кітайскай вытворчасці, але гэта тавар, які выпускаўся спецыяльна для экспарту ў краіны Еўропы, і таму можна быць упэўненым, што ён паслужыць свайму гаспадару не адзін год. Ёсць тут і нашы, беларускія, цацкі і Дзяды Марозы. Выбар — за вамі.

Вас чакаюць у магазіне “Крэданс” кожны дзень з дзевяці раніцы да шасці вечара без выхадных. Нават адзін незвычайна прыгожы шар на вашу ёлку, набыты тут, зробіць вашу зялёную красуню непаўторнай, а свята — незабыўным. Прыходзьце і ўпэўніцеся ва ўсім самі!  

Соф’я ЛЮБАНЕЦ. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.