“…Мінулых дзён маркота”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Барыс Леанідавіч Пастэрнак нарадзіўся ў творчай сям’і. І невыпадкова, што і сам пайшоў па жыцці ў гэтым накірунку, толькі займацца стаў літаратурай, тады як бацькі былі звязаныя з музыкай і мастацтвам.

Пастэрнак прайшоў даволі супярэчлівы творчы шлях, у прынцыпе, як і жыццёвы. Спрабаваць сябе ў паэзіі ён пачаў яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, адчуўшы сябе літаратам у 1913 годзе, калі выйшла яго кніга “Блізнюк у хмарах”. Пасля рэвалюцыі 1917 года паэт займаў нейтральную пазіцыю ў літаратурных колах, хоць і лічыцца, што Уладзімір Маякоўскі аказаў некаторы ўплыў на паэта, як і некаторыя футурысты таго часу, суполкі якіх паэт наведваў.

Перыяд творчай адасобленасці паэта змяніў перыяд афіцыйнага прызнання з боку савецкай улады, якому не перашкодзіў нават той факт, што сям’я Барыса Леанідавіча — бацька і сёстры — эмігрыравала ў Германію. Праўда, трэба прызнацца, што гэты перыяд быў даволі невялікім — дзесьці з канца 20-х гадоў да сярэдзіны 30-х. Кнігі паэта выходзілі і перавыдаваліся ў той час даволі рэгулярна. Але ўжо ў 1936 годзе ўлады абвінавацілі яго ў “светапоглядзе, які не адпавядае эпосе”. Паэт быў вымушаны ў далейшым больш займацца перакладамі і прозай на сваёй дачы, куды ён пераехаў у тым жа 1936-м з Масквы.

Разам з тым, Пастэрнак здолеў пазбегнуць арыштаў, нягледзячы на далейшае з кожным годам усё большае цкаванне і крытыку, пікам якіх стала прысуджэнне яму ў 1958 годзе Нобелеўскай прэміі за раман “Доктар Жывага”, які Барыс Леанідавіч пісаў з 1945 па 1955 гады. Пад ціскам улады Барыс Пастэрнак быў вымушаны адмовіцца ад прэміі.

Для свайго перакладу, паважаныя чытачы, я абраў твор паэта, напісаны ў 1931 годзе і прысвечаны яго каханай  Зінаідзе Нейгаўз. Найбольш значныя падзеі ў жыцці аўтара можна адсочваць па яго лірыцы, як і многіх іншых выдатных паэтаў таго часу — Мендэльштама, Цвятаевай, Ахматавай. Для таго, каб быць разам, закаханыя пакінулі свае сем’і. Для Пастэрнака гэта было нялёгкай справай, што адчуваецца ў вершы: “мінулых дзён маркота” — вось якія словы выбірае паэт, каб апісаць свае сумненні, віну ў тым, што сям’я распалася і сын застаўся без бацькі ён цалкам ускладвае на сябе. Нягледзячы на хістанні, паэт прызнаецца, як ён уражаны з’яўленнем у жыцці новага кахання, аўтар пераконвае сябе, нас у тым, што ніякага іншага выхаду, акрамя таго, як паддацца новай праяве — каханню — у яго няма.

 

Никого не будет

в доме

Никого не будет в доме,

Кроме сумерек. Один

Зимний день в сквозном проеме

Незадернутых гардин.

 

Только белых мокрых комьев

Быстрый промельк моховой,

Только крыши, снег, и, кроме

Крыш и снега, никого.

 

И опять зачертит иней,

И опять завертит мной

Прошлогоднее унынье

И дела зимы иной.

 

И опять кольнут доныне

Неотпущенной виной,

И окно по крестовине

Сдавит голод дровяной.

 

Но нежданно по портьере

Пробежит сомненья дрожь, —

Тишину шагами меря.

Ты, как будущность, войдешь.

 

Ты появишься из двери

В чем-то белом, без причуд,

В чем-то, впрямь из тех материй,

Из которых хлопья шьют.

Борис Пастернак.

 

Нікога не будзе

ў доме

Не будзе больш нікога ў доме,

Апроч змяркання. І адзін

Зімовы дзень ў скразным праёме

Незавешаных гардзін.

 

Сняжынак бель, як дапамога —

І мімаходам, быццам бег.

Ёсць дахі, снег — і больш нікога,

Тут толькі дахі ёсць і снег.

 

Зачэрціць іней зноўку слотна

І развярэдзіць неспакой

Ужо мінулых дзён маркота,

Зімы турботы ўжо не той.

 

Ды зноў заколюцца цяжкія,

Што неадпушчаны віной,

І вось акно па крыжавіне

Драўляны голад здавіць свой.

 

І нечакана па парцьеры

Сумненняў дрыжыкі збягуць.

Ты цішыню да крокаў змерыш,

Што нас у “заўтра” павядуць.

 

Стаяць ты будзеш ля ўваходу

У чымсьці белым, можа быць,

Нібы з матэрый таго роду,

З якіх завею можна шыць.

Пераклад Андрэя КОЗЕЛА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.