Мовай мастацтва

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Многім несвіжанам, асабліва сталага ўзросту, знаёма імя Віктара Ульянава, які амаль увесь свой працоўны шлях (за выключэннем першых трох гадоў) прысвяціў працы ў Нясвіжскім санаторыі і звязаў з Нясвіжам амаль усё сваё жыццё. Аднак Віктар Іванавіч вядомы не толькі і не столькі як былы ўрач санаторыя, колькі як цікавы і вельмі таленавіты чалавек, пад рукамі якога звычайнае дрэва нібыта ажывае і пачынае размаўляць з людзьмі мовай пачуццяў і вобразаў, колераў і ліній.

Так, разьба па дрэве — галоўнае захапленне В.І. Ульянава. Пасля значнага перапынку несвіжане і госці горада змаглі ізноў убачыць яго работы на выставе народных умельцаў, якая была арганізавана ў раённым цэнтры культуры падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Як гаворыць сам Віктар Іванавіч, разьбой па дрэве ён захапіўся з дзіцячых гадоў. Зацікавіўся гэтым дзякуючы роднаму брату дзядулі, які добра выразаў з дрэва розныя рэчы. І хаця яго работ хлопчык не бачыў, але добрая слава майстра заінтрыгавала яго: як гэта — выразаць нешта з дрэва? Паспрабаваў сам і адчуў радасць — атрымліваецца! Не спыніла нават і тое, што аднойчы з непрывычкі параніў руку. Усё роўна дрэва прыцягвала, нібы клікала адкрыць у сваіх глыбінях тое, што не бачна іншым людзям.

Яшчэ будучы студэнтам Мінскага мед-інстытута, Віктар Ульянаў ужо меў шмат работ, выстаўляўся на выставах. Па парадзе добрага знаёмага прыйшоў у студыю разьбы па дрэве, што працавала пры тагачасным Палацы прафсаюзаў Белсавпрофа, і не памыліўся. Там яго прынялі з радасцю, і ў хуткім часе ён стаў кіраўніком гэтай студыі, два з паловай гады перадаваў сваё майстэрства моладзі.

Шматлікія граматы і дыпломы, якія В.І. Ульянаў атрымліваў за свае работы, сведчаць аб прызнанні яго таленту, а работы майстра маглі бачыць не толькі несвіжане, але і жыхары Магілёва, Мінска і нават Масквы, дзе на ўсесаюзна вядомай ВДНГ пабывалі яго работы “Сямейнае шчасце” і “Дэкрэт аб міры”.

Для сваіх работ умелец бярэ розны зыходны матэрыял — гэта можа быць і вельмі любімая ім за мяккасць і паслухмянасць драўніна ліпы, і галінкі ад абрэзкі іншых дрэў, і карчы з берагоў ракі.

— Калі бярэш кавалак дрэва і сам нешта з яго прыдумваеш — гэта адна разьба, а калі галінку ці корч — ужо другая. Корч нібы сам падказвае, што з яго можна зрабіць, — расказвае майстар.

Наконт любімых тэм для сваіх работ Віктар Іванавіч гаворыць так: напачатку быў у асноўным анімалістам — любіў выразаць жывёл. Потым, калі ўжо вучыўся ў студыі, прыняў да ведама параду перайсці на выявы людзей. І гэта ў яго таксама добра атрымалася. Чаго варта толькі работа “Полымя Хатыні”! У ёй так уражваюча спалучылася трагедыя адной канкрэтнай сям’і з трагедыяй цэлага народа, як гэта можа зрабіць толькі сапраўднае мастацтва. А ўвогуле мастак можа ўзяць як вобраз для свайго чарговага твора і птушак, і жывёл, і людзей, і цэлыя сцэны з жыцця, і гумар — усё, што заўгодна, галоўнае, каб гэта кранала самога аўтара, было яму цікавым. Гэта адразу перадаецца гледачу і стано-віцца цікавым і яму.

Напэўна, ніхто не паспрачаецца з тым, што дрэва — гэта адзін з самых цёплых матэрыялаў, з якім даводзіцца працаваць рукам чалавека. І калі ў яго яшчэ і ўкладзена цяпло душы майстра-мастака і яго непаўторнае, уласцівае толькі яму бачанне свету, гэта зачароўвае, прыцягвае, абуджае душу і пачуцці, адным словам — робіць нас лепшымі.

Радуе, што праз тыдзень, 23 снежня, у цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрыецца новая выстава несвіжаніна Віктара Ульянава, дзе ўсе жадаючыя змогуць палюбавацца на яго работы, а хто не ведае — пазнаёміцца з самім аўтарам.

Да сустрэчы на выставе!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.