Навасёлаў стала больш

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У мінулую пятніцу ў Нясвіжы па вуліцы Партызанскай

быў урачыста ўведзены ў дзеянне жылы дом на 40 кватэр,

пабудаваны для работнікаў філіяла «Нясвіжскае УМГ»

ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».

Навасёлаў павіншавалі з радаснай падзеяй намеснік старшыні праўлення ПАТ «Газпрам» Віталь Маркелаў, старшыня
Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко і генеральны дырэктар ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» Уладзімір Маёраў

Пяціпавярховы будынак быў узведзены за сродкі прадпрыемства і змясціў у сабе 10 аднапакаёвых, 20 двухпакаёвых и 10 трохпакаёвых кватэр, апошнія з якіх — з дзвюма лоджыямі. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступіла ААТ «Забудова-Строй». Як і ў многіх новабудоўлях апошняга часу, для кожнай кватэры тут прадугледжана індывідуальнае газавае ацяпленне, дзякуючы якому кожны гаспадар будзе сам рэгуляваць паступленне цяпла ў халодны час года і зможа заўсёды мець гарачую ваду.

Праекціроўшчыкі і будаўнікі паклапаціліся і пра бяспеку жыльцоў: на кухнях устаноўлены спецыяльныя прыборы — датчыкі ўцечкі газу. У кватэры падведзены ўсе камунікацыі, уключаючы аптавалаконную сувязь, устаноўлена сантэхніка. Што тычыцца так званай «чыставой» аддзелкі, то яе навасёлы вырашылі рабіць самастойна, кожны на свой густ.

Для зручнасці жыльцоў, многія з якіх маюць дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, у двары дома зроблена добраўпарадкаваная дзіцячая пляцоўка, абсталявана і аўтамабільная стаянка на 40 парковачных месцаў.

Па словах намесніка начальніка філіяла «Нясвіжскае УМГ» па капітальным будаўніцтве Андрэя Дзігмунтовіча, кватэры прадастаўляліся выключна работнікам прадпрыемства, якія стаялі на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў. Першапачатковы ўзнос аплаты склаў 10 % ад агульнага кошту жылля. На рэшту сумы прадастаўляецца беспрацэнтная растэрміноўка на 15 гадоў.

Новае жыллё — цудоўны навагодні падарунак для работнікаў філіяла «Нясвіжскае УМГ» ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь»

Уручэнне ключоў ад новых кватэр стала святам і для самых юных навасёлаў

Сярод навасёлаў ёсць тры шматдзетныя сям’і, у тым ліку — і сям’я інжынера-энергетыка прадпрыемства Уладзіміра   Васілевіча.

Звяртаючыся да прысутных, Віталь Маркелаў адзначыў, што «Газпрам» — сацыяльна-арыентаваная кампанія. Аб’екты, якія ёю ўзводзяцца, шматпланавыя: гэта жылыя дамы, будынкі спартыўнага і культурнага прызначэння.

Шчаслівыя навасёлы — маладая сям,я намесніка начальніка службы сувязі Дзмітрыя Мурзы

Важнасць сацыяльна-адказнага стаўлення кампаніі да ўмоў працы і жыцця яе работнікаў падкрэсліў і генеральны дырэктар ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» Уладзімір Маёраў.

— Сёння мары многіх збываюцца разам з «Газпрамам». Мець уласнае жыллё — гэта шчасце, асабліва — у крокавай даступнасці да месца работы. Згодна з апытаннямі, якія праводзяцца ў Расіі, «Газпрам» — гэта работадаўца нумар адзін у гэтай краіне. У Беларусі ж кампанія займае лідарскія пазіцыі па сацыяльнай палітыцы, сукупнасці льгот, падтрыманні ўсіх добрых сацыяльных пачынанняў. Сёння мы імкнёмся да таго, каб кожны наш работнік стаяў у чарзе на паляпшэнне жылля не больш за 5 гадоў, — адзначыў Уладзімір Маёраў.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Сяргея ШЭЛЕГА і Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.