Прэзідэнт правёў навагоднюю сустрэчу з лепшымі навучэнцамі краіны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Беларусі робяць усё магчымае, каб дзеці жылі ў міры і ганарыліся сваёй краінай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на навагоднім свяце для студэнтаў і навучэнцаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце. «Я шчыра рады ў такой святочнай атмасферы вітаць вас — лепшых, разумных, зусім яшчэ маладых людзей, якія падаюць вялікія надзеі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Для нас вельмі важна сёння ўбачыць тут будучых зорак, будучых вучоных. Для гэтага мы стваралі фонды па падтрымцы таленавітай, адоранай моладзі. І вельмі многія тут сёння прысутнічаюць». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення запрошаны на навагодняе свята ў Палац Незалежнасці, і гэта стане новай традыцыяй.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што хто-небудзь з прысутных у будучым абавязкова апынецца ў цэнтры палітычнага жыцця.  «Толькі майце на ўвазе: трэба вельмі шмат працаваць, а галоўнае — вучыцца», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, цяперашняе пакаленне нарадзілася і вырасла ў суверэннай, сучаснай, незалежнай Беларусі і не застала сапраўды цяжкі перыяд жыцця краіны. «Вы не ведаеце таго жыцця. Магчыма, нехта яго крылом неяк зачапіў, але не жылі ў той дзяржаве, у якой мы жылі. Добра тое, што вы — грамадзяне сапраўды суверэннай, незалежнай краіны, якую вам сваімі рукамі ствараць», — звярнуў увагу беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка заклікаў маладых людзей у будучым прадаўжаць той курс, які праводзіць цяперашняе пакаленне. «Давайце бу-дзем шчырымі: цяперашняе пакаленне стварыла гэту краіну, гэту дзяржаву, якую вам давядзецца ўдасканальваць і падладжваць, калі гэта будзе патрэбна, пад сябе. Толькі не ламайце», — дадаў ён. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сёння задача юных грамадзян — вучыцца, атрымаць дастойную адукацыю. «Мы гаворым: ІТ-краіна, лічбавая эканоміка, майнінг, біткоіны і блокчэйн. Без найвышэйшай адукацыі ў гэтай сферы нікуды не дзецца», — падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што моладзь бу-дзе любіць і шанаваць сваю краіну. «Толькі тут вы можаце рэалізаваць сябе ў поўным аб’ёме як людзі, таму што карані вашы тут. Не спяшайцеся, паспрабуйце знайсці сябе. А калі нехта, паехаўшы, атрымае веды там, помніце, дзе вы нарадзіліся, вам трэба вярнуцца, аддаць абавязак гэтай зямлі і зрабіць усё для таго, каб яна была лепшай. Там нас ніхто не чакае. Там мы будзем падручнымі, і з мільёна адзін чалавек, наш беларус, можа там рэалізаваць сябе як самастойная асоба, — даў наказ маладым людзям Прэзідэнт. — Таму цаніце свой край, любіце сваю зямлю і помніце, што на ёй жыць не толькі вашым дзецям і ўнукам, але і ўсім вам».

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў студэнтаў і навучэнцаў з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім заставацца заўсёды такімі ж таленавітымі і разумнымі, як цяпер.

У навагодняй сустрэчы з кіраў-ніком дзяржавы прынялі ўдзел 250 маладых людзей, з якіх 190 — студэнты ВНУ, у тым ліку з рэгіёнаў, 60 — навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Усе яны — лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшыя. У іх ліку пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, творчых фестываляў, лідары маладзёжных парламентаў, актывісты БРСМ, валанцёры, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта.

Міхаіл МАЦІЕЎСКІ,

БелТА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.