Несвіжане на ўсе часы: ганаровыя грамадзяне горада

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ганаровы грамадзянін — званне, якое прысвойваецца вышэйшым кіруючым органам тэрыторыі, населенага пункта

(гарадская дума, мэрыя, гарадскі савет) ў якасці ўзнагароды (заахвочвання) за заслугі перад гэтай тэрыторыяй,

населеным пунктам і сімвалізуе выключную форму выразу ўдзячнасці грамадства за дзейнасць на карысць горада,

а таксама даніну павагі да людзей, што маюць асаблівыя заслугі перад Айчынай.

Падчас святкавання Дня  Незалежнасці 3 ліпеня  мінулага года па ініцыятыве старшыні райвыканкама Івана Іванавіча Крупко ў рамках урачыстых мерапрыемстваў мы ладзілі сустрэчу з ганаровымі грамадзянамі Нясвіжа. Яны з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне прыехаць у Нясвіж на свята, і сустрэча тая была вельмі цёплай, шчырай, сардэчнай, насычанай добрымі ўспамінамі, планамі на будучае, гумарам. Аналізуючы  прайшоўшае мерапрыемства, я часта з удзячнасцю думаю, што ў плане карысці для асабістага росту і развіцця, набыцця каштоўнейшага вопыту тая чатырохгадзінная стрэча — без ніякага перабольшвання! — дала мне ў тысячу разоў больш, чым шматлікія штогадовыя курсы павышэння квалі-фікацыі ў розных установах. І вельмі рада і ганаруся, што амаль з усімі з гэтых паважаных людзей знаёма не адзін год, а з некаторымі нават падтрымліваем цёплыя адносіны.

М.П. Лешчанка

Хто ж яны, ганаровыя грама-дзяне Нясвіжа, несвіжане на ўсе часы, і за што, калі і кім было ім прысуджана гэта пачэснае званне? Абмяркоўваючы тэму ганаровых грамадзян, часта чула вельмі розныя меркаванні. Яно і не дзіўна. Бо ўсе ж мы людзі, і добрым для ўсіх не будзеш  — як кажуць, не купюра ў сто даляраў. Мне ў такіх выпадках заўсёды ўзгадваюцца словы невядомага філосафа: вы прайдзіце з яго, надзеньце яго абутак, узваліце на свае плечы тое, што нясе ён, з’ешце яго пуд солі, а потым судзіце яго словы і справы. Ад сябе хочацца дадаць: і зрабіце для гэтага горада і краіны хаця б тысячную долю таго, што зрабілі яны. Да таго ж, не трэба блытаць прызнанне ганаровым грамадзянінам з кананізацыяй, тым больш, што, як сведчыць гісторыя, і святымі станавіліся часта далёка не самыя бездакорныя людзі.

Амаль трыццаць гадоў таму, 25 мая 1998 года,  Нясвіжскім раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне № 187 “Аб заснаванні звання “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”, згодна з якім, пачынаючы з 2002 года, ганаровымі грамадзянамі нашаго горада сталі дваццаць дзевяць чалавек. Ужо па тым факце, што ад моманту заснавання звання да першага рашэння аб яго прысваенні прайшло амаль чатыры гады, можна зрабіць выснову: абмеркаванне кандыдатур было вельмі ўзважаным, усебаковым і дэталёвым. Выпадковых людзей — і гэта відавочна — у спісе ганаровых несвіжан сапраўды няма.

Пасля 1998 года ў Палажэнне аб ганаровым грамадзяніне Нясвіжа некалькі разоў уносіліся змяненні і дапаўненні, але ключавыя моманты заставаліся нязменнымі. Згодна з імі, званне “Ганаровы грамадзянін Нясвіжа” прысвойваецца грамадзянам, чый лес цесна звязаны з горадам і раёнам. Прадстаўленне грамадзян да прысваення гэтага звання адбываецца за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае, навуковае і культурнае развіццё Нясвіжа, за высокія дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці, за іншыя заслугі перад горадам і раёнам. Званне прысвойваецца рашэннем Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў па прадстаўленні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта. Асобам, удастоеным гэтага звання, уручаецца ва ўрачыстай абстаноўцы дыплом, шаўковая стужка з надпісам “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”, аднаразовае грашовае заахвочванне ў памеры дзесяці базавых велічынь са сродкаў раённага бюджэту, а з нядаўняга часу — нагрудны знак адрознення. Ён, дарэчы, быў уручаны ўсім удзельнікам сустрэчы 3 ліпеня 2017 года, і, як было  адзінадушна адзначана, выкананы з асобым густам. Кароткія біяграфічныя дадзеныя ганаровых грамадзян Нясвіжа з указаннем заслуг заносяцца ў кнігу “Ганаровыя грамадзяне Нясвіжа”, што вядзецца і захоўваецца ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

І.С. Мурын

Адразу трэба адзначыць, што ў той кнізе на самай справе ганаровых несвіжан трыццаць, а не дваццаць дзевяць. Самым першым ганаровым гараджанінам у далёкім 1975 годзе стаў Герой Савецкага Саюза Мікалай Паўлавіч Лешчанка. На жаль, мне нідзе не ўдалося знайсці тое першае рашэнне раённага Савета дэпутатаў аб прысваенні яму гэтага звання. Прадстаўлення райвыканкама, дарэчы, таксама. Мікалай Паўлавіч Лешчанка — адзі-ны, хто стаў ганаровым несвіжанінам у часы Савецкага Саюза, бо ўсе іншыя былі ўключаны ў гэты спіс ужо ў часы незалежнай Беларусі. І многія з іх, на вялікі жаль, толькі пасмяротна.

Вызваленне Нясвіжа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і імя лейтэнанта Лешчанкі звязаны неразрыўна і назаўсёды, бо ў баях за Нясвіж вызначыліся артылерысты агнявога ўзвода знішчальна-супрацьтанкавага 1318-га артылерыйскага палка менавіта пад яго камандаваннем. На працягу сутак адной (!) гарматай узвод не даваў магчымасці танкам і пяхоце праціўніка прарвацца на фланг нашых войскаў. “Гвозди бы делать из этих людей, крепче бы не было в мире гвоздей,” — думаючы пра такія чалавечыя ўчынкі падчас вайны, часта ўспамінаю радкі Маякоўскага. Тады было знішчана пяць танкаў. Пяты танк быў падбіты, калі да агнявой пазіцыі заставалася ўсяго трыццаць метраў. Цяжкі бой адной гарматы супраць васьмі танкаў ворага скончыўся перамогай нашых. За гэты подзвіг М.П. Лешчанка 25 верасня 1944 года і быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пры ўездзе ў Нясвіж з боку Стоўбцаў, там, дзе некалі змагаўся яго ўзвод, устаноўлены гармата і мемарыяльны знак — у памяць пра той бой. (Пройдзе шмат часу, і спіс ганаровых грамадзян Нясвіжа па-     поўніцца яшчэ чатырма Героямі: Героем Беларусі М.А. Карчмітам і трыма Героямі Сацыялістычнай Працы — Я.В. Аляксанкіным, М.М. Германам і А.А. Сцепановіч).

Д.П. Хмель

Мікалаю Паўлавічу Лешчанку 23 лютага гэтага года споўнілася б 95 гадоў. Нарадзіўшыся ў Дзень Савецкай Арміі, ён і прысвяціў ёй амаль усё жыццё. Скончыўшы Сумскае артылерый-скае вучылішча імя М.В.Фрунзе, быў накіраваны на фронт, ваяваў на Цэнтральным, Бранскім, Першым і Другім Беларускіх франтах, вызваляў Польшчу, быў цяжка паранены. Прайшоў вайну, да 1972 года служыў, стаў палкоўнікам, не адзін раз на Дзень Перамогі прыязджаў у Нясвіж, успамінаў ваенныя гады. Усё жыццё падтрымліваў цесную сувязь з часцю, у якой праслужыў вайну, у радах якой яму было прысвоена званне Героя. Гэтая часць, дарэчы, да 90-х гадоў дыслацыравалася на тэрыторыі Беларусі, у раёне Брэста, і ў ёй служыў і сын Мікалая Паўлавіча — Юрый.

Дыплом ганаровага грама-дзяніна Нясвіжа Мікалаю Паўлавічу  быў уручаны таксама ў Дзень Перамогі — 9 мая 1975 года. Імя Мікалая Лешчанкі носіць адна з вуліц Нясвіжа.У Нясвіжскім райвыканкаме, дарэчы, захоўваецца ліст Савета ветэранаў Першай асобнай Слуцкай Чырванасцяжнай ордэна Суворава знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады ад 23 ліпеня 1994 года з г. Зеленаграда Калінінградскай вобласці на імя У.Н. Дражына, што кіраваў раёнам у тыя гады, з хадайніцтвам аб назве вуліцы горада ў гонар іх аднапалчаніна М. Лешчанкі. Цікавыя таксама і ўспаміны Мікалая Паўлавіча, якія ён даслаў у 1988 годзе, за два гады да смерці, — яны таксама захоўваюцца ў райвыканкаме. Памер Мікалай Паўлавіч у 1990 годзе, пахаваны  ў родным Харкаве.

П.К. Прануза

У спісе ганаровых грамадзян Нясвіжа М.П.Лешчанка — не адзіны ўдзельнік Вялікай Айчынай вайны. У 2006 годзе ганаровым несвіжанінам стаў Іван Сяргеевіч Мурын, кавалер двух ордэнаў Айчыннай вайны 2-й ступені, двух польскіх ордэнаў — “Бронзавы Крыж Заслугі” і “Срэбраны Крыж Заслугі”, мноства медалёў. Як і М.П. Лешчанка, прысвяціў жыц-цё арміі, служыў да 1976 года, выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка. На працягу амаль дваццаці гадоў — з 1986 па 2005 — узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю, унёс значны асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі. Вельмі ганаруся, што была з ім знаёма, бо нашы кабінеты на другім паверсе будынка райвыканкама два гады знаходзіліся амаль насупраць адзін аднаго. Іван Сяргеевіч часта заходзіў да нас з калегай у кабінет, прасіў тое-сёе надрукаваць па яго ветэранскіх справах. Мы ніколі не адмаўлялі яму, нават калі былі вельмі занятыя, з задавальненнем заўсёды гутарылі на самыя розныя тэмы. З ім было цікава, ён даваў падчас вельмі слушныя парады, і, па-суседску сябруючы “дамамі”, як часта жартавалі, мы ніколі не адчувалі амаль паўвекавой розніцы ва ўзросце. Успамінаю яго як вельмі сціплага, тактоўнага і разумнага чалавека. З замілаваннем заўсёды глядзелі, як Іван Сяргеевіч гуляў па вуліцы разам са сваёй жонкай — колькі пяшчоты і любові было ў  тварах гэтых пажылых ужо лю-дзей, падтрымлівалі адзін аднаго! Я і тады, і цяпер, успамінаючы іх, думаю, што пражыць жыццё і старэць удваіх хацела б так, як яны.

Р.В. Каласоўскі

Адначасова з  І.С.Мурыным у 2006 годзе ганаровым несвіжанінам стаў яшчэ адзін удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэнаў  Славы 3-й ступені і Айчыннай вайны 2-й ступені, мноства медалёў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1947 года, паэт Павел Кузьміч Прануза, якога не толькі жыхары нашага горада, але і, хочацца спа-дзявацца, большасць беларусаў ведаюць як Паўлюка Пранузу. 18 сакавіка, будзе ўрачыста адзначацца 100-годдзе з дня яго нараджэння. Асабліва да гэтай падзеі рыхтуецца цэнтральная раённая бібліятэка, якая з 2015 года носіць імя паэта. Павел Кузьміч прайшоў усю вайну, дайшоў да Берліна, шмат гадоў пражыў у Нясвіжы, працаваў у каледжы (у той час — педагагічным вучылішчы), у сярэдняй школе №3. За сваё доўгае творчае жыццё напісаў мноства кніг, не адзін твор прысвяціў Нясвіжу, яго гісторыі і культуры, заўсёды славіў людзей і жыццё. Але ж пра паэта лепш за ўсё гавораць яго вершы:

Ад нараджэння і да скону —

жыцця вялікі перагон.

Гады — таварныя вагоны —

лятуць па рэйках дзён.

Іх секлі кулі і асколкі,

абпалены агнём вайны.

Іх не спыніў ні вецер золкі,

ні выбухі, ні перуны.

Я задаволены, я рады,

што не прайшлі паражняком.

Пад сонцам, снегам, ліўнем,

градам

Мой неабжыты родны дом…

 

Каб у нашых душах жыў  творца, яны павінны  быць чыстымі і бязгрэшнымі, міласэрнымі і добрымі, а храмы — дамы Бога — прыгожымі і светлымі. “На Беларусі Бог жыве!” — сказаў пісьменнік. Выхаваннем духоўнасці несвіжан, адраджэннем хрысціянства і захаваннем веры, у тым ліку і ў страшэнныя пасляваенныя часы, не адзін дзясятак гадоў займаліся ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, настаяцель Свята-Георгіеў-скай царквы ў Нясвіжы, мітрафорны протаіерэй Дзмітрый Пятровіч Хмель і ксёндз-дэкан, настаяцель касцёла Божага Цела ў Нясвіжы Рыгор Вікенцьевіч Каласоўскі. У 2002 годзе яны адначасова сталі ганаровымі грама-дзянамі Нясвіжа, імёны абодвух носяць вуліцы горада. Пра іх ніколі і ні ад кога, нават ад самых “прожженных” цынікаў, за дваццаць год жыцця ў Нясвіжы я не чула НІВОДНАГА дрэннага слова! Яны ніколі не здзяйснялі сумеснай малітвы і, мяркую, маглі нават і не чуць пра экуменізм, але доўгі час — сорак два гады! — сябравалі, з вялікай павагай адносіліся адзін да аднаго і, як маглі, падтрымлівалі і падстаўлялі адзін аднаму плячо. І я думаю часам, што нават калі б ксёндз Каласоўскі не зрабіў так шмат для захавання касцёла і выратавання яго ў вайну, айцец Дзмітрый не прыкладваў бы столькі намаганняў па захаванні царквы, а абое яны не аддалі самаадданаму служэнню Богу і людзям паўвека, звання ганаровых грама-дзян гэтага горада яны заслужылі ўжо толькі за тое, што столькі год кожны дзень яўлялі сабою ўсім акружаючым прыклад самых ісцінных, сапраўды евангельскіх адносін паміж людзьмі. Усе несвіжане ведаюць пра тое, што, калі памёр ксёндз Каласоўскі, першым святаром, што маліўся над яго труной, пакуль не прыехалі каталіцкія святары, быў наш айцец Дзмітрый.

Пасля смерці айца Дзмітрыя яго сын Расціслаў Дзмітрыевіч расказваў яшчэ пра адзін факт (а такіх было шмат!). Ксёндз Каласоўскі дзяліўся са сваім праваслаўным сябрам і радаснымі, і сумнымі звесткамі. Так, чарговы раз мясцовыя ўлады вырашылі зачыніць касцёл пасля таго, як стала вядома, што ксёндз працягвае хрысціць немаўлят без абавязковай папярэдняй грамадзянскай рэгістрацыі. Справа зайшла вельмі далёка, упаўнаважаны па справах рэлігій быў няўмольны — ксяндзу Гжэгажу далі тры дні і, здавалася, нішто не магло перашкодзіць закрыццю храма. І тады айцец Дзмітрый сеў на свой старэнькі матацыкл (!) і накіраваўся ў Мінск. Аднаму яму вядома, дзякуючы якім каналам і сувязям (трэба памятаць, што пры ўла-дзе тады яшчэ было шмат удзельнікаў вайны, такіх, як і айцец Дзмітрый, і паняцце “баявое сяброўства і братэрства” для іх было не пустым гукам) усё ж удалося адстаяць касцёл.

“Гвозди бы делать из этих людей…”

Ірына ЦІХОНКА,

начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Нясвіжскага райвыканкама.

(Працяг будзе).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.