Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Несвіжане назаўсёды: ганаровыя грамадзяне горада

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

(Працяг. Пачатак у № 1)

Асаблівае і пачэснае месца

ў спісе ганаровых грамадзян

Нясвіжа займаюць снаўчане,   большасць з якіх назаўсёды

аб’яднаў сельскагаспадарчы

вытворчы кааператыў

“Агракамбінат Сноў”,

колішні калгас  імя Калініна,

якому кожны з іх аддаў

шмат гадоў  свайго жыцця

і працы.

На свяце 3 ліпеня 2017 года, што аб’яднала ганаровых грамадзян Нясвіжа, не было Мікалая Вячаслававіча Радамана. На жаль — для нас. Для яго ж  — у той момант якраз надарылася магчымасць паехаць у водпуск, што пры яго татальнай занятасці здараецца вельмі рэдка, а таму асабліва каштоўна. Тым больш, адпачынак быў з сям’ёй. Каму шмат дадзена, той амаль не належыць сабе: нядаўна на пытанне, калі Мікалай Вячаслававіч плануе чарговы адпачынак на бягучы год, ён з сумам пажартаваў: “Пытаеце ў сляпога дарогу…”



У 2014 годзе Мікалай Вячаслававіч Радаман стаў ганаровым грамадзянінам Нясвіжа (споўнілася як раз дзесяць год, як ён узначаліў агракамбінат), а трыма гадамі раней — у 2011-м — атрымаў званне “Чалавек года Міншчыны”.  Менавіта так, з вялікай літары — Чалавек. Ён, бясспрэчна, заслужыў гэтыя званні. І не толькі за вядомыя далёка за межамі Беларусі еўрапейскія вынікі сельскагаспадарчай вытворчасці, інавацыйныя ідэі, высокія надоі і ўраджаі, развітую інфраструктуру СВК “Агракамбінат Сноў”, але, на мой погляд, у большай ступені за іншае, больш важнае.

Ён — чалавек, слова якога мае вагу, да меркавання якога прыслухоўваюцца, дзе б ён ні з’яўляўся. І не проста прыслухоўваюцца — шмат яго слушных і правераных на вопыце прапаноў уваходзіць у законапраекты.

Чалавек, які душой хварэе за справу, для якога не існуе дробязей, які не цураецца асабіста паехаць на размеркаванне ў ВНУ, выглядзець там сваім “рэнтгенаўскім” вокам перспектыўнага маладога спецыяліста і потым прыкласці ўсе намаганні, каб утрымаць таго ў гаспадарцы, — і тады ўжо не дапросішся ў Мікалая Вячаслававіча добрага “кадра” ў перспектыўны рэзерв!

Чалавек, для якога патрыятызм — не пусты гук. Шмат гадоў мы сустракаем самыя розныя дэлегацыі з усіх канцоў свету, і кожны раз — часта бываю таму сведкай — з вялікім гонарам за сваю краіну Мікалай Вячаслававіч заўсёды і ўсім падкрэслівае: “Раней мы ездзілі пераймаць вопыт за мяжу, а сёння іншаземцы прыязджаюць глядзець на нашы дасягненні і вучыцца ў нас!”. І ніколі, і нікому не дазваляе ні слова крыўднага сказаць пра сваю Радзіму.

Даўно ўжо прыйшла да высновы, што Бог дае шмат таму, хто ва ўсім адданы і верны — сваёй Ра-дзіме, сваёй сям’і, сваёй справе. Хто не шукае лепшай долі за мяжой і не імкнецца, як у тым фільме “Белыя Росы”, “жизнь прожить, чтоб не притомиться”.  Мікалай Вячаслававіч шмат разоў ужо мог крута змяніць і сваё жыццё, і сваю кар’еру, і месца жыхарства. Але ж ён працягвае жыць на сваёй зямлі, сорак гадоў працаваць у адной гаспадарцы, сябраваць з аднымі і тымі ж людзьмі, не зважаючы на званні і пасады, быць адданым сваёй сям’і, — усё гэта заслугоў-вае самай глыбокай павагі.

Яшчэ ён — чалавек з высокім пачуццём сацыяльнай адказнасці, што ў маёй асабістай шкале каштоўнасцей уваходзіць у “тройку лідараў” чалавечых якасцей. Трынаццаць гадоў Мікалай Вячаслававіч дапамагаў раённаму аддзяленню Дзіцячага фонду (ды і абласное не крыўдзіў), ніколі не адмовіў на просьбу аб дапамозе. Заўсёды жаданы госць ён у Гарадзейскай школе-інтэрнаце. Бо добра разумее прапісную ісціну: што аддаў — тваё. Ён і сноўскі касцёл адрамантаваў, і царкву не забывае — і не толькі сноўскую. Дарэчы, адзін з нямногіх нашых суайчыннікаў, хто ўзнагароджаны ордэнам Свяціцеля Кірылы Тураўскага 2-й ступені, медалём Кірылы Тураўскага. Ён шмат дапамагае сноўскай школе — і не таму, што дырэктарам там жонка, а таму што там 340 (!) дзяцей  работнікаў яго гаспадаркі. Прызёрам раённых алімпіяд гаспадарка выплачвае стыпендыю на працягу года і шмат чаго іншага.

М.В. Радаман

Чалавек нераўнадушны, што таксама ў той тройцы. Людзі, што прыходзяць да яго, атрымліваюць рэальную дапамогу. І не абы якую. Але пра гэта мала хто ведае, бо ён не крычыць пра гэта направа і налева. Калі былой работніцы адной з гаспадарак раёна, што не адзін дзясятак гадоў аддала цяжкай сялянскай працы на карысць раёна, паставілі страшэнны дыягназ, менавіта Радаман дамогся таго, каб жанчыне зрабілі аперацыю бясплатна, а не за вялікія грошы, бо за працай той так і не было калі атрымаць беларускае грамадзянства. Мікалай Вячаслававіч не адмахнуўся, дайшоў з гэтай просьбай да Наталлі Іванаўны Качанавай, якая на той час працавала віцэ-прэм,ерам, — і жанчыне дапамаглі. І такая гісторыя не адзіная.

Заслужаны работнік сель-скай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях, прыродакарыстанні, экалогіі і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, дэпутат Сноўскага сельскага Савета дэпутатаў, старшыня Рэспубліканскага і абласнога аграпрамысловых саюзаў, член Наглядальнага савета ААТ “Белаграпрамбанк”, лаўрэат звання “Чалавек года Міншчыны – 2011”, кавалер ордэна Айчыны 3 ступені, медаля “За працоўныя заслугі”, старшыня вытворчага сельскагаспадарчага кааператыва “Агракамбінат Сноў” Мікалай Вячаслававіч Радаман поўны новых планаў і задумак, ажыццяўленне якіх яшчэ больш умацуе эканоміку, палепшыць дабрабыт людзей.

Безумоўна, добрым падмуркам і матывацыяй  росту для Мікалая Вячаслававіча Радамана стала тое, што яго папярэднікамі і сучаснікамі былі ажно тры Героі — Герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт і Героі Сацыялістычнай Працы Якаў Васільевіч Аляксанкін і Алена Андрэеўна Сцепановіч. Усе трое па рашэнні Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў ад 25 студзеня 2002 года № 62 сталі ганаровымі грамадзянамі Нясвіжа.

М.У. Мясніковіч са старшынёй Нясвіжскага райвыканкама
І.І. Крупко і генеральным дырэктарам СП ТАА “Фармлэнд”
І.І. Лагавым (справа налева)

Якаў Васільевіч Аляксанкін — праслаўлены старшыня вядомага ордэна Дружбы народаў калгаса імя Калініна, кандыдат эканамічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы, якому б у гэтым годзе магло споўніцца 95 гадоў. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэна Айчыннай вайны першай ступені, двух ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, ён у 1951 годзе ўзначаліў гаспадарку, якая ўжо праз тры гады стала першым мільянерам у раёне. Асноўную ўвагу надаваў вытворчаму будаўніцтву: за два гады было пабудавана каля шасцідзесяці вытворчых памяшканняў. На прамысловую аснову паставіў развіццё жывёлагадоўлі, напісаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблеме эканамічнага развіцця і культурнай перабудовы сяла. Ды яе і не трэба было асабліва абараняць — дастаткова было прывезці камісію ў Сноў. У васьмідзясятых гадах ураджайнасць асноўных сельскагаспадарчых культур па калгасе складала: збожжавых — 40 — 50 цэнтнераў з гектара, бульбы — 300 — 350 цэнтнераў, цукровых буракоў — 400 цэнтнераў. Для таго часу гэта былі вельмі добрыя паказчыкі.

Я.В. Аляксанкін шмат увагі надаваў паляпшэнню жыцця калгаснікаў. Яшчэ ў шасцідзясятыя гады было разгорнута шырокае жыллёвае будаўніцтва, акрамя двух пасёлкаў, ужо ў той час функцыянавалі школа-інтэрнат, сетка магазінаў, гасцініца, зімовы плавальны басейн, пральна-лазневы камбінат. Якаў Васільевіч неаднаразова выбіраўся членам абкама КПБ, членам Рэспубліканскага Савета калгаснікаў, дэпутатам Нясвіжскага раённага і Сноўскага сельскага Саветаў дэпутатаў. Ганаровым грамадзянінам нашага горада Я.В. Аляксанкін  стаў пасмяротна (памёр ён у 1991 годзе).

Міхаіл Аляксандравіч Карчміт узначаліў калгас імя Калініна перад распадам СССР — у 1988 годзе. Гэта пры ім з 14 красавіка 1994 года гаспадарка змяніла назву на калектыўнае прадпрыемства — агракамбінат “Сноў”. Ва ўзнагародным лісце М.А. Карчміта на імя Прэзідэнта краіны чытаю: “…За апошнія чатыры гады сярэдняя ўраджайнасць збожжавых культур, бульбы, цукровых буракоў склала па гаспадарцы 52,1, 291 і 452 цэнтнеры з гектара адпаведна, а ў 1998 годзе — 52,4, 373 і 554 цэнтнеры. Узровень прадуктыўнасці грамадскай жывёлагадоўлі ў 1998 годзе склаў: надой малака ад каровы — 5945 кілаграмаў, сярэднясутачны прырост буйнай рагатай жывёлы — 671, свіней — 467 грамаў. На дзейнічаючым у гаспадарцы мясакамбінаце ў 1998 годзе перапрацавана 7,072 тысячы тон мяса, асартымент мясных і каўбасных вырабаў налічвае 35 відаў…” Цяпер большасць  з гэтых лічбаў засталіся далёка ў мінулым, і, прачытаўшы іх, снаўчане толькі ўсміхнуцца. Але ж як і дваццаць гадоў таму, так і зараз Сноў па-ранейшаму ў авангардзе. І свой важкі ўнёсак у гэта зрабіў заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна “Знак Пашаны”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1997—2004 гадоў, пакуль адзіны на Нясвіжчыне (ды што там на Нясвіжчыне — на ўсю краіну іх усяго адзінаццаць!) Герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт.

Я.В. Аляксанкін

А.А. Сцепановіч

М.А. Карчміт

У 1976 годзе Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы атрымала Алена Андрэеўна Сцепановіч, якая сорак два гады — з 1956 па 1998 — працавала спачатку паляводам у Горным Снове, а затым аператарам па вырошчванні парасят у сноўскім агракамбінаце. Кавалер двух ордэнаў Леніна, ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Алена Андрэеўна ўзнагароджана Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета Беларусі, неаднаразова выбіралася дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і Вярхоўнага Савета народных дэпутатаў Беларусі, з’ўлялася членам праўлення агракамбіната.

Усе ўзгаданыя снаўчане — шчырыя і адданыя сваёй зямлі працаўнікі. І сноўская зямля шчодра і з ліхвой іх узнагароджвае і ўраджайнасцю з надоямі і прывагамі, і пасадамі ды званнямі. Калі-нікалі думаю, што СВК “Агракамбінат Сноў” проста не мог не прагрымець, калі сваё жыццё і працу яму аддавалі і працягваюць аддаваць такія людзі.

Аповед пра снаўчан быў бы няпоўны і без яшчэ аднаго ганаровага грамадзяніна Нясвіжа, хоць ён і не працаваў у знакамітым агракамбінаце. Рашэннем Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 лютага 2015 года № 51 на падставе рашэння Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта ад 16 лютага 2015 года званне ганаровага несвіжаніна было прысвоена Міхаілу Уладзіміравічу Мясніковічу, які, як кажуць, у прадстаўленні не мае патрэбы. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу  Рэспублікі Беларусь, член Савета Міністраў, прафесар, доктар эканамічных навук, ён унёс значны ўклад у адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны Нясвіжчыны, ва ўмацаванне сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу горада і раёна, робячы ўсё, ад яго залежнае, каб Нясвіжская зямля квітнела, за што яму шчыры дзякуй.

Пералічваць паслужны спіс Міхаіла Уладзіміравіча можна доўга. Быў ён у свой час міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР, памочнікам Прэзідэнта па асобых даручэннях па         г. Мінску, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнтам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Прэзідыум якой, дарэчы,  узначальвае па сённяшні дзень. Ён з’яўляецца старшынёй Назіральнага Савета Парка высокіх тэхналогій, кіраўніком дзяржаўнай комплекснай прыкладной навукова-даследчай праграмы “Нацыянальная бяспека Рэспублікі Беларусь” і намеснікам старшыні Камітэта  па дзяржаўных прэміях краіны. А яшчэ Міхаіл Уладзіміравіч — адзін з тых, хто разглядае кандыдатуры для прызначэння стыпендый Прэзідэнта таленавітай беларускай моладзі. Неаднаразова М.У. Мясніковіч атрымліваў Падзякі ад Прэзідэнта краіны, з’яўляецца кавалерам ордэна Айчыны трэцяй ступені. І сярод шматлікіх узнагарод з годнасцю і асаблівай цеплынёй і пашанай нясе званне ганаровага грамадзяніна Нясвіжа.

Ірына ЦІХОНКА,

начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Нясвіжскага райвыканкама.

(Працяг будзе).

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!