Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

«Голасна казаць па-свойму!»

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 2 3

За днём Святога Валянціна, які адсвяткавалі нядаўна і ад якога заўсёды большае душэўнай цеплыні і пяшчоты, прыходзіць Сусветны дзень роднай мовы. Не будзем і тут забывацца на кветкі і віншаванні, успомнім людзей, якія вучылі нас моўным правілам, далікатнасці ў слове, самавыяўленню ў моўнай традыцыі — шануй сваё, ведай і ганарыся! Яшчэ Алаіза Пашкевіч (Цётка), амаль сто гадоў таму напісала як запавет нашчадкам: «Майце сілу і адвагу трымацца роднага слова. Майце смеласць усюды голасна казаць па-свойму». Скарбам вечным называла яна беларускую мову. Хіба не след сёння нам прыслухацца, зразумець гэты высокі покліч беларускай душы!



Свята было заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года.


Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы і заклікала членаў, дзяржавы ААН, садзейнічаць яго выкананню.
Як бачым, Дзень роднай, матчынай мовы — свята маладое. Адзначаць яго мы ўзяліся апошнія гады, пераважна дзякуючы ініцыятывам грамадства, у прыватнасці, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), а таксама раённым культурна-адукацыйным установам.
Акурат цяпер, з пачатку 2018 года на Нясвіжчыне ўзнаўляецца дзейнасць раённай арганізацыі грамад-скага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы”. І клопат, і гонар усіх нераўнадушных — зрабіць так, каб арганізацыя стала шматлікай і дзейснай, каб мова, дзякуючы агульным намаганням, набывала новыя прыярытэты ў грамадстве, заставалася сродкам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Нам пашчасціла жыць у гістарычна адметнай, культурна багатай, гаспадарча паспяховай мясціне беларускай зямлі. Бачна імкненне ва ўсіх накірунках жыццядзейнасці трымаць лідарскія пазіцыі. Дык што замінае, каб гэтак жа было і з роднай, тытульнай мовай нацыі, яе ганаровым месцам у нашым доме? Нясвіж — горад беларускага першадруку, своеасаблівая “культурная сталіца” краіны, якая вабіць гасцей і турыстаў. Гэта яшчэ больш абавязвае жыхароў горада і раёна быць прыкладам у мовакарыстанні, ісці паперадзе ў адраджэнні і развіцці роднай мовы.
Тут ёсць і радасці, і засмучэнні. Апошнія насцярожваюць, прымушаюць задумацца. У многіх сем’ях, нават вясковых, беларуская мова перастае быць роднай, “матчынай”, хіба толькі застаецца мовай папярэднікаў, хай сабе і блізкіх, — дзядуль і бабуль. Але не бацькоў. Нядаўна загадчыца аднаго з дзіцячых садкоў была нечакана ўзрушана, як яе маленькія выхаванцы, пачуўшы чыстую беларускую гаворку, дружна занепакоіліся і нават паскардзіліся: анічога не зразумелі!
Ці ж натуральна, калі родная мова ўспрымаецца як замежная, у нас на вачах робіцца незапатрабаванай, чужой?!
Апошнім часам выбар беларускамоўнай прыхільнасці менш ды менш заўважаеш у асяродках настаўніцтва, а таму, зразумела ж, і школьніцтва. Нават у школах з беларускай мовай навучання (ведаю гэта са сваіх шматгадовых педагагічных назіранняў) нярэдкія выпадкі правядзення выхаваўчых, інфармацыйных гадзін, школьных лінеек, святочных мера-прыемстваў, вечароў і ранішнікаў, бацькоўскіх сходаў не на мове, прадугле-джанай статутам установы.
Зусім слушнае меркаванне, што адносіны да мовы фарміруе не толькі сям’я, садок, школа, але і ву-ліца, крамы, этыкеткі тавараў і моўны этыкет прадаўцоў, іншыя грамадскія месцы. Глянем крытычным вокам і спытаем сябе: ці спрыяе наша асяроддзе патрыятычнаму самапачуванню? Ці напоўніцу скарыстаны і гэты выхаваўчы рэсурс?
Але ж усё ў рэшце рэшт залежыць ад нас саміх і нашага добрага прыкладу: гавары па-беларуску, голасна кажы па-свойму! Некалькі добрых прыкладаў.
Працуючы ў прыватным прадпрыемстве сферы паслуг, Міхаіл Мікалаевіч Асмыковіч вядзе перамовы з кліентамі па-беларуску, гэтак жа, на роднай мове, без цяжкасці можа аформіць тэхнічную дакументацыю, пісьмовыя дамовы з заказчыкамі.
Станіслава Георгіеўна Вальчык — выдатная знаўца роднай мовы — з ахвотай узялася праводзіць заняткі “Роднае слоўка” з маленькімі гадаванцамі дзіцячага садка, дзе выхоўваюцца яе ўнукі.
Яшчэ адна прыемная агульнабеларуская навіна. Днямі ў Мінску перапахаваны (пасля вяртання на ра-дзіму) парэшткі Магдалены Радзівіл — шчодрай мецэнаткі ў беларускае слова. Якім разуменнем значэння мовы як сродку самавыяўлення народа трэба было валодаць больш за сто гадоў таму, каб гэта рабіць, ахвяруючы ўласнымі сродкамі! Нездарма імя Марыі Магдалены і яе справа так дарагія нам сёння, калі краіна ўмацоўвае сваю незалежнасць, імкнецца да адметнага вобліку, пазнавальнасці ў свеце.
Не варта забываць пра сённяшнюю пазіцыю вышэйшага кіраўніцтва. А яна як ніколі спрыяльная для развіцця беларускамоўнай камунікацыі — было б жаданне. Набыўшы беларускі голас, беларускамоўны воблік, наша Нясвіжчына і горад-помнік Нясвіж стануць яшчэ больш прывабнымі.
Першая і найбліжэйшая справа адноўленай арганізацыі і яе суполак — 11-я агульнанацыянальная беларуская дыктоўка. Яна падрыхтавана па тэкстах нясвіжскай тэматыкі, якія цікава будзе пачуць і напісаць. Запрашаем на сустрэчы з родным словам!
Наталля ПЛАКСА,
старшыня раённай
арганізацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства
беларускай мовы”.

2 комментария

2 комментария

  1. Наталля Плакса:

    Дзякую Вам, шаноўная пані Вікторыя, за добрыя словы на адрас аўтараў «Нясвіжскіх навін». Так, гэта добра — цікава, шчыра, хораша пісаць пра важнае, патрэбнае, роднае. Але не менш важна газеце і яе аўтарам мець ТАКОГА ТАЛЕНАВІТАГА ЧЫТАЧА! Быць разумным, уніклівым, неабыякавым чытачом — гэта таксама вялікі талент.
    Віншую і Вас з Днём роднай мовы. У Вас вельмі добра атрымалася па-беларуску.
    З павагай і ўдзячнасцю Н.П.

  2. wiktoria:

    У ДЗЕНь РОДНАЙ МОВЫ я хотела б передаць віншаванні і словы падзякі за тое,што магу чытаць цікавыя матэрыялы ў «Нясвіжскіх навінах». Захапляе ўсё! Пані Наталля Плакса, пані Соф’я Любанец, пані Валянціна Шчарбакова — гэта майстры беларускай мовы! Дзякуй вам!

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!