Іпастасі Аляксандра Сукалы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На маю просьбу даць

характарыстыку

механізатару

Аляксандру Сукалу 

дырэктар адкрытага

акцыянернага таварыства “Нясвіжскія Астроўкі” Васіль Халопіца сказаў

коратка і ёміста:

— Рабацяга! Такіх

пашукаць яшчэ трэба.

Яму без розніцы,

якую работу выконваць…

 

І сапраўды — у якіх толькі ролях ні выступае Аляксандр Пятровіч, якая толькі тэхніка ні падуладна яму. Магутны трактар “Джон Дзір”, які ходзіць па палях  у счэпе з 8-корпусным плугам на ворыве або 6-мятровай сеялкай “Амазоне” падчас вясновай і асенняй пасяўной. Акрамя збожжавых культур, летась А. Сукалу даручылі і сяўбу цукровых буракоў. Упершыню. І нічога, спра-віўся. Першы блін камяком не выйшаў.

— Калі захочаш — усё атрымаецца, — упэўнены мой суразмоўца.

Ён паведаміў таксама, што сельгасмашыны, якія за ім  замацаваны, да работы амаль падрыхтаваны. Сеялка практычна гатова. У плузе засталося давесці дробязі. Тэхніку механізатары ставяць на лінейку гатоўнасці па меры паступлення ў гаспадарку запчастак. Аляксандр Сукала спадзяецца: пакуль ён адпачне зараз у водпуску, пытанні з апошнімі будуць вырашаны, і ён завершыць рамонт, каб вясну сустрэць у поўнай баявой гатоўнасці.

Яшчэ за механізатарам замацаваны  кормаўборачны комплекс “Ягуар-870”. На ім нарыхтоў-вае  падчас сезону сянажную і сіласную масу. Напрыклад, у 2016 і 2017 гадах першай нарыхтаваў адпаведна 7830  і 9283 тоны, другой (а гэта ў асноўным сілас з кукурузы) — адпаведна 13957 і  18189 тон.

У час жніва ўбірае збажыну камбайнам “Мега-360”. А калі ўсе палявыя работы заканчваюцца, зімой, на трактары МТЗ корміць на фермах буйную рагатую жывёлу. Трактар агрэгатуецца з кормараздатчыкам, які фрэзой выразае з траншэй патрэбную колькасць сенажу і сіласу, змешвае іх. Гэтую сумесь механізатар дастаўляе ў кароўнікі, размяркоўвае яе па кармавых  сталах і карытах. Усё — згодна з кармавым рацыёнам.

— Робіць ён гэта акуратна, корм  раскладваецца раўнамерна, — задаволена працай Аляксандра  Сукалы галоўны заатэхнік гаспадаркі Галіна  Рыбалтоўская. — па колькасці корму  дзень на дзень не прыходзіцца. Калі сумесь застаецца недаедзенай, туды яе ў наступны раз завозім меней. Гаворым пра гэта Аляксандру — і ён выконвае ўсё, як належыць. Тэхніку ведае, з камп’ютарам на “ты”.

Абслугоўвае А. Сукала МТФ № 1 “Малінаўка”, № 3 “Астроўкі” і МТК-4 “Прасці”. А гэта каля 700 кароў. Так што ад стараннасці  механізатара ў пэўнай ступені  залежыць не толькі ўраджай сельгаскультур, але і надоі малака. Сапраўды, на ўсе  рукі майстар.

Пра Аляксандра Сукалу з “Нясвіжскіх Астровак” мы пісалі ці ўспаміналі ў той ці іншай  газетнай публікацыі не раз. Ён то на збожжавай ніве, то каля кормаўборачнага камбайна, то выступае  падчас раённых зажынак, якія ладзіліся летась у іх акцыянерным таварыстве. Яго партрэт занесены на раённую Дошку Гонару па выніках работы за 2016 год. Лепшы механізатар гаспадаркі, перадавы камбайнер… Ужо каторы  год ён выходзіць пераможцам  спаборніцтва сярод камбайнераў свайго акцыянернага таварыства! Так, у 2016-м на камбайне  “Мега-360” убраў 254,8 гектара, намалаціў 1297,4 тоны зерня ў бункернай вазе. Летась гэтыя паказчыкі павысіліся. Зжаў 266 га, намалаціўшы 1720,3 тоны.

У сельгаспрадпрыемства “Нясвіжскія Астроўкі” Аляксандр Сукала прыйшоў працаваць  механізатарам у сакавіку 2005 года. Дагэтуль былі вучоба ў Ляхавіцкім сельгастэхнікуме на агранамічным ад-дзяленні, служба ў арміі, работа загадчыкам майстэрняў, затым — механізатарам у Карэліцкім раёне. І веды, і вопыт ужо набыты. А стараннасць, добрасумленнасць пры выкананні даручанага прысутнічаюць у яго характары. Таму яму базагаворачна давяраюць.

— Любы від тэхналагічнай аперацыі ў земляробстве выконвае добра, нават выдатна, — кажа  галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Грох. — Працаўнік з высокай кваліфікацыяй, таму і якасць высокая. Я задаволены яго работай.

Зразумела, таму і ўключаны Аляксандр Сукала ў склад дэлегацыі “Нясвіжскіх Астровак” на сённяшні раённы злёт перадавікоў.

А цяпер не пабаюся здацца банальнай, успомніўшы крылатую фразу “Не хлебам адзіным жывы чалавек”. Яна вельмі дапасуе да актыўнай  жыццёвай пазіцыі Аляксандра Пятровіча. Бо ў яго ёсць  захапленне: музыка, песня, сцэна. Пра гэта я даведалася мінулай  восенню ад глядачкі аднаго з канцэртаў у Астроўскім сельскім доме культуры — Галіны Аляксандраўны Хваль. Канцэртная праграма была прысвечаная Дню маці. Пенсіянерка адзначыла: як  добра, што вяскоўцы з такой карысцю бавяць вольны час, артыстам і  самім прыемна, і гледачам дораць хвіліны радасці і цеплыні. Дарэчы, яна пасля канцэрта гэту сваю думку выказала Аляксандру Сукалу, падкрэсліўшы:

— Які ты, Сашка, маладзец.

Аляксандр спявае сольна, у  дуэце, у квартэце. А гэта песні “Малінаўка”, “Чаго так бярозы ў Расіі шумяць?”, “Не сумуй, каліна”, “Воблакі”, “Родныя людзі”. Любімая песня Сукалы — “Мой сябар” з рэпертуару расійскага спевака Ігара Нікалаева. З ёй Аляксандр дэбютаваў на дажынках у сваёй гаспадарцы ў 2016 годзе. З таго часу і ходзіць у СДК на рэпетыцыі і канцэрты.

— Я і раней, калі яшчэ працаваў у Карэліцкім раёне, выступаў на сцэне, — расказвае механізатар. — І тут як паклікалі — то і пайшоў. Сярод самадзейных артыстаў мужчын мала, трэба выручаць.

Сярод астроўскіх артыстаў — і галоўны інжынер гаспадаркі Сяргей Шарапа. Яны з Аляксандрам Сукалам не толькі спяваюць, а і іграюць у драматычным калектыве. І што цікава: на нядаўніх “Калядках” у Нясвіжы, куды з’ехаліся многія вясковыя  гурты, у тым ліку і з Астровак, ролю Дзеда Мароза ў апошнім выконваў іменна Аляксандр Сукала.

Зімой у механізатара больш вольнага часу, доўгія цёмныя вечары можна траціць на сваё хобі. З прыходам вясны, лета рабочы дзень значна падоўжваецца. Але, кажа Аляксандр Пятровіч, як толькі выдаецца магчымасць — удзельнічае ў мерапрыемствах. Тым больш, што мае ў сваёй сям,і  аднадумцаў. Ён умее спалучаць рацыяналізм, практыцызм з лірыкай і ўзнёсласцю.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва рэдакцыі.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.