Музей: гісторыя і памяць

Поделитесь с друзьями

2018 год пачаўся для Нясвіжчыны вельмі знакава: 9 студзеня ад Прэзідэнта краіны спецыяльную прэмію   за дасягненні ў вобласці культуры атрымаў намеснік дырэктара па выставачнай рабоце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Егарэйчанка. Высокай узнагароды ён быў удастоены за выданне кнігі-альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Калекцыя зброі і даспехаў”. З гэтай нагоды мы сустрэліся з Сяргеем Аляксандравічам і папрасілі расказаць падрабязней аб гэтым цікавым, маштабным выданні. 

— Яшчэ ў 2012-м годзе ў нашым музеі з’явілася ідэя арганізаваць выставу зброі і даспехаў Радзіві-лаў, якія захоўваліся і зараз захоўваюцца ў замежных музеях. У першую чаргу мы звярнулі ўвагу на калекцыю музея “Метраполітэн” у ЗША, дзе захоў-ваецца больш за сотню прадметаў з калекцыі Ра-дзівілаў, — расказаў С.А. Егарэйчанка. — Аднак перш, чым прапрацоўваць тэму, мы зразумелі, што спачатку трэба правесці дастаткова сур’ёзную даследчую работу, таму што напачатку гэтага праекта беларускай гісторыяграфіі былі вядомы толькі  адзінкавыя прадметы з гэтай калекцыі, хаця сама яна налічвала не менш дзвюх соцень артэфактаў і на пачатку ХХ стагоддзя была адной з самых значных ва Усходняй Еўропе.

Мы пачалі з музея “Метраполітэн”, што ў Злучаных Штатах, затым пераключыліся на іншыя музеі. Як мы высветлілі, у 20-я гады ХХ ст. Аль-брэхт Радзівіл, перадапошні Нясвіжскі ардынат, правёў маштабны распродаж прадметаў з гэтай калекцыі. У 1926-м і 27-м гадах на аўкцыёнах, арганізаваных лонданскім Домам “Крысціс” быў прададзены 231 прадмет з гэтай калекцыі. Верагодна, што калекцыя вывозілася тайна, таму што гэта, па-першае, было парушэннем польскага заканадаўства аб ахове спадчыны, якое дзейнічала ўжо тады, а па-другое, — закона аб ардынацыях, які забараняў адчужаць маёмасць роду без згоды іншых членаў сям’і. Прадметы спачатку  адпраўляліся з Нясвіжа ў Варшаву, а ўжо з Варшавы — у Лондан для распродажу на аўкцыёнах. Калі каталог аўкцыёна 1927 года, на якім былі распрададзены рэшткі калекцыі, быў апублікаваны яшчэ да пачатку ўсяго нашага праекта вядомым даследчыкам Юрыем Боханам, то асноўны каталог 1926-га года ў літаратуры не фігурыраваў і ніхто не ведаў, што было распрададзена ў яго рамках. І мы зразумелі, што вельмі важна знайсці гэты каталог. Для вырашэння гэтага пытання мы падалі запыт у архівы аўкцыённага Дома “Крысці”. І са здзіўленнем убачылі, што літаральна ў другой палове таго ж дня, у які быў пададзены запыт, прыйшоў адказ, што нам будзе ўсё прадастаўлена на працягу двух дзён абсалютна бясплатна. І сапраўды, у гэты тэрмін мы атрымалі адсканіраваны каталог з пазнакамі і  ілюстрацыямі, які вельмі дапамог у далейшых даследаваннях. Дзякуючы гэтаму каталогу, мы сталі разумець, што ўяўляла сабой  калекцыя на момант яе распродажу ў 1926-27-м гадах. Ад яго мы сталі адштурхоўвацца ў далейшых пошуках. І калі мы знаходзілі тыя ці іншыя прадметы ў розных музеях, мы супастаўлялі іх з апісаннямі ў каталогу. Так была знойдзена вялікая колькасць прадметаў з гэтых распродажаў.

У прыватнасці, паўдаспех, вынесены на вокладку альбома, — гэта экспанат, які мы вярнулі ў Беларусь, першы і пакуль адзіны за 90 гадоў. Ён быў прададзены ў 1926-м годзе пад нумарам 49 у аўкцыённым каталогу і трапіў у калекцыю Джона Хігінса (ЗША), дзе захоўваўся на працягу практычна ўсяго ХХ ст. у горадзе Вустэр. Некалькі гадоў таму Савет Папячыцеляў гэтай калекцыі прыняў рашэнне аб яе частковым распродажы, каб знайсці новую пляцоўку для экспаніравання. На наша шчасце, патрэбны нам прадмет трапіў на гэты распродаж, чым мы аперытыўна і скарысталіся. Некалькі іншых прадметаў з радзівілаўскай калекцыі яшчэ застаюцца там і зараз экспануюцца ў гарадскім музеі горада Вустэр штата Масачусетс.

У пошуку і супастаўленні інфармацыі прайшло некалькі гадоў. Паступова назапасіўся матэрыял для саліднага выдання. Нам прыйшла думка, што такі цікавы матэрыял не павінен проста ляжаць у шуфлядзе, яго трэба паказаць людзям. Якраз на той момант ужо была распачатая серыя “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль”, была выдадзена яе першая кніга, прысвечаная непасрэдна самому палацу, а другой стала вось гэта —  альбом “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Калекцыя зброі і даспехаў”.

Работа над альбомам ішла два гады. Як зазначыў Сяргей Аляксандравіч, акрамя цікавага гістарычнага матэрыялу, выданне каштоўнае і тым, што ніводнага фотаздымка ў ім не змешчана так званым “пірацкім” спосабам. На кожны з іх быў атрыманы спецыяльны дазвол праз дагаворы ліцэнзавання, заключаныя з пяццю музеямі ў ЗША, Вялікабрытаніі, Італіі, Аўстрыі, Германіі.

Дзякуючы рабоце над выдадзеным альбомам, НГКМЗ “Нясвіж” змог пашырыць выставачны накірунак у сваёй рабоце — зараз тут заключаецца дагавор з кембрыджскім музеем Фіцуільяма наконт прадастаўлення на доўгатэрміновы дэпазіт 8 прадметаў з яго калекцыі.

Цяжка пераацаніць важнасць новага выдання і для пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва — у Заходняй Еўропе было вельмі слабое ўяўленне аб тым, што такое Рэспубліка Беларусь і яе музеі, і ці можна ім давяраць. Дзякуючы рабоце над альбомам, дыялог з заходнееўрапейскімі калегамі стаў нашмат больш плённым.

З вялікай удзячнасцю Сяргей Аляксандравіч узгадаў у нашай гутарцы навуковага рэдактара альбома, доктара гістарычных навук, прафесара Юрыя Мікалаевіча Бохана, першага знаўцу зброі сярод гісторыкаў Беларусі. Менавіта ён пачаў распрацоўваць тэму войска Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, тэму матэрыяльнай культуры, звязанай з ваеннай справай, распрацаваў спецыяльную беларускую тэрміналогію, якая была выкарыстана пры падрыхтоўцы выдання. На жаль, ён пайшоў з жыцця за два тыдні да выхаду кнігі з друку. З пошукам матэрыялаў у замежных архівах дапамагаў старшы навуковы супрацоўнік фондавага аддзела музея Аляксандр Яраш. Свой добры ўклад у стварэнне выдання ўнеслі і іншыя людзі, якія не працавалі ў НГКМЗ “Нясвіж”, у прыватнасці — намеснік дырэктара ваенна-гістрычнага музея артылерыі, інжынерных войск і войск сувязі ў Санкт-Пецярбурзе Сяргей Яфімаў, князь Мацей Радзівіл, дырэктар дэпартамента зброі і даспехаў музея “Метраполітэн” у ЗША П’ер Тэрджанян і іншыя зацікаўленыя асобы.

Дарэчы, зараз рыхтуецца трэцяя кніга серыі, прысвечаная радзівілаўскім паркам, над якой працуе навуковы супрацоўнік НГКМЗ “Нясвіж” Уладзімір Каралёнак. Так што наперадзе ў нас — новыя адкрыцці, новыя цікавыя старонкі гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.