Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Несвіжане назаўсёды: ганаровыя грамадзяне горада

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

(Працяг. Пачатак

у № 1, 3, 7, 9)

“Бог стварыў неба і зямлю, а ўсё, што паміж імі, — справа рук будаўнікоў”,   — быў перакананы ганаровы грамадзянін Нясвіжа, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Ігнатавіч Карвіга, які на працягу дваццаці гадоў — з 1963 па 1982 — узначальваў вядучую будаўнічую арганізацыю раёна, вядомую нам зараз як ПМК-218, а пры сваім нараджэнні ў далёкім 1959 годзе мела назву  Міжкалгасбуд, што была створана дзякуючы долеваму ўдзелу шаснаццаці калгасаў для вядзення пераважна сельскага будаўніцтва па ўсёй тэрыторыі краіны. Міхаіл Ігнатавіч стаў на чале Міжкалгасбуда праз чатыры гады пасля яе стварэння і добра разумеў і вя-лікую адказнасць за маладую арганізацыю, і тое, што, каб работа ў ёй была наладжана як гадзіннік, трэба прыкласці вялікія намаганні. І, закасаўшы рукавы, узяўся за працу. Па ініцыятыве Міхаіла Ігнатавіча будаўніцтва вялося па новых эксперыментальных праектах, укаранялася навуковая арганізацыя працы, ствараліся спецыялізаваныя і комплексныя брыгады. Пры Карвігу было пабудавана некалькі соцень аб’ектаў вытворчага, культурнага і бытавога прызначэння. Высокія тэмпы і якасць работы заўсёды адроз-нівалі арганізацыю, якую ён ўзначальваў. Як адзін з вынікаў — у 1975 годзе Сноў быў прызнаны лепшым сельскім пасёлкам як прыклад комплекснай забудовы, што ўкаранялася менавіта пры Карвігу. Усе, хто працаваў разам з Міхаілам Ігнатавічам, успамінаюць яго як чалавека высокапрафесійнага, умелага кіраўніка, які чула адносіўся да людзей і разумеў цяжар іх што-дзённай працы, надаваў шмат увагі ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, пошуку новых неардынарных формаў арганізацыі працы і фінансава-матэрыяльных рэсурсаў. У 1982 го-дзе Карвіга пакідаў сваю пасаду ўжо як дырэктар МПМК-95. Міхаіл Ігнатавіч Карвіга — кавалер ордэна Айчыннай вайны другой ступені, ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі, які атрымаў у 1970-м, узнагароджаны ён і шматлікімі медалямі. Не стала Міхаіла Ігнатавіча ў 2000 годзе, званне ганаровага грамадзяніна Нясвіжа яму было прысвоена ў 2002-м, пасмяротна.



М.М. Герман

У першую кагорту ганаровых несвіжан уваходзіць і адзін з трох нашых Герояў Сацыялістычнай Працы Мікалай Мікалаевіч Герман — удзельнік Вялі-кай Айчыннай вайны, што вызваляў Прагу і Брно, кавалер ордэна Леніна, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэна Айчыннай вайны першай ступені. Ураджэнец суседняй Капыльшчыны, ён з 1948 па 1985 год працаваў на Нясвіжчыне: трактарыстам, брыгадзірам трактарнай брыгады, а з 1961 і да выхаду на заслужаны адпачынак у 1985-м — слесарам раённай сельгастэхнікі.

М.М. Герман — чалавек ня-простага лёсу. Нарадзіўшыся ў дружнай і працавітай шматдзетнай сям’і, дзе выхоўваліся пяцёра дзяцей, ён стаў відавочцам страшэннай трагедыі: падчас карацельнай аперацыі “Свята ўраджаю”, што фашысты праводзілі на тэрыторыі Міншчыны зімой 1943 года, 5 лютага была ўшчэнт спалена родная вёска Мікалая Германа, расстраляны  пяцьсот дванаццаць яе жыхароў, сярод якіх былі яго маці, два браты і сястра. У лес паспелі ўцячы толькі бацька, сам Мікалай і яго брат Міхаіл, які ў 1944-м загінуў на фронце. Мікалай з бацькам пайшлі ў партызаны, потым юнак быў прызваны ў армію, за мужнасць і смеласць у баях узнагароджаны медалём “За адвагу”. Пасля вайны Мікалай Мікалаевіч пераехаў жыць у Нясвіж. І адразу стаў вельмі запатрабаваным,        бо бацька-каваль у свой час навучыў яго ўсім сакрэтам гэтай цяжкай справы, прывіў любоў да тэхнікі, ды і курсы трактарыстаў перад вайной Мікалай скончыў на “выдатна”.

Вельмі хутка Мікалай Мікалаевіч праславіўся ў раёне не проста як першакласны механізатар, але праявіў сябе і як таленавіты рацыяналізатар і наватар сельскагаспадарчай вытворчасці. За ім трывала замацавалася слава майстра на ўсе рукі. На яго рахунку — пятнаццаць рацыяналізатарскіх прапаноў, асабліва ў частцы ўдасканалення бульбаўборачнай тэхнікі. Яго пастаянны пошук, удалыя знаходкі, смелыя дапрацоўкі вузлоў і дэталей садзейначалі аблягчэнню ўмоў працы на рамонце тэхнікі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 года за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі М.М. Герману было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.

М.І. Карвіга

У тым жа годзе, дарэчы, калектыў Нясвіжскага раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” быў узнагароджаны ордэнам Леніна — гэта было адзінае прадпрыемства ў сваёй галіне ва ўсім Савецкім Саюзе, што было ўдастоена такой высокай урадавай узнагароды.

Мікалай Мікалаевіч Герман не аднойчы станавіўся ўдзельнікам ВДНГ СССР, быў узнагароджаны дыпломамі і бронзавым медалём Галоўнага выставачнага камітэта. Яму аднаму з першых у аб’яднанні было прысвоена званне “Ударнік камуністычнай працы”. Ён актыўна займаўся выхаваннем падрастаючага пакалення, быў частым і жаданым госцем у школах раёна, з’яўляўся адным з лепшых настаўнікаў рабочай моладзі. М.М. Герман прымаў таксама актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, з’яўляўся членам бюро раённага камітэта Камуністычнай партыі, неаднаразова быў дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

Да апошніх сваіх дзён Мікалай Мікалаевіч жыў у Рудаўцы. Памёр 12 верасня 1991 года, не дажыўшы два гады да сямідзесяцігоддзя. Званне ганаровага несвіжаніна атрымаў у 2002 годзе пасмяротна.

Р.М. Лазар

29 верасня 2017 года Нясвіжскім раённым Саветам дэпутатаў было прынята рашэнне № 183, згодна з якім новая вуліца ад вуліцы Дастаеўскага да вуліцы Дз. Хмеля, што праектуецца ў цэнтральнай частцы мікрараёна “Паўночна-Заходні” ў Нясвіжы, паралельна будучай вуліцы І. Мурына,  будзе насіць імя Мікалая Германа.

Казімір Станіслававіч Шкраба стаў ганаровым грамадзянінам Нясвіжа ў 1996 годзе, у тым жа годзе ён атрымаў і званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі.

Казімір Станіслававіч жыў у неіснуючай сёння вёсцы Агароднікі, і ён — адзін з нямногіх, хто застаўся ў жывых пасля бамбёжкі вёскі ў 1944-м. Пасля ён ледзь не загінуў ад знойдзенай гранаты, пакалечыў руку, страціў-шы два пальцы. Але з марай стаць механізатарам развітвацца не спяшаўся. Паступіў на курсы, якія паспяхова скончыў, працаваў нейкі час на цаліне. І амаль сорак пяць (!) гадоў — на рознай сельскагаспадарчай тэхніцы ў родным калгасе імя Кутузава, што пазней уліўся ў эксперыментальную базу “Ганусава”. Па намалотах на камбайне неаднаразова займаў першае месца ў раёне. Кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1974 годзе быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР і аўтамабілем “Масквіч”.

Напярэдадні 80-годдзя Мінскай вобласці патэлефанавалі з аблвыканкама наконт прысваення Казіміру Станіслававічу звання ганаровага жыхара Мінскай вобласці. На жаль, гэтаму ўжо не суджана было здзейс-ніцца, бо вясной мінулага года Казіміра Станіслававіча не стала. Але ён застанецца ў нашай памяці несвіжанінам на ўсе часы.

Добра памятаю, як у 2011 годзе ў райвыканкаме віншавалі з юбілеем яшчэ  аднаго ганаровага грамадзяніна Нясвіжа — Рыгора Міхайлавіча Лазара. Старшыня райвыканкама Іван Іванавіч Крупко тады ўручаў праслаўленаму кіраўніку сельгастэхнікі вышэйшую раённую ўзнагароду — Ганаровую грамату. Памятаю, якія словы нам тады гаварыў Рыгор Міхайлавіч, як ён выглядаў — падцягнуты, элегантны, хоць было бачна, што ўжо рухацца яму складана. Але ўсё роўна паверыць у тое, што яму споўнілася восем-дзесят пяць, мы не маглі.

Лазар — кіраўнік легендарны. Пры ім у шасцідзясятыя гады ў сельгастэхніцы пачалі развіваць металаапрацоўку, ствараць сучасную для той пары вытворчую базу. За дваццаць восем гадоў яго кіравання адных толькі кватэр для работнікаў арганізацыі ў Нясвіжы і Гарадзеі было пабудавана амаль паўтысячы. У 1965 годзе пры Лазары з’явілася першая ў рэспубліцы служба па рамонце і тэхнічным абслугоўванні абсталявання жывёлагадоўчых фермаў, развіваўся транспартны цэх, каб дапамагаць гаспадаркам перавозіць прадукцыю, ішла работа па меліярацыі. У тыя гады ў сельгастэхніку прыязджалі вучыцца з усяго Савецкага Саюза — шматпрофільнае прадпрыемства паспяхова асвойвала ўсё новыя і новыя віды работ. Неаднаразова арганізацыя выходзіла пераможцам не толькі абласных і рэспубліканскіх, але і саюзных сацыялістычных спаборніцтваў, за што ёй прысуджаўся Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Наогул, пра Лазара ўжо даўно можна пісаць кнігу, тым больш што матэрыялу толькі ў яго дамашнім архіве вельмі многа. Заслужаны механізатар сельскай гаспадаркі БССР, кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981) — гэта не проста пералік савецкіх узнагарод. Людзі старэйшага пакалення ведаюць, як, каму і за што ў  савецкія часы давалі такія ўзнагароды. Ганаровым грамадзянінам Нясвіжа Рыгор Міхайлавіч стаў у 2002 годзе.

К.С. Шкраба

У маі бягучага года ганароваму грамадзяніну Нясвіжа, былому старшыні калгаса, а зараз ААТ “Новае жыццё” Міхаілу Васільевічу Саленіку магло б споўніцца восемдзесят пяць гадоў. Усё жыццё Міхаіла Васільевіча звязана з сельскай гаспадаркай і з Нясвіжскім раёнам. Яго бацька — Васіль Сямёнавіч Саленік — быў першым старшынёй створанага ў 1949-50 гадах калгаса імя Булганіна. Сам Міхаіл Васільевіч амаль трыццаць два гады стаяў на чале “Новага жыцця”, прайшоўшы шлях ад радавога калгасніка да галоўнага агранома і дырэктара акцыянернага таварыства. Пры М.В. Саленіку гаспадарка адной з першых пачала будаўніцтва дамоў ЖБК, што давала магчымасць замацоўваць кадры на сяле. За гады яго кіраўніцтва было пабудавана больш сямідзесяці сядзіб. Наогул, сацыяльным пытанням Міхаіл Васільевіч надаваў шмат увагі: усе населеныя пункты былі газіфікаваны, мелі водаправод, дарогі мелі цвёрдае асфальтавае пакрыццё. Будаваліся аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння: амбулаторыя, музычная школа, дзіцячы сад, агульнаадукацыйная школа, магазіны, Дом культуры. Менавіта па ініцыятыве М.В. Саленіка ў Аношках была адкрыта дзіцячая музычная школа — таму да поспехаў “Аношкаўскіх музыкаў” Міхаіл Васільевіч таксама мае самае непасрэднае дачыненне. Трэба адзначыць і той факт, што пры Саленіку ў гаспадарцы пачалі ўводзіць калектыўны падрад і гаспадарчаразліковыя падраздзяленні жывёлагадоўлі і раслінаводства, аўтапарк і рамонтныя майстэрні поўнасцю працавалі на самаакупнасці і гаспадарчаразліковым даходзе. Дзякуючы гэтаму, гаспадарка змагла дабіцца значных фінансавых паступленняў, што дазволіла ёй паспяхова развівацца. Шматгадовая праца была па заслугах ацэнена дзяржавай: Міхаіл Васільевіч узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалямі, ён з’яўляецца заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання, членам Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта, удзельнічаў у рабоце другога Усебеларускага народнага сходу. Пасля выхаду на пенсію Міхаіл Васільевіч узначальваў Назіральны савет роднай гаспадаркі, даваў слушныя і разумныя прапановы сваім маладым калегам. Ганаровым грамадзянінам Нясвіжа Міхаіл Васільевіч стаў у 2002 годзе.

М.В. Саленік

…7 кастрычніка мінулага года, падчас абласных дажынак у Смалявічах, дэлегацыя нашага раёна разам з іншымі крочыла ва ўрачыстым шэсці па цэнтральнай вуліцы горада. Абапал стаялі мясцовыя жыхары і шчыра віталі ўсе раёны. Несвіжан жа яны віталі асабліва цёпла. З натоўпу пачулася: “О, Несвиж!..” І праз паўзу з летуценным уздыхам: “Район мечты…”.  Я нават азірнулася, каб паглядзець, хто гэта. І ў тым, што так — і не без падстаў! —  мяркуюць за межамі нашага раёна, безумоўна, ёсць важкая заслуга і іх — усіх вышэйзгаданых ганаровых грамадзян горада, бо без таго трывалага фундаменту, ва ўзвядзенні якога яны прымалі самы дзейсны ўдзел, многія сённяшнія дасягненіі былі б немагчымымі.

Ірына ЦІХОНКА,

начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Нясвіжскага райвыканкама.

(Працяг будзе).

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!