Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Калі паклікала родная зямля

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 07.03.2018

Нашай роднай зямлі таксама патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат пра яе. Беларусь такая, якой мы яе бачым, такая, якой мы яе ствараем. І самае галоўнае — якія мы, такая і яна, наша Беларусь. Чым больш людзей паспяховых, упэўненых у сабе, у сваёй краіне, тым мацней дзяржава.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

Аляксандр ЛУКАШЭНКА.



Невялікая вёсачка Долкінды знаходзіцца на тэрыторыі Казлоўскага сельсавета.  Акружаная палямі, яна цягнецца сваімі вулачкамі ўздоўж шашы на Сноў, наводдаль, але бачна з яе. Цяпер у вёсцы пражываюць 18 чалавек, у 12 хатах сустракаюць світанак, няспешна выконваюць сваю паўсядзённую работу, бавяць вечары іх гаспадары. Самыя старэйшыя — былы будаўнік калгаса “Новае жыццё”  Мікалай Дзям’янавіч Драчан і былая даярка Ніна Дзмітрыеўна Мазан, узнагаро-джаная ордэнамі “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга (яе, праўда, на зіму да сябе  забірае пляменніца). Абоім — па 89 гадоў. Самы малады жыхар — слесар па працаёмкіх працэсах на ферме гаспадаркі Аляксандр Сцяпанавіч Мазан. Яму — 38.

Колькі такіх вёсачак, маленькіх і не вельмі, раскінулася на нясвіжскіх землях! Куточкаў, любых сэрцу  таго, хто нарадзіўся тут, дзе моцныя карані прадзедаў, дзе атрымліваў першыя жыццёвыя  ўрокі маральнасці, справядлівасці, любові да сваёй Айчыны, адкуль станавіўся на крыло…

Гераіня сённяшняга аповеду таксама адсюль.

Родныя Долкінды Тоня Тамашэвіч пакінула ў 1966  годзе, закончыўшы 11 класаў Сноўскай сярэдняй школы і  паступіўшы вучыцца спачатку ў вучылішча, а затым — у Пінскі тэхнікум мясной  і малочнай прамысловасці.

Назусім вярнулася на малую радзіму ў 1992 годзе ўжо Антаніна Вячаславаўна Высоцкая — жанчына з пэўным жыццёвым вопытам, выдатны спецыяліст, жонка і бабуля. Маючы спецыяльнасць “тэхнолаг мяса- і птушкапрадуктаў”, яна за прайшоўшы час папрацавала на Мінскім  мясакамбінаце, у Міністэрстве  мясной і малочнай прамысловасці. Пяць гадоў адвучылася ў Маскоўскім профільным інстытуце. Перайшла ў “Спецаўтаматыку”, якая адносілася  да Міністэрства прыборабудаўніцтва, у аддзел працы і зарплаты. Любіла вывучаць заканадаўства. Калі займалася на курсах павышэння ква-ліфікацыі ў інстытуце народнай гаспадаркі (цяпер гэта — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт), экзамен па праве здала камп’ютару проста выдатна. Забягаючы наперад, скажу: гэтыя веды вельмі дапамагаюць ёй у рабоце. Галоўны тэхнолаг структурнага падраздзялення ААТ “Новае жыццё” (мясапера-працоўчага цэха), яна ж — і кіраўнік невялікага калектыву.

Была добрая работа, павага калег, кватэра ў сталіцы. Антаніна Вячаславаўна  любіла хадзіць у тэатры, наведвала выставы. Было сваё кола сяброў, добрых знаёмых, аднадумцаў…

А ў калгасе “Новае жыццё”, куды ўваходзяць і яе Долкінды, у той час намерваліся ўключыць у работу мяса-кансервавы цэх, але ўсё нешта не атрымлівалася. Людзі мяняліся, а абсталяванне  так і не запрацавала. Тадышні кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Васільевіч Саленік папрасіў Высоцкую дапамагчы запусціць цэх. Дый малодшая сястра Антаніны Людміла, якая працавала ў калгасе (яна і цяпер тут, заатэхнікам-селекцыянерам), казала: “Прыедзь, памажы наладзіць вытворчасць”. І Антаніна Вячаславаўна рашылася… У вёску Аношкі, цэнтр сельгас-прадпрыемства (кіламетры два ад яе Долкіндаў), яна прыехала ў маі 1992 года. Работы ў цэху было — непачаты край.  Працавала, як кажуць, закасаўшы  рукавы. А ў жніўні цэх выпусціў першую каўбасу.

— Першы год я так і думала: дапамагу і вярнуся ў Мінск. Мяне і на ранейшую работу ўзялі б, генеральны дырэктар фірмы чакаў гэты год, калі наладжу вытворчасць, паспытаю вясковага жыцця і вярнуся, і новую прапаноўвалі, — расказвае Антаніна Вячаславаўна. — Я ж ехала сюды толькі наладзіць вытворчасць. Але засталася… І ўжо 25 гадоў мінула з таго часу. Я люблю вёску. Як тут вясной пахне зямля, паветра, як пяюць жаўрукі, бягуць ручайкі!

Яе любоў да зямлі, да вёскі раздзяляў і муж Міхаіл Іванавіч. Ён родам з Сулы Стаўбцоўскага раёна. І вось, пакінуўшы мінскую кватэру дачцэ, яны пераехалі ў вёску. Калгас выдзеліў у Аношках дом — пад жыллё перабудавалі былы дзіцячы садок. Раздзяліў Міхаіл Іванавіч і жончыны турботы на вытворчасці. Тэхнолаг  мясаперапрацоўкі, ён стаў яе першым, найлепшым памочнікам.

Першае абсталяванне, якое ўжо было завезана ў цэх, аказалася самым простым, прымітыўным. Але ж, каб і яно працавала, патрэбны былі спецыялісты. Рабочых вучылі. А абсталяванне з часам мадэрнізавалі.

Сёння асартымент прадукцыі налічвае 150 відаў, ад паўфабрыкатаў і тлушчаў да далікатэсных балыка “вясковы сыравэнджаны”, акавалачка “хутарскі”, каўбас сыравяленых “дзедаўская” і “андрэеўская”…

На маё пытанне “Што са сваёй  прадукцыі больш падабаецца?” галоўны  тэхнолаг мясаперапрацоўчага  цэха Антаніна Высоцкая адзначыла:

— Лепш сказаць, што не падабаецца. Бо тое, што не падабаецца, мы выпускаць не будзем.  Перш  чым пачаць выраб той ці іншай каўбасы, я ўважліва вывучаю яе рэцэптуру. Не ўводжу соевых бялкоў, па мінімуму — хімічныя дабаўкі. Нашы сасіскі можна смела даваць дзецям, бо яны не ўтрымліваюць алергенаў. І ліверная каўбаса, і зельцы нашы падабаюцца пакупнікам. А вяленыя і  вэнджаныя вырабы якія смачныя! Мы ж вэндзім на дыме ад дроў, як дома.

Так што ўсе нашы  прадукты мне падабаюцца. Я рада, што наша гаспадарка, дзе гадуюць жывёлу, пастаўляе ў магазіны ўласную мясную прадукцыю, прытым на розны густ і дастатак. Мы робім справу, і гэта важна.

Антаніна нарадзілася ў сям’і радавых калгасні-каў. Бацька, Вячаслаў Іосіфавіч, працаваў жывёлаводам у сваіх Долкіндах. Дарэчы, гэтая ферма, дзе адкормліваюць  быкоў, функцыянуе тут і зараз. Маці, Ніна Уладзіміраўна, была паляводам. У сям’і — трое дзяцей, Тоня — старэйшая. Жылося цяжка. Ведалі цану хлебу. Антаніна дапамагала маці на калгасным полі. І “дзялкі” буракоў палола, і лён рвала. Душа яе і зараз жыве ва ўнісон са справамі хлебаробскімі. Засеялі механізатары поле — радасна, будзе хлеб. Залівае дажджамі ці засушвае — нараджаюцца ноткі трывогі. Яна любіць зямлю. Прайсціся басанож па двары, пакапацца ў кветніку, у градах для яе — асалода. На прысядзібным участку кветкі цвітуць увесь сезон. Ад самых ранніх — падснежнікаў і крокусаў — да позніх восеньскіх хрызантэм. Радуюць вока цюльпаны і рададэндраны, клематысы і фарзіцыя, шматлікія ліяны. Сад захапляе вясной бела-ружовым цвіценнем, а восенню — смачнымі пладамі. І як дбайная гаспадыня, Антаніна Вячаславаўна вырошчвае бульбу і гародніну. Без хімічных прэпаратаў. Каларадскіх жукоў збірае ўручную. Памідоры апырсквае  сыроваткай, разбаўленай вадой. Атрымліваць экалагічна чыстыя прадукты — гэта не проста модныя слоўцы. Гэта — як правіла, якога прытрымліваецца, як і на вытворчасці.

У спадчыну ад дзіцячага садка ля агароджы засталіся бярозы і елкі. Высоцкія не сталі іх спілоўваць.

Толькі вось няма ўжо побач з Антанінай Вячаславаўнай яе мужа, дваццаць гадоў таму Міхаіл Іванавіч  пайшоў з жыцця.

Час ад часу яна наведваецца ў Долкінды, да магіл бацькоў. Пройдзе  ціхай вулачкай, з асалодай удыхаючы пах бэзу і чаромхі, язміну і ароніі. А каля бацькоўскай хаты  па-ранейшаму цвіце ліпа. У агародчыку — півоні, нарцысы, касачы, якія яшчэ садзіла маці, хаця ўжо трыццаць гадоў мінула, як яе не стала. Сядзібу і хату даглядае сястра — Людміла Вячаславаўна Раманчук. Сеюць тут пшаніцу, траву. Ёсць невялікі сад, ягадныя кусты. Ёсць у вёсцы і іншыя хаты, дзе ўжо ніхто не жыве, але прыязджаюць нашчадкі, у водпуск ці на  выхадныя, і наводзяць парадак. Напрыклад, дзеці і ўнукі Тамашэвічаў і Пахвалёных, што жылі па-суседску.

Ёсць сядзібы незапатрабаваныя, нічыйныя. Восем дамоў такіх знесена, зямля ўведзена ў сева-зварот гаспадаркі. Яшчэ шэсць рыхтуюць да зносу, як сказаў старшыня Казлоўскага  сельскага Савета Алег Яраш. Савет арганізуе абкошванне і сядзіб, і могілак. Вёска дагледжаная. Ціхая, спакойная, але не забытая.

А ў Мінск Антаніна Вячаславаўна Высоцкая проста наведваецца. Сама за рулём аўтамабіля. Цяпер ужо радзей — у тэатр, да сяброў. Болей — да дзяцей, унукаў і… праўнукаў. Яна з гонарам расказала мне пра справы дачкі-мастачкі і ўнучкі-фотамастачкі, пра гаспадарлівасць сына, які дзядулеву хату ў Суле ператварыў у цудоўную дачу. Потым наша гутарка зноў перайшла на вясковую тэму. Выказваючы захапленне роднай зямлёй, мая  суразмоўца пад-крэсліла:

— А якія тут добрыя, шчырыя людзі! Вёска — гэта святое…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!