Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 5 °C

37 гадоў у роднай гаспадарцы. Жыццёвы шлях Вікенція Гурына

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 13.04.2018

Ішоў другі дзень жніўня. У шэсць гадзін раніцы Вікенцію Гурыну патэлефанавала  дыспетчар іх  гаспадаркі, ААТ “Гарадзея”:

— Віця, зараз едзь на ток загружацца, павязеш збожжа здаваць дзяржаве.

У сем гадзін 10-тонны МАЗ-555102 Гурына ўжо стаяў на Гарадзейскім збожжапрыёмным прадпрыемстве. Другіх машын пакуль не было, яго прыбыла сюды першай. Самай першай у жніўным сезоне 2017 года. Вікенцію Яўгенавічу выпаў гонар распачынаць важную кампанію хлебаробскай справы — здачу збожжа дзяржаве. Настрой ад гэтага быў прыўзняты, святочны. Чакаючы пачатку прыёмкі, Гурын з задавальненнем думаў пра тое, што вось ізноў пайшло збожжа, што камбайны ў полі працуюць спорна, а раўнамерны гул збожжаачышчальнага  комплексу прыемна запаланіў наваколле, і што зерне ў роднай  гаспадарцы ён возіць ужо  36 гадоў.



У  сваю вёску Вялікая Лысіца ён вярнуўся ў 1980 годзе пасля  службы ў арміі, а служыў Вікенцій у Печах, у аўтамабільных войсках. Пасля дэмабілізацыі думаў паехаць у Мінск, уладкавацца на завод. Але яго родны дзядзька Іван Гурын, бацькаў брат, які тады  працаваў галоўным аграномам у іх  саўгасе “Гарадзейскі”, пераканаў юнака, што ён патрэбен на роднай зямлі, што ў гаражы яго ўжо чакае машына. Іван Віктаравіч ведаў: хлопец добрасумленны, праца ў сельскай  гаспадарцы яму знаёмая. Шкада было б страціць такога работніка. З працаўладкаваннем не адкладвалі: 27 мая Вікецій звольніўся ў запас, а 7 чэрвеня яму паказалі бартавы ГАЗ-52, на якім трэба было прыступаць да новых абавязкаў.

Вікенцій Яўгенавіч расказвае:

— У час майго першага  ў саўгасе жніва даверылі развозіць па палях  абеды камбайнерам. Машыну для гэтага спецыяльна абсталявалі. А на бартах былі  прымацаваны інфармацыйныя  бюлетэні, у якіх адлюстроўваўся ход уборкі, і кожны камбайнер ці вадзіцель мог паглядзець, колькі тон збожжа ён  намалаціў ці перавёз. А ўжо на наступны  год мне даручылі адвозіць збожжа  ад камбайнаў з поля на ток.  Нават прызавое месца ў саўгасе заняў. Вось з таго часу і пайшло, і паехала.

У 2001 годзе Вікенцій Гурын на сваім ЗІЛ-45021 выйшаў у лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на жніве, яго запрасілі на рэспубліканскія дажынкі ў Мазыр. На святочнай сцэне, узведзенай на беразе велічнай  Прыпяці, вадзіцель з “Гарадзеі” атрымаў сертыфікат на каштоўны падарунак — тэлевізар “Гарызонт”, які, дарэчы, і цяпер збірае членаў яго сям’і ля блакітнага экрана. Неаднаразова ўдзельнічаў Вікенцій Яўгенавіч у раённых дажынках. Гэты факт пацвярджае: Гурын  любіць і ўмее працаваць, множыць славу сваёй зямлі.

Жыве мой суразмоўца ў пасёлку Новагарадзейскі. Але ў роднай вёсцы Вялікая Лысіца бывае кожны дзень: тут машынны двор гаспадаркі, гараж, малочнатаварная ферма,  куды пры неабходнасці  дастаўляе грузы. А іх вельмі шмат і самыя розныя. Возіць з Сіняўкі Клецкага раёна сухія апілкі  на падсцёл жывёле, з Салігорска — соль, з Ваўкавыска — мел, з Клецка — рапсавую макуху. Падчас нарыхтоўкі кармоў — сіласную  і сянажную масу, падчас уборкі буракоў — салодкае карэнне на цукровы камбінат. Пясок на фермы ці на будаўнічую пляцоўку. Арганіку ў бурты на палі, дзе яна паслужыць спажыўным асяроддзем і паспрыяе росту ўраджайнасці культур. І вельмі прыемна, што іменна ў іх Вялі-кай Лысіцы пабудавалі рабатызаваную малочнатаварную ферму. Новыя тэхналогіі ўпэўнена ўкараняюцца ў сельгасвытворчасць, і людзі на ёй заняты кампетэнтныя,  адукаваныя. Як прыкметна за гады яго работы ў гаспадарцы палепшыліся ўмовы  працы,  як вырас інтэлектуальны  ўзровень занятых на вытворчасці!

Тут, у Вялікай Лысіцы, па-ранейшаму жыве ў сваёй хаце 83-гадовая маці, Ірына  Іванаўна, якая працавала даяркай у саўгасе, і якую цяпер яны  са старэйшай сястрой Галінай Яўгенаўнай наведваюць па  чарзе. Тут спачывае на  могілках бацька, Яўген Віктаравіч, перадавы механізатар саўгаса, партрэт якога красаваўся на  раённай Дошцы Гонару. Бацькі былі добрым прыкладам для Вікенція, для яго сястры і братоў.

Тут некалі  жылі дзяды і прадзеды, якія  далі моцныя і карані, і крону іх роду, навучылі любіць зямлю, на якой зрабіў першыя крокі і ідзе далей — упэўнена, гаспадарліва. Тут вучыўся працы — і не толькі  дапамагаў дома па гаспадарцы, а падчас летніх канікулаў з іншымі хлопцамі зграбалі, звозілі  на вазах сена ці салому пасля валакушы, збіралі каменне, выконвалі розную іншую няхітрую справу. Заробленыя ў саўгасе  грошы Вікенцій аддаваў бацькам, і яны куплялі сыну новы касцюм у школу, падручнікі.

Тут яго школа, дзе ў 1977 годзе скончыў 10 класаў. Дагэтуль удзячны сваёй  першай настаўніцы Фаіне  Мікалаеўне Кобусь за дабрыню, за навуку. Цёпла адклікаецца Вікенцій Гурын пра настаўніцу  гісторыі Маргарыту  Аляксандраўну Рулёву. Юнак любіў гэты прадмет,  у чым яе немалая заслуга.

А як шмат даваў дзецям настаўнік фізкультуры Віктар  Іосіфавіч Чурыла! Вікенцій Гурын захапляўся футболам, валейболам, баскетболам. Любіў паганяць футбольны мяч і пазней, ужо далёка не ў школьным узросце. А цяпер ездзіць на стадыён “хварэць” за ФК “Гарадзея”.

Жывуць у памяці і іншыя малюнкі дзяцінства. Вось яны, хлапчукі, купаюцца ў Белым бродзе (так называецца плыткае месца ракі Ушы, што працякае за  Вялікай Лысіцай — з чыстай вадой, пясчаным дном). Вось ён  цярпліва чакае, калі клюне рыбка, з вудачкай у руках на беразе той жа Ушы ці малой Лысічанкі, што бяжыць між іх вёскай і Копцеўшчынай, або на беразе тарфянак — глыбокіх ям, дзе некалі людзі капалі торф. Вудачкі майстраваў сам: вудзільні — з арэшніку, леску і кручкі купляў у магазіне, паплаўком служыла гусінае пяро (дома сярод іх свой-скай жыўнасці, акрамя каровы, свіней, курэй, былі і гусі). Лавілі шчупакоў, плотак. Смажылі. Якая была смаката! Вікенцій Яўгенавіч памятае, што і дарослыя мужчыны, яго бацька ў тым ліку, лавілі некалі рыбу ў Лысічанцы. Цікавы час, адрозны ад сённяшняга, пражылі вяскоўцы. Таму і ёсць што  ўспомніць, аб чым панасталь-гіраваць. А можа, проста ён тады быў іншага ўзросту: дзяцінства, юнацтва, маладосць… А гэта ж — ці не найлепшыя гады…

Тут працуюць і некаторыя аднакласнікі Вікенція Гурына. Так, Аляксандр Аляксандравіч Абрамовіч — падвозчыкам на МТФ  “Вялікая Лысіца”. Аляксандр Анатольевіч Мацавіла быў механізатарам, пайшоў на ільготную пенсію, цяпер — апальшчыкам у дзіцячым садку. Уладзімір Іванавіч Гурын, механізатар, шмат гадоў нарыхтоўваў на “Ягуары” сянажную масу, цяпер водзіць МТЗ-82. Сёння ўжо яны з’яўляюцца прадстаўнікамі  старэйшага пакалення хлебаробаў. А побач вырасла маладая змена: Дзмітрый Абрамовіч і Юрый Лобусь з Новай Лысіцы засталіся пасля службы ў арміі ў акцыянерным таварыстве вадзіцелямі.

Усе яны працягваюць справу бацькоў, жывуць  на сваёй зямлі, якая  называецца малой радзімай. Тут — вытокі іх сіл, калыска сталасці. І Вікенцій Гурын ніколі не шкадуе, што некалі не прамяняў яе на сталіцу.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Анатоля БАСАВА. 

 

P.S. Калі перад выхадам гэтага  артыкула ў свет я патэлефанавала Вікенцію Яўгенавічу, каб удакладніць некаторыя  моманты, той паведаміў прыемную навіну. 27 сакавіка ён прыгнаў з Мінскага аўтазавода  новы аўтамабіль. Дырэктар ААТ “Гарадзея” Мікалай Аляксандравіч Салавей вырашыў, што Вікенцій Гурын сваімі добрасумленнымі адносінамі да працы заслужыў, каб перасесці на новую машыну. Хаця папярэдняя праслужыла  яшчэ нямнога, усяго два з палавінай года, і яе мой суразмоўца перадаў маладому вадзіцелю Дзмітрыю Сакалоўскаму. Вікенцій Яўгенавіч не хаваў сваёй радасці: яму давяраюць, яго заахвочваюць. Значыць, нездарма ў свой час маладым юнаком прысягнуў на вернасць роднай зямлі. Прысягнуў раз і назаўсёды.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!