За скупымі радкамі дакументаў…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Яму не было яшчэ 25-і, калі абарвалася жыццё. Радавы Віталь Гуль загінуў 18 красавіка 1945 года пад Брандэнбургам, гэта 90 кіламетраў заходней Берліна.

Ён ваяваў у 757-м стралковым палку.

Чытаю спіс загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, прадастаўлены Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. У адзін дзень з беларусам Віталем Гулем былі забіты мардвін Сцяпан Блінкоў — сяржант, камандзір стралковага аддзялення, рускі Аляксандр Карпаў — старшы сяржант, таксама камандзір стралковага аддзялення, малдаванін Міхаіл Стынгач, радавы, і іншыя аднапалчане. Цэлы інтэрнацыянал. Фашызм таму і быў пераможаны, што на барацьбу з ім паўстаў увесь савецкі народ, прадстаўнікі ўсіх рэспублік, усіх нацыянальнасцей, розных узростаў, беспартыйныя, камуністы і камсамольцы. Так, беспартыйны радавы Павел Кушнарэнка, ураджэнец Сталінскай вобласці (так занесена ў спіс), загінуў у 46 гадоў. Камсамольцу сяржанту Льву Пацёмкіну з Яраслаўскай вобласці было ўсяго 20. А магчыма, і не было дваццаці — ішоў толькі чацвёрты месяц года. Усе яны, малодшыя і старэйшыя, з воінскімі званнямі і без іх, з пасадамі і без, засталіся навекі ляжаць у нямецкай зямлі, на полі бою. А на радзіму паляцелі пахавальныя паведамленні: жонкам, мамам, бацькам.

Пахавальную на сына Віталія ў вёсцы Вялікая Быхаўшчына Нясвіжскага раёна атрымаў яго бацька Адам Мікалаевіч Гуль. Мой дзядуля. Віталь Адамавіч — малодшы брат майго бацькі. Мама Віталія, мая бабуля, памерла, калі яму — трэцяму, самаму малодшаму сыночку — мінула толькі пяць гадоў. Дзед потым сышоўся з удавой з трыма дзецьмі з вёскі Вялікая Быхаўшчына. Так наш Віталь і апынуўся ў іх вялікай сям’і. Калі стаў дарослым, паехаў працаваць у Мінск на завод, набыў прафесію бляхара…

Аб далейшых пераменах у жыцці юнака застаецца толькі здагадвацца. Згодна з адной крыніцай (спісам загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну), Віталь Гуль прызваўся ў дзеючую армію ў 1944 годзе Баранавіцкім гарваенкаматам (Нясвіжскі раён у той час уваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці). Згодна з другой крыніцай (картачкай на ваеннаслужачага, прыбыўшага на перасыльны пункт) — Ленінскім райваенкаматам г. Казані (Татарстан)…

Прыкра, але пахавальнае паведамленне ў той жа 1945-ы год прыйшло і жонцы Адама Мікалаевіча Гуля — Раіне Сільвестраўне: яе 22-гадовы сын Віктар Рыгоравіч Літвін загінуў ва Усходняй Прусіі.  У  адну хату не вярнуліся з вайны два маладыя, прыгожыя хлопцы.

Мой дзядзька Віталь так і застаўся маладым назаўсёды. Ён яшчэ не быў жанатым, таму не засталося ні дзяцей, ні ўнукаў. На жаль, няма нават яго фотакарткі. Ёсць толькі памяць.

Мой тата жыў у вайну на акупіраванай тэрыторыі, у роднай Затур’і, даводзілася тады нялёгка, таму ён не любіў успамінаць часы ліхалецця. І мы, дзеці, не дазвалялі сабе лезці яму ў душу. У 44-м яго мабілізавалі і накіравалі на аднаўленне мастоў і дарог. Сувязі з Віталем не было. Памятаю толькі: ён гаварыў, што яго бацька ў В. Быхаў-   шчыне атрымліваў пенсію за загінуўшага малодшага сына.

Віталію было б 33, калі нарадзілася я. Самы росквіт сіл… У яго былі б дзеці, мае стрыечныя браты і сёстры. Падросшых, ён браў бы нас з сабой у лес, па грыбы. А так мяне браў на ціхае паляванне толькі дзядзька Лёша, сярэдні з братоў, прыязджаючы да нас у Затур’ю ў водпуск з Мінска. Магчыма, Віталь лавіў бы з намі рыбу ў тарфянках у Заселіцы, што каля нашага хутара — гэта мы, малеча, плёскаліся там у вадзе з кашамі, а мужчыны хадзілі з брадніком…

на жаль, у гісторыі няма ўмоўнага ладу. Яе не павернеш назад. У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — 27 мільёнаў загінуўшых грамадзян Савецкага Саюза. Сярод іх — мой дзядзька Віталь. Ад непапраўнай страты — неймаверна балюча. І гэта пачуццё асабліва агольвае свае грані ў майскія дні, калі чытаеш пра ветэранаў, размаўляеш з імі, пішаш пра іх.

Цяпер шкадую, што не ўзялася раней адшукаць сляды Віталія Гуля. Магчыма, удасца ўдакладніць, ці ёсць яго прозвішча на адной з магільных пліт на брацкіх могілках савецкіх воінаў пад Брандэнбургам. Можа, мае дачка, унук пабываюць калі-небудзь там, паклоняцца роднаму чалавеку. Памяць павінна жыць…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.