Паставіць заслон агрэсару

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Памятаю час, калі жывёле не хапала кармоў, калі ссякалі галінкі кустарнікаў, каб уключыць іх у рацыён, летам палолі буракі і бульбу, а пустазелле сушылі, нарыхтоўвалі травяністы корм на ўсіх няўдобіцах. Цяжкі быў перыяд (гэта недзе ў 60-я гады мінулага стагоддзя), і трэба было неяк выкручвацца, каб выжыць. Для сіласавання зялёнай масы на корм і з’явіўся ў нашым раёне баршчэўнік Сасноўскага — высокая расліна з вялікім сакавітым лісцем. Тады ніхто нават не думаў, што баршчэўнік так агрэсіўна запалоніць зямлю, будзе падаўляць усе іншыя культуры і стане пагражаць балансу экалагічнай сістэмы рэспублікі. Акрамя таго, ён шкодны і для здароўя людзей: сок баршчэўніку выклікае апёкі скуры.

 

У Мінскай вобласці выяўлена 950 месцаў, дзе расце баршчэўнік Сасноў-скага. Займае ён больш за 364 га. З іх 32 % — у Лагойскім раёне. Ад 11,2 % да 3,8 % — у Мінскім, Слуцкім, Пухавіцкім, Уздзенскім, Барысаўскім, Нясвіжскім. Для хімічнай апрацоўкі плошчаў інва-зійнай расліны Мінскі абласны Савет дэпутатаў прадугледзеў 417465 рублёў.

 

У нашым раёне ён займае 14,12 га. Расце ў 31 месцы. Найбольшыя плошчы — у Нясвіжскім лясніцтве (4,1 га), ААТ “Юшавічы” (3,8 га), на тэрыторыі Ланскага сельсавета (1,7 га), на аб’ектах меліярацыі ААТ “Нясвіжскае ПМК” (1,45 га), у ААТ “Лань-Нясвіж” (1,31 га).

— У параўнанні з леташнім плошча пад баршчэўнікам зменшылася на 4 гектары, — расказвае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Грынкевіч. — За кошт ЗАТ “1 Мая”, ААТ “Юшавічы” і Ланскага сельвыканкама. Участкі, дзе знішчылі гэтую культуру-агрэсара, уведзены ў севазварот. Пры пастаяннай апрацоўцы глебы, вырошчванні культурных раслін баршчэўнік, будзем спадзявацца, з часам не зможа аднавіцца.

Самы актыўны сродак барацьбы з інвазійнай раслінай — хімічны. Для гэтай мэты ў раёне таксама прадугледжаны сродкі. А тэндар па апрацоўцы ўчасткаў з баршчэўнікам у нашым раёне выйграла ТАА “Прафхімахова”.

Акрамя баршчэўніку, на тэрыторыі Нясвіжскага раёна сустракаюцца і іншыя расліны-агрэсары: залатарнік канадскі і эхінацыстыс лопасцевы (шалёны агурок). А вось на тэрыторыі рэспублікі, як сцвяр-джаюць спецыялісты, такіх чужынцаў больш за 300 відаў. Яны характарызуюцца вялікай пладавітасцю, жывучасцю і выцясняюць мясцовыя віды раслін, якія растуць на нашых землях спрадвеку.

Агрэсары наносяць урон эканоміцы краіны. Таму з імі трэба змагацца ўсімі даступнымі метадамі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.