Звыш 20 чалавек атрымалі да 1 Мая падзячныя лісты, ганаровыя граматы, падарункі і грашовыя прэміі райкамаў прафсаюзаў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Нясвіжскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя П. Пранузы напярэдадні 1 Мая прайшло ўшанаванне  лепшых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікоў працоўных дынастый і ветэранаў працы.  З прывітальнымі прамовамі   выступілі кіраўнік справамі Нясвіжскага райвыканкама Вольга Мышалава і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Жыгуноў.

— Першамай аб’ядноўвае ўсіх нас незалежна ад узросту, пасады і прафесіі,— сказаў Міхаіл Іванавіч. — Гэта галоўнае свята ў гісторыі прафсаюзнага руху, які зарадзіўся больш за сотню гадоў таму. Ён і сёння напаўняе нас аптымізмам, дазваляе адчуць сябе часткай адзінага цэлага, часткай нашага грамадства. Адзначаючы свята  1 Мая, мы аддаём даніну павагі традыцыям, якія да гэтага часу беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.  А што сёння патрэбна для жыцця чалавеку? Любімая справа, дастойны заробак і магчымасць самарэалізацыі. Хачу пажадаць усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і каб вы заўсёды атрымлівалі радасць ад сваёй працы.

Кіраўнік справамі Нясвіжскага райвыканкама
Вольга Мышалава ўручае Ганаровую грамату райвыканкама майстру дэкаратыўна-прыкладнога
мастацтва Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці Наталлі Леўшынай за перамогу
ў конкурсе «Бабуліны прысмакі»

Ролю прафсаюзаў у жыцці працоўных адзначыла ў сваім святочным віншаванні і В. М. Мышалава:

— Прафсаюзныя лідары — гэта людзі, якія жывуць клопатамі іншых, дапамагаюць людзям працы. Іх адданасць сваёй справе  заслугоўвае самай высокай павагі, — падкрэсліла Вольга Міхайлаўна. —  Мы ўсе — адна вялікая сям’я, якая працуе на карысць нашай Радзімы, і я вельмі рада перадаць вам цёплыя словы віншаванняў ад імя Нясвіжскага райвыканкама, якія вы, спадзяюся, перадасце ў свае калектывы. Асобныя словы падзякі — нашым ветэранам, якія з цягам часу не толькі не здаюць пазіцый, а наадварот, натхняюць сваім прыкладам маладое пакаленне. Яскравы прыклад такога самаахвярнага служэння — перамога Н.М. Леўшынай у конкурсе «Бабуліны прысмакі». Яго арганізатарам з’яўляецца Мінскі абласны Савет ветэранаў, і сёння мы ўручаем Ганаровую грамату Наталлі Мікалаеўне за папулярызацыю нацыянальнай кухні, захаванне сямейных кулінарных традыцый, згуртаванне ветэранскай супольнасці і адраджэнне старадаўніх традыцый у сферы грамадскага харчавання.

Падзяку старшыні пярвічнай прафсаюзнай
арганізацыіі прадстаўніцтва Беларускага
рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах» па Нясвіжскім раёне
Святлане Лашук уручае старшыня райкама
прафсаюза работнікаў дзяржаўных
і іншых устаноў Лілія Ванагель

Эстафету віншаванняў удзельнікам свята  падхапілі лідары прафсаюзнага руху раёна. «Віноўнікамі» ўрачыстасці сталі прадстаўнікі сфер прамысловасці, адукацыі, культуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельскай гаспадаркі і іншых. За шматгадовую добрасумленную працу, актыўную грамадскую і прафсаюзную работу падзячнымі лістамі, ганаровымі граматамі, падарункамі і грашовымі прэміямі райкамаў прафсаюзаў было ўзнагароджана звыш 20 чалавек. Свой музычны падарунак — святочны канцэрт «Душа спявае, сустракае Першамай» — для іх падрыхтавалі работнікі культуры раёна.

Наталля ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.