Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

“Дзякуй Богу за ўсё”. Выбітная несвіжанка адзначае свой 90-гадовы юбілей

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

У кожнай справы ёсць свой пачатак. Калісьці, шмат гадоў назад, многія жадалі, каб у Нясвіжы з’явіўся новы храм. Але храм, як аказалася,  пачынаецца не з закладкі сцен і не з пазалочаных купалоў, а з прыхаджан, царкоўнай абшчыны. Хтосьці пра гэта марыў, хтосьці прагаворваў услых, а вось несвіжанкі Алена Іосіфаўна Быль і Еўдакія Альбінаўна Шышканава пачалі дзейнічаць. Спачатку паехалі на службу ў  Крыжа-Уздзвіжанскі храм вёскі Вялікая Лысіца, звярнуліся са сваёй прапановай да святара, протаіерэя Аляксандра Данчанкі,  а  ўжо пасля ў Нясвіжскі райвыканкам за дазволам на стварэнне царкоўнай абшчыны. Еўдакія Альбінаўна пайшла з жыцця. А  Алена Іосіфаўна і сёння нясе сваё служэнне Богу ў царкоўнай лаўцы, не прапускаючы ніводнай службы.  Калісьці яна  прызналася айцу Аляксандру: “ Як у царкве служба, я дома сядзець не магу”.  Святар лічыць, што менавіта такая прага сумоўя з Богам і дае сілы, памнажае іх. І галоўнае, Алена Іосіфаўна ніколі не ўспамінае пра свае заслугі перад храмам, цярпліва  і настойліва служыць Богу.  У падзяку за старанную працу  на ніве духоўнай была ўзнагароджана архіерэйскай граматай.



Нядаўна Алена Іосіфаўна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. Прымаючы віншаванні з нагоды гэтай падзеі пасля богаслужэння ў храме Узнясення Гасподня нашага горада, юбілярка  звярнулася да прыхаджан:

— Хадзіце ў храм, маліцеся, прасіце Ісуса Хрыста аб тым, у чым маеце патрэбу, і літасцівы Гасподзь пачуе, дапаможа вам. І дзякуйце Яму за ўсё. Я жадаю ўсім шчасця, здароўя і даўгалецця. Дзякуй Богу за ўсё.

Алена Іосіфаўна Быль

Алена Іосіфаўна была чацвёртым і апошнім дзіцем у сям’і Іосіфа і Яўгеніі Стралкоўскіх. Старэйшая сястра Валянціна памерла ў два гады ад адзёру, да якога дадалося яшчэ і запаленне.  Той жа лёс мог напаткаць і брата Яўгена. Грошай на лячэнне не было. Яго выратавала выпадковасць. Іосіф Іванавіч быў добрым шаўцом, меў карту рамесніка.  Матэрыялы для свайго занятку ён закупляў у адной яўрэйкі. Да яе і зайшоў пасля смерці дачкі. Тая спытала, чаму ён такі сумны. Пачуўшы адказ, прамовіла:

— Што ты нарабіў! Чаму ты раней не прыйшоў. Ідзі дадому, я прывязу доктара Гінсбурга. Ён павінен выратаваць твайго сына.

Яна наняла брычку і прывезла доктара, папрасіла, каб той пабыў з хворым некалькі гадзін, пакуль яму не стане лягчэй. Добрая жанчына сама аплаціла лячэнне. Хлопчык паправіўся. Іосіф Іванавіч грошы пасля вярнуў, хаця выратавальніца не хацела іх браць. Яўрэі паважалі гэтага чалавека за сумленнасць і выхаванасць. Пасля ў сям’і нарадзіўся брат Іван. Але бацька вельмі хацеў мець дачку.

На дванаццаты дзень пасля нараджэння дачушкі ў маці значна пагоршылася самаадчуванне, яе адправілі ў бальніцу. Дачка таксама ледзь трымалася за жыццё, і мама  папрасіла яе хутчэй ахрысціць. Бацькава сястра спыніла суседа, Стася Кругліка, які ехаў на возе з поля, і яны павезлі дзяўчынку ў храм, дзе на той час служыў бацюшка Чыпуль.  Дзяўчынку ахрысцілі імем Алена. Цётцы вельмі падабалася дачка суседзяў Боганаў, Алена (праз шмат гадоў Алена Боган стала жонкай святара Дзімітрыя Хмеля). Бацька вельмі любіў малодшую дачку, часта браў яе з сабою, калі ішоў па сваіх неадкладных справах. А сыноў выхоўваў у строгасці, прывучаў да малітвы. Калісьці і яго самога да веры прывёў бацька, Іван Захаравіч, які прыслужваў у храме, і які рана стаў удаўцом. Да Алены гэтыя патрабаванні не адносіліся, але яна і сама хацела не адставаць ад бацькоў і братоў. З малых гадоў адчула неабходнасць у наведванні храма, споведзі і прычасця.

У школу яна пайшла ў шэсць гадоў. Старэйшыя браты вучыліся, і ёй было сумна заставацца дома. Маці прыйшлося пайсці на падман і сказаць дырэктару, што ёй ужо сем. Алена вучылася добра. Восенню, праз два гады, запатрабавалі метрыкі, і дырэктар сарамаціла маму за няпраўду.

Сустрэча архіерэя Савы. Прыкладна 1938 г.,
Алена Іосіфаўна — у ніжнім радзе другая злева

— Гэта цяпер ідуць у школу ў пэўным узросце. А са мной раней вучыліся Вацік Стангілоўскі, на два гады старэйшы, Манька Александровіч, на тры гады старэйшая. Я — дзіця супраць іх. У школе калідор вузкі. Усе паскідаюць паліто, а пасля разбіраюць. Я, самая малая, чакаю, а пасля, расхрыстаная, бягу за імі. Зімы тады былі халодныя, снежныя. А ў мяне за каўняром снегу! Хто знаёмы прыпыніць, выграбе снег і зашпіліць паліто, — успамінае Алена Іосіфаўна.

Калі Алена вучылася ў трэцім класе, пабудавалі новую школу, дзе цяпер размяшчаецца гімназія.

— У новай школе я вучылася, пакуль не прыйшла савецкая ўлада. Да трыццаць дзявятага года скончыла пяць класаў. Тых, хто скончыў пяць, шэсць і сем класаў, усіх зноў вярнулі ў пяты, — працягвае ўспаміны мая суразмоўца.

Адразу пасля прыходу савецкай улады пачаліся арышты тых, каго лічылі палітычна ненадзейнымі. Зімой вывозілі вельмі многа. Прыйшлі мы ў класс — а трэцяй часткі вучняў няма.

Арыштавалі суседа Камінскага, а пасля вывезлі яго жонку з дачкой і сынам. Чэсік, гэта сябра маіх братоў,  у дарозе захварэў на тыф і памёр. Вывезлі і суседа Аляшкевіча. Усе гэта былі простыя людзі, такія, як і мы, ні ў чым не вінаватыя, і ўсе вельмі баяліся.

Калі  пачалася вайна, я скончыла шэсць класаў. Пры немцах закончыла сёмы. Пасля вызвалення пайшла ў дзявяты клас рускай сярэдняй школы, затым — паступіла ў настаўніцкую семінарыю. Пасля яе заканчэння здала экзамены на гістарычны факультэт Баранавіцкага настаўніцкага інстытута. Але вучыцца не прыйшлося, не аддалі атэстата, а сказалі, што трэба два гады адпрацаваць. Працавала ў Падлессі, Лані, Цярэскаўшчыне, Малеве. Калі пабудавалі школу № 1 у Нясвіжы, перавялі на працу туды. У мяне ў класе было сорак восем вучняў. Амаль з усімі імі я пасля перайшла  на працу у СШ № 3 пасля яе пабудовы, дзе і адпрацавала да пенсіі.

Падчас работы ў з вучнямі Ланскай школе, прыкладна 1950 год

Сёння Алена Іосіфаўна ўспамінае былых вучняў. Многія з іх пайшлі па яе слядах, сталі настаўнікамі: Таццяна Мартыненка, Ванда Івашкевіч, Святлана Макаўчык, Наталля Лебядзеўская. Уладзімір Падгайскі, Галіна Прануза, Людміла Міклашэвіч, Святлана Кулеш  — урачы. Міхаіл Чычко, якога яна вучыла ў Ланскай школе, стаў прафесарам, выкладчыкам  Мінскага медінстытута. Марына Халецкая — архітэктар, Ігар Саўчанка  працуе ва УМГ начальнікам змены дыспетчараў, Міша Рэмізовіч клапоціцца аб добраўпарадкаванні дарог, Аляксандр Гарачкоўскі працаваў у міліцыі, Наталля Новікава — журналіст у Маскве, а Ганна Марцюкова стала бухгалтарам. Яна, як і яе настаўніца, шмат дапамагае храму, вядзе бухгалтэрыю. Алена Іосіфаўна памятае пра сваіх вучняў,  ганарыцца імі. Многія ўспамі-наюць  сваю настаўніцу добрым словам, і не толькі яны, але і іх бацькі. Дабро не забываецца. Заўсёды застаецца ў памяці чалавек, які дапамог зрабіць першыя крокі да ведаў, вучыў добрым адносінам да людзей, да сваіх абавязкаў.

Алена Іосіфаўна разам з мужам Вікенціем Міхайлавічам выгадавала двух сыноў. Вікенцій Міхайлавіч — партызан, разведчык, рана пайшоў з жыцця. Але Алена Іосіфаўна дапамагла сынам атрымаць адукацыю, уладкавацца на працу. Старэйшы, Анатоль, скончыў будаўнічы тэхнікум, увесь час працаваў у Нясвіжскім водаканале. У 2016 годзе ён быў прызнаны Чалавекам года Міншчыны. Малодшы — Яўген,  выпускнік політэхнічнага інстытута, працуе ў Брэсце. Сыны і нявесткі падаравалі бабулі двух унукаў  і дзвюх  унучак, а тыя, у сваю чаргу, пяцёра праўнукаў. Алена Іосіфаўна прымала дзейсны ўдзел у выхаванні ўнукаў, рыхтавала да паступлення ў школу, не забываючыся прывучаць да храма і малітвы.  Інга цяпер — банкаўскі работнік, Віктар — будаўнік, Наталля — перакладчык,  Віталь — гісторык, вучыцца ў аспі-рантуры ў Германіі, працуе над навуковай працай, лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў”, пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і абласных літаратурных конкурсаў.

— Віталь яшчэ год будзе ў Германіі. І мне б хацелася, каб ён пасля вярнуўся ў Нясвіж. Але хай сам вырашае, з жонкай раіцца. У мяне калісьці была магчымасць з’ехаць у Польшчу, там жылі маміны сястра і брат. Мама прасіла: “Паедзем”. А я кажу: “Я не паеду!”. Бацька глянуў на мяне: “ І я не паеду”. Куды ж маці адна паедзе? Так мы і засталіся тут. Я люблю Нясвіж!

Алена Іосіфаўна калісьці вучыла сваіх вучняў добраму, светламу, сапраўднаму, а сёння мы вучымся ў яе радасным адносінам да жыцця, чалавечнасці і веры. Як не дзіўна, на працягу  некалькіх сустрэч я не пачула ад яе ніводнай скаргі на жыццё або на здароўе. Яна проста робіць сваю справу і не адступае ад свайго жыццёвага прынцыпа, які і нам трэба прыняць пад увагу: “Дзякуй Богу за ўсё!”.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

Фота з сямейнага архіва А.І. Быль.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!