Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 10 °C

“Вёсачка мая — жыцця майго старонка”

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 25.08.2018

Як мы паведамлялі, у  аграгарадку Аношкі, цэнтры ААТ  “Новае жыццё”, ладзілася свята  вёскі. Ладзілася годна, шырока   і  ўрачыста.

На сустрэчу з вяскоўцамі прыехаў старшыня  раённага выканаўчага камітэта Генадзь Салавей. Ён выказаў словы ўдзячнасці працаўнікам ААТ “Новае  жыццё” за важкі хлебны  каравай, за адданасць роднай зямлі, пажадаў далейшых поспехаў у іх нялёгкай, але такой важнай, запатрабаванай справе. Генадзь Міхайлавіч уручыў Па-дзячныя пісьмы  старшыні Нясвіж-скага  райвыканкама вадзі-целю Васілю Шарапу (фота 2), загадчыку аўтагаража Міхаілу  Нагорнаму (фота 1)  і трактарысту-машыністу Валерыю Карачуну (фота 3).



Словы шчырага віншавання прагучалі з вуснаў дырэктара ААТ “Новае жыццё” Андрэя Ратомскага. Ён падзякаваў вяскоўцам за добрасумленную працу, пажадаў дабрабыту, шчасця, міру. Нагадаў, які вялікі ўклад у будаўніцтва вёскі, развіццё гаспадаркі ўнёс заслужаны  работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Васільевіч Саленік, які 33 гады кіраваў гэтым сельгаспрадпрыемствам, падабраў выдатны калектыў, згуртаваў усіх і нацэліў на вырашэнне пастаўленых задач.

Фота 1

Фота 2

Фота 3

Яркім акордам свята стаў вынас караваю. Залацістага, духмянага. А даручылі гэтую ганаровую місію старшаму камбайнеру  Георгію Антановічу і камбайнеру Яўгену Корабу, экіпажу-пераможцу на жніве-2018. У канцы свята каравай разрэзалі і пачаставалі ім прысутных.

Цікавыя факты з гісторыі вёскі Аношкі распавяла яе ўраджэнка і жыхарка Святлана Ціхонка, якая  шмат гадоў працавала эканамістам, галоўным эканамістам гаспадаркі,  ідэолагам і старшынёй прафкама. Яна нагадала, што гісторыя вёскі ідзе з 1605 года, згодна з архіўнымі данымі, але, магчыма, паселішча больш старое. Жыў у гэтых мясцінах у сваім замку князь Анош, а вакол замка распасціраўся лес. Святлана Арсенцьеўна зазначыла: “На гэтым месцы, дзе мы зараз стаім, было поле. А там, дзе праходзіць  вуліца Цэнтральная, месцілася чатыры хутары”. Выступоўца ўсё гэта даведалася некалі ад сваёй бабулі Антаніны Дзмітрыеўны Марук. — А цяпер якой вялі-кай і прыгожай, добраўпарадкаванай стала вёска! — сказала яна.

Землякі шчыра ўшанавалі старажылаў вёскі. Алене  Кірылаўне Валочнік — 90 гадоў. Працавала даяркай у калгасе. Ніколі не шукала для сябе выгады, проста выконвала сваю справу грунтоўна, па-гаспадарску. Аляксею Антонавічу Шарапу — 86 гадоў. Ён працаваў  будаўніком калгаса (яны — на фота 4. Справа — ветэран працы Вера Мікалаеўна Бабок).

Фота 4

Фота 5

Фота 6

Для таго, каб родная зямля была свабоднай і шчаслівай, многія вяскоўцы аддалі свае жыцці ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. А тыя, што вярнуліся дамоў з поля бою, рабілі ўсё, каб аднавіць гаспадарку. На жаль, іх сёння ўжо няма сярод жывых, але іх памятаюць нашчадкі і будуць памятаць заўжды.

Шмат сіл аддалі працы ў калгасе ветэраны  вытворчасці, былыя даяркі  Вера Мікалаеўна Бабок, узнагароджаная ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнай Славы 2-й  і 3-й ступеней, Аляксандра Антонаўна Шарапа і Алена Васільеўна Хоміч, уз-      нагароджаныя ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Ушанавалі вяскоўцы таксама былога механізатара калгаса Мікалая Уладзіміравіча Хоміча, які  ўзнагароджаны ордэнам Леніна, і былога інжынера Вікенція Антонавіча Марука, кавалера ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Сённяшнія шчырыя рупліўцы палёў, паважаныя механізатары Іван Мікалаевіч Антановіч і Георгій Іванавіч Антановіч узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. І прыемна, што побач з вопытнымі працаўнікамі  набіраюцца майстэрства прадстаўнікі маладога пакалення.

Аграгарадок Аношкі — прыгожы, сучасны. І ў гэтым немалая заслуга  гаспадароў прыгожых і ўтульных сядзіб, пераможцаў раённых конкурсаў сярод пенсіянераў на лепшае падвор’е. Вядучыя свята з прыемнасцю назвалі імёны Ганны Піліпаўны Казловай, Вольгі Дзмітрыеўны Асіповіч, Георгія Аляксандравіча і Лідзіі Сямёнаўны Баўтрэль, Ірыны Мікалаеўны Мядзведзь. У раённых конкурсах на лепшае падвор’е прымалі таксама ўдзел сем’і Міхаіла і Людмілы Дварэцкіх, Рыгора і Наталлі Гарачкоўскіх, Анатоля і Юліі Шаўчэнка, Іны Скрыба і Уладзіміра  Кузняцова.

Асабліва цёплыя словы былі адрасаваны сямейным парам, якія адзначылі юбілейныя даты сумеснага жыцця. 60 гадоў пражылі разам Аляксей Антонавіч і Аляксандра Антонаўна Шарапа. 50 гадоў — Міхаіл Антонавіч і Валянціна Васільеўна Жаўняровіч. 25-годдзе сумеснага жыцця адзначылі сем’і Аляксандра Вікенцьевіча і Паліны Уладзіміраўны Сянкевіч, Аляксандра  Уладзіміравіча і Ірыны Мікалаеўны Смірновых.

Фота 7

Фота 8

Фота 9

Добрыя пажаданні гучалі ўсім, хто сёлета адзначыў юбілейную дату ў сваім жыцці.

З радасцю віталі  на свяце самых маленькіх жыхароў аграгарадка: Іллю Акуліка, Максіма Дуброву, Васілісу Белаус, Варвару Лях.

Пляцоўка, дзе праходзіла свята вёскі, была дыхтоўна ўпрыгожана вырабамі мясцовых майстрых. Выставу склалі сапраўдныя шэдэўры, якія ствараюць рукі Ірыны Васільеўны Быбко, Вольгі Дзмітрыеўны Асіповіч, Жанны Генадзьеўны Сержан, Іны Львоўны Гуцько.

Свята вёскі ў Аношках вырашылі правесці, закончыўшы жніво, завяршыўшы самую важную, самую адказную хлебаробскую справу. Гаспадарка сёлета атрымала нядрэнную аддачу збожжавай нівы. Ураджайнасць склала 74,9 ц/га. Гэта лепшы паказчык па раёне і другі — па Мінскай вобласці. Дырэктар ААТ “Новае жыццё” Андрэй Ратомскі  ўзнагародзіў лепшых працаўнікоў на жніве. Грашовыя прэміі атрымалі старшы камбайнер Георгій Антановіч і камбайнер Яўген Кораб, старшы камбайнер Фёдар Кандрацюк і камбайнер Юрый Кандрацюк, старшы камбайнер Віктар Карачун і камбайнер Віктар Карачун, а таксама вадзіцель Дзмітрый Гадун (фота 5).

Затым вяскоўцаў прывітаў старшыня Казлоўскага сельскага выканаўчага камітэта Алег Яраш.

Фота 10

Фота 11

На працягу ўсяго свята гучала добрая музыка і прыгожыя песні. Тут ужо пастараліся  работнікі Аношкаўскага сельскага  дома культуры і Аношкаўскай  дзіцячай школы мастацтваў, усе творчыя людзі, мясцовыя артысты, якія маюць і талент, і жаданне дарыць людзям  радасць. Дружныя апладысменты “зрывалі” народны ансамбль песні “Лянок”, дзіцячы ўзорны калектыў “Аношкаўскія музыкі”, дзіцячы танцавальны калектыў “Сонейка”, салісты (фота 7,8,11).

Свята іскрылася і звінела. На ім было шматлюдна (фота 6,9,10). Працавала забаўляльная дзіцячая пляцоўка, гандлёвыя кропкі. І доўга над аграгарадком не сціхаў вясёлы  гоман.

Дзмітрый ЯШЧАНКА. 

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!