Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

“Чытаю “раёнку” ў першую чаргу”

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

— Ганна Міхайлаўна, з якога часу вы выпісваецеі чытаеце  нашу газету? — спытала я даўнюю сяброўку “раёнкі” 80-гадовую Ганну Міхайлаўну Слабко, жыхарку вёскі Тарэйкі.

— А з таго часу, калі гадавала сваіх малых дзяцей.

Так… Сыну Ганны Міхайлаўны — 61, дачцэ — 55.

Вось дзесьці столькі гадоў раённая газета не пакідае хаты Слабко.

— Гаспадар мой і ўліковым работнікам, і брыгадзірам, і фуражырам быў у калгасе імя Калініна, — працягвае аповед жанчына.



Яно і зразумела — у чалавека “пры пасадзе” “раёнка” заўсёды была на стале. Аляксандр Дзям’янавіч, муж маёй суразмоўцы, пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму. Цяпер яна жыве адна. А газету працягвае выпісваць. Па звычцы. па традыцыі. І не толькі.

— Я і “Гаспадыню”, і “Народнага доктара” выпісвала, і абавязкова — “Чырвоны сцяг”, цяпер — “Нясвіжскія навіны”, — расказвае Ганна  Міхайлаўна. — Яна — мая самая любімая газета. Чытаю яе ў першую чаргу, з радасцю. Вось сёння  да мяне пляменнік заехаў, таму яшчэ не чытала. (Мы размаўлялі ў сераду  а палове пятай, свежая газета ўжо была ў падпісчыцы. — Аўт.). Усе навіны люблю чытаць. Пра людзей. Радуюся за тых, хто дабіўся ў сваім жыцці поспехаў, хто адзначаны ўзнагародамі, чые фотаздымкі змешчаны на раённай Дошцы гонару. Асабліва прыемна, калі я ведаю кагосьці з гэтых людзей. З задавальненнем чытаю пра справы снаўчан. А выхадзец з агракамбіната “Сноў” Здановіч узначаліў суседнія “Грыцкевічы”, і там цікава праходзіць жыццё — з газеты я даведалася пра іх конкурс на лепшую сям’ю.

Ганна Міхайлаўна паўшчувала, што не пішам пра Сноўскі  крухмальны завод, дзе яна  адпрацавала 28 гадоў. Я ёй “пахвалілася”, што гэтаму прадпрыемству мы адвялі ў чарговым нумары “НН” цэлую старонку, у сувязі з яго 90-годдзем. (На сённяшні дзень, зразумела, Ганна Міхайлаўна тую газету ўжо прачытала).

На крухмальным заводзе яна была бухгалтарам-касірам. “Як тады  працавалася?” — цікаўлюся.

— Нарыхтоўвалі за сезон 23 — 24 тысячы тон бульбы. Яе здавалі нам Нясвіжскі, Клецкі, Стаўбцоўскі і Капыльскі раёны. Бухгалтар па нарыхтоўках павінна была мне на раніцу ўсе паперы для банка падрыхтаваць, я рэйсавым аўтобусам ехала ў Нясвіж, у банк, а ў 11.40 ужо вярталася з райцэнтра назад. У дні зарплаты і авансу —  з дзвюма сумкамі ў руках, а яны — напоўненыя грашыма. Затым нас перавялі на абслугоўванне ў Сноўскую ашчадную касу, туды па грошы ездзіла на веласіпедзе…

Агульны працоўны стаж у яе 42 гады. Пасля Сноўскай дзесяцігодкі і бухгалтарскіх курсаў у Баранавічах працавала ў калгасе, пазней — у сферы гандлю. З 1970-га і да пенсіі — на крухмальным. Наогул, Ганна Міхайлаўна —  і чалавек, і суразмоўца цікавы, шчыры, адкрыты. Я даведалася, што яна ў сем гадоў страціла бацьку. Міхаіл Віктаравіч  Андросік (Ганна Міхайлаўна родам з Каменкі) загінуў  у Вялікую Айчынную вайну ў сакавіку 1945 года. У 1992 годзе ў Нясвіжскім райваенкамаце ёй выдалі пасведчанне  да медаля “За адвагу”, якім  пасмяротна быў узнагароджаны бацька. І, пачынаючы з таго часу, яна і дзеці вялі пошукі месца, дзе пахаваны іх бацька і дзядуля. Нарэшце, у 2004-м  даведаліся праз Чырвоны Крыж. Магіла Міхаіла Андро-сіка пад нумарам 30/13 знахо-дзіцца на могілках савецкіх воінаў у горадзе Новагард Шчэцін-скага ваяводства ў Польшчы. Шкадуе, што не змагла пабываць там: трэба было даглядаць маці, інваліда  першай групы, якая  пакінула гэты свет у 83 гады. Спадзяецца, што дзеці ці ўнукі, ці праўнукі з’ездзяць пакланіцца магіле роднага чалавека.

У Слабко заўсёды была  гаспадарка, было шмат клопатаў. Ганна Міхайлаўна ўсюды  паспявала, упраўлялася. Яе  працалюбівая натура і цяпер не ведае спакою. Наогул яе прысядзібным участкам займаецца зяць. Яна ж сама пасеяла чатыры радкі морквы, два радкі буракоў. 10 каліў памідораў і 6 — капусты таксама далі ўра-джай. Укроп ёсць, трускалкі, чорныя парэчкі. Сад. Сёлета яблыні гнуліся ад ураджаю, галіны ад цяжару паламаліся. Дык яна, седзячы на табурэтцы, сабрала з дрэў 26 мяшкоў яблык.  Заказала ў нарыхтоўчай канторы машыну. Нумар тэлефона, кажа, прачытала ў нашай газеце. Прыехалі, забралі яблыкі. Зарабіла 50 рублёў.

Дзеці ёй кажуць: “Хопіць, мама, ты сваё ўжо адпрацавала”. Але яна не ўмее сядзець без работы.

Ганна Міхайлаўна не нарадуецца сваім нашчадкам, сваім памочнікам. А ў яе чатыры  ўнукі і ўжо два праўнукі.

Ля яе хаты многа кветак. У асноўным — шматгадовых. Ёсць і адналетнікі. Муж вельмі  любіў петуніі, яна і цяпер  іх высявае. Недарэмна сядзібу Ганны Міхайлаўны ў Сноўскім сельскім Савеце ў 2017 годзе прызналі лепшай сярод  удзельнікаў конкурсу пажылога ўзросту. І гэта прытым, што бабуля мае другую групу інваліднасці і даволі паважаны ўзрост.

Радуецца мая суразмоўца і ўдзячна, што іх, пажылых, ветэранаў, не забываюць. Запрашаюць на мерапрыемствы ў Дзень пажылых людзей, да яе проста ў хату летась  прыязджалі ўдзельнікі хору ветэранаў працы “Аптымісты” з Нясвіжа, паспявалі, павіншавалі.

— Хаджу з палачкай. Радуюся кожнаму пражытаму  дню. У царкву наведваюся, я ж — чалавек веруючы, — кажа Ганна Міхайлаўна. — І мару дажыць да таго часу, калі праўнукі паступяць ва ўніверсітэт.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!