Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

“Гэтай зямлі я адданы навекі!”

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

У адну з цёплых, але хмарных жнівеньскіх субот сабраліся ў адным месцы людзі, для якіх “Малева” — не проста набор гукаў, а самае цёплае і роднае слова. Гэта і жыхары вёскі, і суседзі, і сябры вёскоўцаў, і тыя, хто доўгія гады не прыязджаў на сваю малую радзіму. Падчас свята больш сталыя вяскоўцы занялі месцы перад імправізаванай сцэнай, а вакол бегалі ці сядзелі ў бацькоў на руках маленькія жыхары і госці вёскі. Нават надакучлівы дожджык, які амаль не спыняўся, не амрочыў настрой усіх, хто сабраўся.



Жывуць у вёсцы Малева яе старэйшыя жыхары, якімі за сваё нялёгкае жыццё давялося шмат чаго пабачыць і перажыць. Больш за дваццаць вяскоўцаў маюць узрост больш за восем-дзесят. Самай старэйшай жыхаркай з’яўляецца Ядвіга Іванаўна Міхалап, якой 10 лістапада споўніцца 99 год! Ад усяго сэрца вядучыя павіталі ўсіх людзей старэйшага ўзросту і выказалі ім  удзячнасць за іх нялёгкае жыццё, самаадданую працу і за жыццёвую мудрасць.

Дырэктар ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Юрый Скрыба ўручае падарунак
ад прадпрыемства ветэрану працы Наталлі Гаціла, якая шмат гадоў прысвяціла паляводству

Падарункі ад арганізатараў свята атрымалі
ўдзельніцы знакамітага “Малёўскага гурта” Н.В. Гаціла,
Я.К. Гаціла, А.В. Гаціла, З.А. Шах, В.У. Ігнатчык

Зараз вёска ўваходзіць у склад ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, а раней, з 1951 года, яна была ў складзе калгаса “Радзіма”. Пра сённяшні дзень таварыства, яго ветэранаў, працаў-нікоў і перадавікоў расказаў дырэктар гаспадаркі Юрый Скрыба. Наступным выступоўцам стала галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Святлана Антончык. Яна ў сваёй прамове прачытала ўласны верш, прысвечаны роднай вёсцы, якая ў кожнага — свая. А пасля падзякавала ветэранам за цяжкую працу ў гаспадарцы і разам з Юрыем Скрыбам уручыла памятныя падарункі ўсім малёўскім ветэранам гаспадаркі.

Падарунак ад ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” атрымала
былая даярка
Валянціна Санька

Успомнілі і пра вядомага мастака Фёдара Вініцкага, які нарадзіўся і жыў у гэтай цудоўнай мясціне. Карціны, якія напісаў мастак, і сёння вісяць у хатах малёўцаў, радуюць сэрца і нясуць духоўнае цяпло. Меркавалася зрабіць невялікую выставу карцін, але з-за дажджу гэта не атрымалася. Добрымі ўспамінамі аб мастаку падзя-лілася яго сваячка, бібліятэкар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Шчарбакова.

Найлепшыя пажаданні пачулі мнагадзетныя маці, якія не толькі выгадавалі дзяцей і вывелі іх у людзі, але і дапамагаюць зараз гадаваць унукаў, гэта: Тамара Іванаўна Ніканчук, Наталля Андрэеўна Гаціла, Валянціна Вацлаваўна Санько і Франя Баляславаўна Бутэвіч.

Адзначылі і адданасць дзецям мнагадзетных бацькоў, а менавіта Віктара і Анастасіі Гаціла, Аксаны Санько і Эдуарда Пратасевіча, Алены і Мікалая Кашырскіх, Наталлі і Міхаіла Русаковіч, Таццяны Хандаговай і Анатолія Ігнатчыка, Вольгі і Аляксея Маславых.

Жыццё ідзе, змяняюцца пакаленні, утвараюцца новыя сем’і. Самай маладой у Малеве з’яўляецца пара Дар’і і Іллі Гаціла, якія атрымалі падарунак.

Ёсць у народзе прымаўка “Жыццё пражыць — не поле перайсці”. І сапраўды, складана шмат гадоў крочыць па жыцці разам з кімсьці. Таму з падзякай былі названы сем’і, у якіх больш за 60 гадоў муж і жонка падтрымліваюць адзін аднаго. Усяго іх у вёсцы чатыры: Марыя і Юльян Макаўчык, Клаўдзія і Фёдар Драбужэвіч, Ніна і Юльян Мяленька, Валянціна і Міхаіл Каладзінскія. У верасні адзначаць 35-годдзе сумеснага жыцця Віктар і Наталля Санько.

Павіталі на свяце і іншых юбіляраў. Сваё 45-годдзе сёлета святкуюць Анатоль Ігнатчык і Ірына Высоцкая, 55-годдзе — Пётр Вайцяшонак. З 60-м днём нараджэння павіншавалі Наталлю Гаціла, Зінаіду Кур’ян, Уладзіміра Шаўковіча і Галіну Новік, з 70-годдзем — Мікалая Санько і Марыю Петраш. Адзначаюць 75-ы дзень нараджэння Таццяна Шаўковіч, Галіна Каліноўская і Васіль Акулік. А слаўны 80-гадовы юбілей — Сямён Ігнатчык і Яніна Верамеевіч. 85 год з дня нараджэння сёлета выпала адзначыць Алене Гаціла, Валянціне Усовіч, Фране Бутэвіч і Марыі Макаўчык. І шчырымі апладысментамі віталі 90-гадовых юбіляраў — Зінаіду Шах, Яўгена Алесіевіча, Станіславу Зізіка і Франю Гаціла.

Вёска жыве, пакуль у яе ёсць працяг — маленькія жыхары. Таму павіталі падарункамі і самых маленькіх вяскоўцаў: Аляксандру і Соф’ю Вініцкіх і іх бацькоў Валерыя і Святлану, а таксама  Валерыю Пратасевіч, якая сёлета пойдзе ў першы клас.

Утульныя і дагледжаныя падвор’і многіх гаспадароў, якія жывуць на вуліцах Першамайскай і Зарэчнай, упрыгожваюць вёску, адлюстроў-ваюць яе твар. Добраўпарадкаваныя сядзібы, прыгожыя кветкі, чысціня і парадак… І на свяце нельга было не сказаць пра лепшых гаспадароў, чые намаганні радуюць вока аднавяскоўцам і заезджым гасцям. І як пераможцаў конкурсу “Двор узорнага парадку” адзначылі сям’ю Наталлі і Аляксандра Высоцкіх, якім уручылі на памяць падарунак.

Устаноўлены з нагоды свята вёскі батут
карыстаўся вялікай папулярнасцю ў дзятвы

Выстава вырабаў мясцовых майстроў

Славіцца вёска і народнымі ўмельцамі. Радуюць сваімі вырабамі мясцовыя майстрыхі Валянціна Гаціла, Вольга Маслава і Таццяна Хандагова. А якія выдатныя паварыхі жывуць у Малеве! Любую страву прыгатуюць не горш самага тытулаванага шэф-повара. Размова ідзе пра Таццяну Гаціла і Вольгу Шаўковіч. Ды і артысты выдатныя ёсць у Малеве. Амаль ва ўсіх канцэртных праграмах прымаюць удзел і дораць вяскоўцам добры настрой Ірына Крыварот, Дзмітрый Бязушка, Вольга Каліноўская і іншыя. Запрасілі да сцэны сталых выступоўцаў, якія шмат гадоў радавалі сваімі прыгожымі галасамі мясцовых жыхароў — Валянціну Усеваладаўну Ігнатчык, Алену Веніямінаўну Гаціла, Наталлю Вячаславаўну Га-ціла, Яўгенію Канстанцінаўну Гаціла і Зінаіду Антонаўну Шах. Добрыя словы падзякі ім выказала загадчык Карцэвіцкага сельскага дома культуры Марына Шумейка.

Нават неспадзяваны дождж не змог сапсаваць вяскоўцам святочнага настрою

Сцэнку з вясковага жыцця прадстаўляюць Ірына Крыварот, Дзмітрый Бязушка і Вольга Вальчык

 

Мікалай Мяленька з маленькай дачушкай Лізай
і пляменніцай Дашай з задавальненнем наведаў свята ў вёсцы свайго дзяцінства

Для вяскоўцаў спявае вакальная група
Карцэвіцкага СДК “Дамісолька”

Цікавыя на свяце былі і творчыя нумары, якія падрыхтавалі ўдзельнікі аматарскай творчасці Карцэвіцкага СДК і Сейлавіцкага СК: з сольнымі музычнымі нумарамі выступалі Станіслава Вальчык, Карына Шумейка, Галіна Моўчан; вакальная група Сейлавіцкага СК, Людміла Юрашчык, Аляксей Семянчук, Андрэй Урбановіч, Захар і Назар Канавалавы. Жвавы танец паказалі дзяўчынкі, самадзейныя артысткі   Карцэвіцкага дома культуры. Добры смех выклікала ігра Ірыны Крыварот і Вольгі Вальчык, якія выконвалі ролі суседак Антонаўны і Сямёнаўны, а з роляй Фядота выдатна справіўся Дзмітрый Бязушка.

Ёсць у Малеве і цікавае мінулае, і поўнае жыцця сёння, але толькі любоў жыхароў дапаможа вёсцы стаць яшчэ больш прыгожай. Без любві кожнага з нас да сваёй малой радзімы яна ніколі не будзе напоўнена кветкамі, не будзе беражліва захоўвацца спадчына, вёска ніколі не стане сучаснай. Таму любіце сваю вёску! Шануйце і ганарыцеся тым, адкуль вы!

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!