Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 7 °C

1914 год. Нясвіж напярэдадні падзей Першай сусветнай вайны

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 1 1

Першая сусветная вайна стала небывалай па маштабах, жорсткасці і наступствах бітвай, у якую ўцягнуліся ўсе буйнейшыя дзяржавы свету (30 краін з 59, якія існавалі на той момант). Яна працягвалася 1568 дзён — з 1 жніўня (19 ліпеня) 1914 г. да 11 лістапада 1918 г. На франтах сышліся 70 млн. салдат і афіцэраў, з якіх за-гінуў амаль кожны сёмы.

Вайна была выклікана супярэчнасцямі паміж двума блокамі дзяржаў, якія марылі пра пера-дзел свету. Так званым цэнтральным дзяржавам (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Асманскай імперыі, да якіх пазней далучылася Балгарыя) супрацьстаялі Расія, Францыя, Англія і іх саюзнікі. Кожная краіна мела свае інтарэсы. У прыватнасці, Расійская імперыя разлічвала ўмацавацца на Балканах і атрымаць сваю частку пры падзеле Турцыі. Пры гэтым яна ўступіла ў вайну, будучы найменш да яе падрыхтаванай. Толькі ў лістападзе 1913 г. была зацверджана т.зв. “Вялікая праграма ўмацавання арміі” — праект рэарганізацыі ўзброеных сіл, завяршыць якую планавалася да восені 1917 г. 61 % прызыўнікоў Расійскай імператарскай арміі былі непісьменнымі! Для параўнання: у Францыі гэты паказчык складаў 3,4 %, у Англіі — 1 %, у Германіі — 0,04 %. Прамысловасць не была падрыхтавана да выканання ваенных заказаў. Ужо падчас баявых дзеянняў высветлілася, што папярэднія разлікі зброі, боепрыпасаў і г.д. былі значна ніжэй за рэальныя патрэбы. Некаторыя палітыкі папярэджвалі Мікалая ІІ, што вайна прывядзе да падзення манархіі, распаду імперыі, пацягне за сабою хаос і анархію. Аднак мацней гучалі галасы тых “патрыётаў”, якія заклікалі да “вызвалення славян з-пад нямецкага ярма” і “ўздыму рускага сцяга над Басфорам”.



Дарота Радзівіл —
сястра міласэрнасці лазарэта Чырвонага Крыжа

На момант пачатку вайны Нясвіж быў заштатным горадам Слуцкага павета Мінскай губерні. Па стане на 1 студзеня 1914 г. тут пражывалі 9625 чалавек (5430 мужчын і 4195 жанчын). Некаторае ўяўленне аб нацыянальным скла-дзе заштатнага (так называліся гарады, якія не былі цэнтрамі паветаў) Нясвіжа  даюць матэрыялы афіцыйнай статыстыкі, дзе пазначалася веравызнанне. Абсалютную большасць несвіжан складалі яўрэі-іўдзеі — 5334 чалавекі, другой вялікай групай былі праваслаўныя — 2553 чалавекі (сярод іх большасць складалі беларусы, была і невялікая колькасць расіян). Католікаў (палякаў і беларусаў) было 1550. Пратэстанцкіх веравызнанняў прытрымліваліся 98 жыхароў, 45 — былі стараабрадцамі і 45 — татарамі-мусульманамі. Адпаведна дзейнічалі яўрэйская сінагога, праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Ксяндзом быў Пётр Зялінскі, праваслаўным святаром — Рыгор Чыпуль, равінам нясвіжскім і слуцкім — Абрам Эшман.

У горадзе працавала паштова-тэлеграфная кантора (начальнік — Іван Петрусевіч), аптэка сясцёр Валіцкіх, натарыяльная кантора Данііла Андрэева, дзейнічала добраахвотнае пажарнае таварыства. У мурах колішняга бенедыкцінскага кляштара была раскватаравана 40-я артылерыйская брыгада на чале з генерал-маёрам Мікалаем Раманоўскім. Органам улады з’яўлялася гарадское грамадскае праўленне на чале з Баляславам Грабоўскім. У Нясвіжы знаходзіліся таксама кватэры паліцэйскага наглядчыка, судовага следчага і двух земскіх начальнікаў. Горад быў цэнтрам падатковага ўчастка. Тройчы на год (6 студзеня, у дзень Святой Троіцы і 14 верасня) праходзілі вялікія кірмашы.

У горадзе дзейнічаў шэраг дзяржаўных і прыватных навучальных устаноў. Да першых адносіліся: настаўніцкая семінарыя (дырэктар Кандрат Шчансновіч), мужчынская гімназія (дырэктар Рыгор Палівода), вышэйшае пачатковае мужчынскае 4-класнае вучылішча, мужчынскае 1-класнае прыходскае вучылішча, народнае жаночае 2-класнае і народнае яўрэйскае вучылішчы. Прыватнымі ўстановамі былі: 4-класнае грамадскае вучылішча, куды прымаліся навучэнцы розных веравызнанняў (загадчык Леў Лычкоўскі) і жаночая 4-класная яўрэйская прагім-назія, якую ўтрымлівала Міна Розэнберг.

Пачатак вайны ў Нясвіжы, як і ў іншых месцах, адзначыўся абвяшчэннем імператарскага маніфеста, увядзеннем “сухога закона”, мабілізацыяй мужчын прызыўнога ўзросту. Неўзабаве пачалася кампанія па высяленні замежных падданых углыб Ра-сійскай імперыі. Справа ў тым, што ў заходніх губернях пражывала невялікая колькасць немцаў, аўстрыйцаў і інш. Многія з іх ніколі не былі на радзіме сваіх продкаў, але заставаліся падданымі дзяржаў, з якімі Расія апынулася ў стане вайны. У Нясвіжы такіх асоб налічвалася каля дзясятка. Сярод іх 67-гадовы немец Герман Лянге, які ўсё жыццё пражыў у горадзе, займаўся скупкай і продажам свіней. Нягледзячы на свой узрост, ён быў дэпартаваны ў Арол. Таксама былі высланы і два яго сыны. Падобны лёс напаткаў і 58-гадовага кандытара Германа Віганда, якога выселілі ў Самару. Пры гэтым жонкі высланых засталіся ў Нясвіжы, што толькі ўскладніла іх жыццё. Кацярына Віганд пісала мінскаму губернатару: “Хоць мой муж і лічыцца падданым Германіі, ён не мае нічога агульнага з Германіяй, акрамя пашпарта, бо з самага маленства жыў у Расіі… Яго праца была адзінай крыніцай існавання нашай сям’і, якая складаецца з мяне, жанчыны вельмі паважанага веку, і трох дочак, якія засталіся без ніякіх сродкаў да існавання…”. Ня-гледзячы на хадайніцтвы і прашэнні, ні кандытару, ні гандляру не дазволілі вярнуцца ў Нясвіж.

Больш пашанцавала аўстрыйскаму падданаму доктару Генрыху Досталю, высланаму ў Перм-скую губерню. З хадайніцтвам аб яго вяртанні выступіў князь Альбрыхт Радзівіл. Сваю просьбу ён абгрунтаваў тым, што лазарэт, які дзейнічае ў княжацкім палацы, мае вострую патрэбу ў кваліфікаваных медыцынскіх кадрах. Хадайніцтва было задаволена, і Досталь змог вярнуцца з высылкі.

Лазарэт, аб якім ідзе гаворка, быў арганізаваны ў нясвіжскім палацы ў канцы ліпеня — жніўні 1914 г. Яго афі-цыйная назва даволі доўгая — “Лазарэт Чырвонага Крыжа Марыі Уладзіславаўны, Даратэі Эдуардаўны і Альбрыхта Георгіевіча князёў Радзівілаў у Нясвіжскім замку”. Шпіталь займаў 24 пакоі, якія ў сціслы тэрмін былі прыстасаваны пад палаты для раненых, санітарныя памяшканні, аперацыйную, ванныя і г.д. Самі Радзівілы перадалі на арганізацыю лазарэта 4000 рублёў. За такую суму ў саюзнай Францыі можна было б набыць 44 вінтоўкі, 7 ручных кулямётаў або 50 буйнакаліберных артылерыйскіх снарадаў (падлікі прыблізныя). Аднак князі выдаткавалі грошы на сродкі не знішчэння, а паратунку: абсталяванне, медыкаменты, бялізну. Па меры магчымасцей свой уклад рабілі і простыя несвіжане. Так, у жніўні 1914 г. на патрэбы шпіталю было ахвяравана 110 метраў палатна, з іх 62 м перадалі прыхаджане Свята-Георгіеўскай царквы, а 48 м — сяляне вёскі Агароднікі. 2 верасня 1914 г. з Гарадзеі ў лазарэт прыбыла першая партыя параненых.

Нясвіжская настаўніцкая семінарыя

Шпіталем загадваў доктар Фелікс Бароўскі. У тагачасным Нясвіжы ён з’яўляўся прыкметнай асобай. Мясцовы ўраджэнец, у 1889 г. скончыў медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, вучыўся за мяжой, пасля чаго распачаў практыку ў родным гора-дзе. Ф. Бароўскі займаўся не толькі лекарскімі справамі, але і прымаў удзел у грамадскім жыцці. Ён быў адным з ініцыятараў стварэння культурніцкай суполкі “Польскі агмень” у 1906 г., удзельнічаў у рабоце яе секцый. Таксама з’яўляўся намеснікам старшыні добраахвотнага пажарнага таварыства.

Паколькі кваліфікаваных медработнікаў не хапала, Бароўскі арганізаваў курсы медыцынскай падрыхтоўкі, на якія запісалася нават 51-гадовая княгіня Марыя Радзівіл. Сярод сясцёр міласэрнасці былі жонка князя Альбрыхта Дарота і яго сястра Роза. Абавязкі санітараў выконвалі вучні настаўніцкай семінарыі. 14 верасня 1915 г. чатыры сястры міласэрнасці — Іда Адахоўская, Яўгенія Варменская, Ванда Іваноўская і Вольга Якубёнак — былі ўзнагароджаны медалямі “За усердие”. Усяго за гады вайны ордэны і медалі атрымалі 13 служачых нясвіжскага шпіталя. Некаторыя неаднаразова.

Пячатка лазарэта князёў Радзівілаў (з фондаў Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея)

На хвалі энтузіязму, уласцівага першым дням вайны, 15 жніўня 1914 г. пачаў дзейнічаць Нясвіжскі камітэт грамадскай дапамогі хрысціянскім сем’ям і асобам, якія маюць патрэбу ў выніку вайны, які ўзначаліў князь Альбрыхт Радзівіл. Яго намеснікам стаў дырэктар настаўніцкай семінарыі Кандрат Шчансновіч. Ва ўправу камітэта ўваходзілі айцец Рыгор Чыпуль, ксёндз Пётр Зялінскі, дырэктар гімназіі Рыгор Палівода, земскія начальнікі Міхаіл Калмыкоў і Мікалай Фларэнційскі і яшчэ каля 30 чалавек. У першыя месяцы на патрэбы асоб, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў, было сабрана 536 рублёў 15 капеек. Князь Радзівіл унёс 50 рублёў, Р. Чыпуль — 13 руб. 45 кап., П. Зялінскі — 38 руб. 60 кап., настаўнікі і вучні мужчынскай гімназіі — 54 руб. 11 кап. Найбольшы ўнёсак зрабілі служачыя Галоўнага ўпраўлення радзівілаўскіх маёнткаў — 256 руб. 39 кап. Гэтыя сродкі размяркоўваліся паміж прыхаджан хрысціянскіх храмаў, а таксама сярод бежанцаў, якія неўзабаве пачалі прыбываць з Польшчы. У верасні — кастрычніку 1914 г. грашовую дапамогу па 3 і 2 рублі ад камітэта атрымалі 92 чалавекі — у самім Нясвіжы, фальварку Альба і 14 вёсках. Акрамя таго, тром настаўнікам, якія пераехалі з польскіх зямель, было выплачана па 50 рублёў.

Для даведкі: у жніўні 1914 г. пуд бульбы каштаваў 24 капейкі, пуд жытняй мукі — 1,04 руб., пшанічная мука вышэйшага гатунку — 2,38 руб., свініна — 5,60 руб., вядро малака — 1,05 руб.

Пакуль баявыя дзеянні разгортваліся ў Польшчы, Усходняй Прусіі і Галіцыі, горад працягваў жыць спакойным жыццём. Прапаганда сцвярджала, што вайна хутка скончыцца і няма ніякіх падстаў для хваляванняў. Газета “Наша Ніва” ў нумары ад 11 верасня 1914 г. паведамляла, што ў Нясвіжы пакаралі гандляра каўбасамі, які скарыстаўся часовым ажыятажам на прадукты і падняў цану на тавар. Небараку пагражаў штраф у 200 рублёў або месячны арышт. У верасні 1914 г. адкрылася жаночая гімназія, арганізацыя якой пачалася яшчэ да вайны. Ілюзія мірнага жыцця цягнулася яшчэ некалькі месяцаў, але ўрэшце несвіжанам давялося сутыкнуцца з ваеннай рэальнасцю.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы

супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага

музея-запаведніка “Нясвіж”.

1 Comment

1 Comment

  1. wiktoria:

    Myślę,ze p, Andrej Bliniec godnie zastąpił Radziwilłowskiego i nieświeskiego archiwistę Bolesława Tauroginskiego, znanego szerzej z opracowania «Z DZIEJÓW NIEŚWIEŻA’
    Jestem pełna uznania dla wiedzy i erudycji pana Andreja, dotyczy to nie tylko Nieświeża ale i Klecka

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!