Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

20 студзеня 1916 г. на Нясвіж з нямецкага аэраплана былі скінуты тры бомбы… Узгадваем старонкі Першай сусветнай

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 1

Пост опубликован: 25.11.2018

Лінія фронту, якая ўсталявалася на Беларусі восенню 1915 г., нягледзячы на спробы войск раз-пораз перайсці ў наступленне, заставалася нязменнай на працягу доўгага часу. Па абодвух яе баках размясціліся  арміі, якія разам з велізарнай колькасцю дапаможных службаў, тылавых устаноў метадычна спусташалі край на працягу трох наступных гадоў.

Перадавая лінія расійскай абароны складалася з трох ліній акопаў. У першай знаходзіліся толькі перадавыя роты. Вопыт вайны паказваў, што гэту лінію варожая артылерыя разбурала хучэй за ўсё, таму тут не канцэнтравалі ні войскаў, ні тэхнікі. У другім радзе акопаў, на некаторай адлегласці ад першага, знаходзіліся батальённыя рэзервы. У трэцяй лініі, якая магла знаходзіцца за кіламетр ад другой — палкавыя рэзервы. Значная адлегласць паміж акопамі не дазваляла артылерыі праціўніка “накрываць” іх адначасова. На адзін кіламетр фронту ў сярэднім прыходзілася 2 батальёны, 10 — 15 кулямётаў, 5 — 8 гармат. Дывізія займала па фронце каля 8 км. Акрамя таго, паблізу Нясвіжа рыхтавалася другая лінія абароны на выпадак нямецкага прарыву. На абарончыя работы мабілізоўвалі тысячы мясцовых жыхароў. Так, толькі ў чэрвені 1916 г. прадпісвалася накіраваць у распара-джэнне ваенных інжынераў 1000 рабочых і 100 падвод у маёнтак Наруцавічы Сноўскай воласці, столькі ж — у маёнтак Грыбаўшчына і 3000 чалавек пры 300 падводах — на станцыю Хвоева.



Жыццё прыфрантавой паласы не вызначалася разнастайнасцю. Будучы пісьменнік К. Паустоўскі, які правёў зіму 1915/1916 гг. у Замір’і, пісаў: “У сваім жыцці я не бачыў нічога больш сумнага, чым гэта сяло. Нізкія абшарпаныя хаты, плоскія, голыя палі і ніводнага дрэва навокал. Гэты змрочны пейзаж дапаўнялі брудныя абозныя вазы, касматыя худыя коні і абозныя салдаты, якія да таго часу цалкам страцілі “зухаваты воінскі выгляд”. На іх былі аблезлыя падраныя папахі, навушнікі тырчалі ў розныя бакі, ватнікі блішчалі ад сала. Шынялі былі падпярэзаны вяроўкамі”.

Драцяная засцярога сістэмы Навіковіча.
Тыл 7-га Самагіцкага грэнадзёрскага палка, в. Тарэйкі.
Снежань 1916 г.

Адметна, што сярод воінскіх адзінак, сканцэнтраваных паблізу Нясвіжа, знаходзіўся і 4-ы Нясвіжскі грэнадзёрскі полк, які ўваходзіў у склад 1-й Грэнадзёрскай дывізіі. Яго гісторыя пачалася ў 1797 г., калі быў утвораны 2-і егерскі полк, які неаднаразова рэарганізоўваўся і ўрэшце рэшт з 1864 г. стаў называцца 4-м Нясвіжскім грэнадзёрскім. У гады Першай сусветнай вайны полк змагаўся на Паўднёва-Заходнім, Паўночна-Заходнім і Заходнім франтах, з баямі прайшоў шлях ад Віслы да Шчары. Трэба адзначыць, што назвы палкам часта даваліся адвольна, і несвіжане зусім не абавязкова павінны былі служыць менавіта ў Нясвіжскім палку. Але цікава, што ён займаў участак фронту недалёка  ад нашага горада. Адной з буйных аперацый, дзе ўдзельнічалі грэнадзёры, стала спроба наступлення пад Баранавічамі.

Нагрудны знак
4-га Нясвіжскага
грэнадзёрскага палка

Баранавіцкая аперацыя была самай значнай спробай наступлення Заходняга фронту ў 1916 г. Задача прарыву варожай абароны ўскладалася на 4-ю армію пад камандаваннем     генерала А. Рагозы, са штабам у Нясвіжы. У склад арміі ўваходзілі: грэнадзёрскі, чатыры армейскія корпусы, 112-я пяхотная і 11-я Сібірская стралковыя дывізіі, 2-я Туркестанская казацкая і Уральская казацкая дывізіі. Да пачатку наступлення былі перакінуты дадатковыя падмацаванні. Так што ўсяго расійскія войскі налічвалі каля 340 тысяч чалавек, звыш тысячы гармат і каля 1300 кулямётаў. Ім супрацьстаялі 7 нямецкіх і 2 аўстрыйскія дывізіі. Лініі акопаў былі ўмацаваны бліндажамі, жалезабетоннымі казыркамі і спецыяльнымі пляцоўкамі для кулямётаў. На стацыянарных па-зіцыях знаходзілася звыш 400 гармат, яшчэ 80 можна было з дапамогай падвод перакідваць на небяспечныя ўчасткі. Перад акопамі цягнулася ад 5 да 10 радоў калючага дроту.

Наступленне пачалося ноччу з 19 на 20 чэрвеня. Пяхота, пад прыкрыццем густога туману, пайшла на штурм нямецкіх пазіцый. Аднак, у большасці месцаў не ўдалося захапіць нават першай лініі акопаў. Сітуацыю ўскладнялі моцны дождж і туман. Нягледзячы на супраціўленне праціўніка, на трэці дзень баёў была занята другая лінія варожых акопаў. Пад Нясвіж перакінулі   7-ы кавалерыйскі корпус (6-ю і 13-ю дывізіі), якія ўжо меркавалася ўвесці ў прарыў, але наступленне спынілася. Найбольш зацятыя баі вяліся каля вёсак Высокае і Дольнае Скробава, вышыні Балотны Узгорак. Камандзіры дывізій адзін за адным паведамлялі пра вялікія страты і поўную зняможанасць сваіх аддзелаў.

Карта лініі фронту падчас
Баранавіцкай наступальнай аперацыі

Так, у 5-й пяхотнай дывізіі праз два тыдні пасля пачатку аперацыі засталося крыху больш, чым 5000 салдат і афіцэраў. У асобных яе аддзелах назіралася жахлівае становішча. 20-ы Галіцкі пяхотны полк налічваў толькі 6 афіцэраў і 400 салдат пры 4 кулямётах. У 19-м Кастрамскім палку не засталося ніводнага кулямёта, было толькі 480 салдат і 13 афіцэраў. Неўзабаве рускія часці былі адкінуты на зыходныя пазіцыі, а спробы контрудараў скончыліся няўдачай. Да 12—16 ліпеня баі суцішыліся. Барана-віцкая аперацыя не прынесла жаданага поспеху, але абярнулася вялікімі стратамі. Колькасць забітых, раненых і палонных расійскіх салдат і афіцэраў па розных падліках складала ад 80 да 105 тысяч чалавек. Аналагічныя страты праціўніка ацэньваюцца ў 15 — 25 тысяч. Неўзабаве пасля гэтага адбылася перадыслакацыя войскаў. З Нясвіжа быў выведзены штаб 4-й арміі, на яго месца прыбыў штаб 2-й арміі.

Асаблівасцю Першай сусветнай вайны стала шырокае выкарыстанне новых відаў зброі — танкаў, агнямётаў, атрутных газаў, авіяцыі. З некаторымі несвіжанам давялося сутыкнуца непасрэдна. 20 студзеня 1916 г. на горад з нямецкага аэраплана былі скінуты тры бомбы. На працягу вясны налёты здараліся кожныя некалькі тыдняў. Страты ад іх былі невялікімі (выбітыя шыбы, 2-3 параненыя), але яны сведчылі, што  падзел на фронт і тыл адышоў у мінулае. Смерць магла насцігнуць у любы момант, далёка ад перадавой. Асабліва часта авіяналётам падвяргалася чыгуначная станцыя Замір’е. Зрэшты, пра падзеі ў небе над Нясвіжам нам ужо даводзілася пісаць (гл. “НН”  за 03.11.2017 г.), таму не будзем паўтарацца.

Восенню 1916 г. несвіжане адчулі на сабе ўздзеянне атрутных газаў. Падчас адной з атак на ўчастку Грэнадзёрскага корпуса немцамі па рускіх пазіцыях было выпушчана тры хвалі хлору. З-за моцнага ветру яны на працягу 10 —20 хвілін праходзілі лінію акопаў і застойваліся толькі ў ярах. Аднак, канцэнтрацыя газу была настолькі вялікай, што нават у Няс-віжы, за 40 км ад лініі фронту, адчуваўся моцны пах, які ўскладняў дыханне.

Пасля правядзення буйных аперацый шпіталі і чыгуначныя станцыя перапаўня-ліся раненымі. Пісьменнік Ул. Лідзін пазней успамінаў: “У Замір’і і Пагарэльцах, знявечаных бамбар-дзіроўкамі, я бачыў шэрагі салдацкіх насілак, якія, нібы луска, пакрывалі сабой усю зямлю і чакалі пагрузкі ў санітарныя і проста таварныя цягнікі. На насілках ляжалі рэшткі Грэнадзёрскага корпуса, атручанага газамі”.

Значную дапамогу раненым у тыя дні аказваў “земсаюз” (Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і раненым), які займаўся абсталяваннем шпіталяў, нарыхтоўкай медыкаментаў, вопраткі, дапамогай бежанцам. Сярод службоўцаў “земсаюза”, якія кватаравалі ў Нясвіжы, нейкі час знахо-дзіўся Сімон Пятлюра, які ў 1919 г. узначаліў урад Украінскай Народнай Рэспублікі.

Як прыфрантавы горад, Нясвіж сутыкнуўся з неабходнасцю супраць-дзеяння варожым дыверсантам. Вядома, што немцамі было створана некалькі разведшкол, дзе пераважна абучаліся ваеннапалонныя, што пагадзіліся на супрацоўніцтва. Іх знаёмілі з рознымі відамі стралковай зброі, спосабамі арыентавання на мясцовасці, падрыўной справай, пасля чаго перакідвалі за  лінію фронту. Заданні ў агентаў былі самыя розныя. Так, двое дыверсантаў павінны былі ўзарваць масты на станцыях Замір’е і Стоўбцы, а пры магчымасці — цягнік Мікалая ІІ. Сярод агентаў былі не толькі мужчыны, але і жанчыны. Нейкую Цыбульскую заслалі ў Нясвіж для збору  разведдадзеных, але яна была выкрыта ра-сійскай контрразведкай.

Нягледзячы на суровы ваенны час, Нясвіж пакідаў уражанне прыемнага горада. Ул. Лідзін з нейкім сумам прыгадваў “белы, вясёлы гарадок, завалены садавінай і кветкамі”, дзе ўсё было “…цудоўна правінцыйна, шпацыравалі штабныя і цвілі сады”, а “суцяшэннем у ваенным разгроме былі здобныя булачкі і паненка з шэрымі вачыма ў цукерні”.

Канец 1916 — пачатак 1917 г. адзначыліся ўсё большай дэмаралізацыяй рускай арміі. У папярэдніх баях быў выбіты амаль увесь кадравы склад і цяпер армія ў пераважнай масе складалася з нядаўна мабілізаваных сялян, большасць з якіх не разумела, за што ім трэба  ваяваць. Усё гэта дапаўнялася вымушанай бяздзейнасцю і аднастайнасцю пазіцыйнай вайны. Вось як апісвалі сведкі акопную штодзённасць артылерыстаў: “Жыццё ў афіцэрскім бліндажы ішло манатонна. Прачыналіся ў сем гадзін раніцы, мыліся. Потым дзяжурны афіцэр ехаў на назіральны пункт. Там звычайна было ціха. Страляць без асаблівага дазволу было забаронена, з-за эканоміі боепрыпасаў. У акопах было днём спакойна, а ноччу месцамі ішла рэдкая перастрэлка.

Афіцэры раніцай пілі чай, бязмэтна хадзілі па лесе, а потым валяліся на ложках і чыталі ўсім бліндажом. Абедалі. Елі многа, доўга, з віном, якое трапляла на фронт, нягледзячы на ўсе забароны. Пасля абеду ездзілі па наваколлі. Вечарам гулялі ў карты або пілі чай і расказывалі брыдкія анекдоты”.

Зімой 1916 — 1917 гг. пачалося фарміраванне т.зв. дывізій чацвёртай чаргі (2-я была разгорнута падчас мабілізацыі 1914 г., 3-я — вясной 1915 г.). Гісторык расійскай арміі А. Кярсноўскі пісаў пра іх: “…Нізкаякасныя дывізіі 4-й чаргі былі мёртванароджанымі. Нават калі б кампанія 1917 г. ішла ў нармальных умовах, яны б нічым сябе не праявілі. Ненатуральнай сістэме фарміравання гэтых дывізій адпавядала хаатычная сістэма назваў палкоў. Вычарпаўшы ўвесь запас павятовых гарадоў, бюракраты з Галоўнага штаба ўзяліся за горныя хрыбты, паштовыя тракты, надзяляючы палкі імёнамі: Варохцінскі, Нярэхцінскі, Сцерлітамацкі і дзясяткамі іншых, якія салдаты нават не маглі выгаварыць…”.

У Ланскай воласці фарміраваўся 513-ы пяхотны Халмагорскі полк пад камандаваннем палкоўніка Івана Букаціна, які ўваходзіў у 129-ю дывізію. У снежні 1916 г. адбыліся батальённыя і палкавыя агляды, а 7 студзеня 1917 г. пасля ўрачыстага малебну полк рушыў на пазіцыі. Да рэвалюцыі, якая змяніла лёс Расіі, заставалася больш за месяц.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы

супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага

музея-запаведніка “Нясвіж”.

(Працяг тэмы будзе).

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!