Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Да свята падышлі з добрымі вынікамі

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

На абласных дажынках сёлета ААТ “Новае жыццё” атрымала Дыплом пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.

Сельскагаспадарчы сезон ААТ “Новае жыццё” завяршыла на гэтым тыдні на бурачных палетках. Кожны з 400 гектараў сёлета тут даў больш чым па 800 цэнтнераў — лепшы паказчык у раёне. І гэта не выпадкова: своечасова пасеялі якасным насеннем, захавалі агратэхніку, паспяхова выкапалі.



— Цукровыя буракі, як ні дзіўна, добра вытрымалі сёлетнюю анамальную засуху, так бы мовіць, адаптаваліся да няпростых  умоў надвор’я, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Канановіч (на фота). — У гэтым годзе мы дамаг-ліся не толькі высокай ураджайнасці культуры, але і цукрыстасці каранёў. Такіх суадносін лічбаў, як 810 ц/га і 17,3 %, раней не атрымлівалі. На Гарадзейскі цукровы камбінат здалі больш чым 32 тысячы 600 тон салодкіх каранёў.

Зараз на палях прадпрыемства заціхае гул трактароў і машын. У поўным аб’ёме справіліся тут з узняццем зябліва, пад яравую сяўбу ўнесены ўвесь комплекс угнаенняў — калійныя і фосфарныя. Вя-дзецца толькі нарыхтоўка арганікі, яе вывозяць з фермаў на палі. Распрацавалі і абмеркавалі ў гаспадарцы і папярэднюю структуру пасяўных плошчаў на наступны год.

— Для эфектыўнай барацьбы з “цвітухай”, — працягвае Міхаіл Міхайлавіч, — у 2018 годзе плануем на 200 гектарах пачаць вырошчваць цукровыя буракі па інавацыйнай тэхналогіі КАНВІЗА СМАРТ. Гэта калі пад гібрыды цукровых буракоў кампаніі КВС уносіцца спецыялізаваны гербіцыд. Тэхналогію ў дзеянні назіралі падчас семінараў на палетках Гродзенскага і Клецкага раёнаў.

Раней у ААТ “Новае жыццё” мы вырошчвалі толькі яравы рапс, сёлета вырашылі перайсці на азімы, пасеялі яго на плошчы 200 гектараў. На 100 гектараў павялічылі плошчу азімых збожжавых культур, таму прыйдзецца скараціць плошчы пад яравы ячмень і цукровыя буракі. Пад гэтыя культуры плануем адвесці дзесьці 300 і 350 гектараў адпаведна. Травы зоймуць 611 га. А вось пасевы кукурузы, наадварот, плануем павялічыць да 900 га, што дасць магчымасць атрымаць большы намалот зерня. У рукавы мы закладаем каля дзвюх тысяч тон плюшчанага зерня кукурузы і назапашваем каля тысячы тон дапрацаванага зерня, частка якога пасля ідзе на рэалізацыю. Сёлетняя ўраджайнасць кукурузы на зерне склала 120 ц/га.

Крыху менш у гэтым годзе нарыхтавалі сіласу, 15460 тон. Але лічу, што каштоўнасць яго  вышэйшая, чым, напрыклад, у мінулым годзе, калі кукуруза восенню закладвалася ў траншэі вельмі вільготнай, зерне было не васковай спеласці. У бягучым жа годзе яна на полі ўжо стаяла паўсухой. Вядома, той зялёнай масы мы не атрымалі, але вось якасць сіласу высокая, ды і зерня ў ім значна больш.

Небывалая засуха адбілася на ўраджайнасці збожжавых культур, у гаспадарцы “падгарэлі” пасевы як азімых, так і яравых. Працаўнікі “Новага жыцця” ў параўнанні з мінулым годам недабралі збожжа. Калі ў 2017 годзе валавы намалот тут складаў больш чым 13 тысяч тон, то сёлета — 11631 т. Але, тым не менш, самую высокую сярэднюю ўра-джайнасць збожжавых і зернебабовых культур па раёне атрымалі ў гэтым акцыянерным таварыстве — 74,9 цэнтнера з гектара.

Па словах галоўнага агранома гаспадаркі, гэта — вынік строгага захавання тэхналогій, дысцыпліна працы і адказныя кадры. Тут шмат механізатараў, якія любяць сваю справу і працуюць на зямлі з поўнай аддачай. Так, напрыклад, сапраўдным асам на падняцці зябліва і падрыхтоўцы глебы пад сяўбу зарэкамендаваў сябе Юрый Ханцэвіч, на сяўбе — Віктар Буйко і Сяргей Абрамовіч, на хімпраполцы і доглядзе пасеваў — Міхаіл Гукала, Анатоль Карловіч, Мікалай Акулік і Дзмітрый Антановіч. Яны і ўсе іншыя механізатары добра ведаюць, што ўсё залежыць ад іх старання, умення і жадання працаваць на агульны вынік.

Аксана ГРОХ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!