Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

У срэбным люстэрку

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 2 0

Нясвіжская зямля багатая не толькі  на буйны колас і важкі літр  сырадою, не толькі на цікавую шматвекавую гісторыю. Але і на  разумных, працавітых, творчых людзей, на добрае, трапнае і пяшчотнае  слоўка, якое раскрывае веліч душы і неабдымную любоў да родных мясцін, да Бацькаўшчыны.

Сённяшнюю старонку “Музаў Нясвіжа” мы склалі іменна з вершаў, аўтары  якіх — ураджэнцы розных вёсак Нясвіжчыны і горада. Адны з іх і зараз шчыруюць на роднай зямлі, другіх ужо няма побач з намі, але засталіся ў спадчыну іх вершы, іх Слова. Малая радзіма — гэта часцінка іх сэрца, іх справы, жаданні, памкненні…



 

Зямля бацькоў

Любіць цябе святое маю права,

Зямля бацькоў і прадзедаў маіх!

Іх каранёў глыбокіх я — атава,

Што сок жывы бярэ з крыніц тваіх.

Сцяжыны ў полі, як жывыя вены

Майго сялянскага жыцця-быцця.

Без іх не жыў бы я, завяў бы, пэўна,

Бездапаможным стаў бы,

як дзіця.

Я хлебароб ахвочы і заўзяты,

Кармлю другіх па правілах вясны…

I на радню я плённы і багаты:

Калоссе ніў — то рук маіх сыны!

Чым болей дзён

ад даты нараджэння,

Тым больш палям,

лугам патрэбен я,

Расце тым больш і ў працы

захапленне,

Мацнее да зямлі любоў мая.

 

Вёска

Хаты выбеглі да бальшака.

Пеўні тут, як званкі, галасістыя.

За сялом прыгажуня-рака

Гоніць воды да Нёмана чыстыя.

Сырадоем прапах кожны двор,

I нярэдка бывае, што сніцца  мне:

Сюды ўлетку заве  мяне бор

Частавацца   грыбамі,   суніцамі…

Хоць чуцён тут і кліч цягнікоў,

І аўтобус ля ганкаў спыняецца,

Сваіх гнёздаў сяляне з вякоў

Назусім пакідаць не збіраюцца.

Іван ГУРБАН,

ураджэнец в. Юшавічы.

 

Паклон

Ад жыта — жыць,

А корань ад жанчыны,

Спакон  вякоў

Яна жыццё нясла.

I ў хмурны дзень,

I  ноччу салаўінай,

I ў час,

Калі салдаткаю была.

Ад болю памірала,

Ад адчаю,

Уваскрасала,

Як святая,

Зноў.

Прад ёю, гордай,

Галаву схіляю,

Цалую рукі

Я —  адзін з сыноў.

 

Заручыны

Так надакучыла адной,

Чаромха выйшла на палянку —

Пялёсткамі, нібы фатой,

Махнула ветліва світанку.

Чаромху вецер цалаваў

I называў сваёй нявестай.

А я світанак папракаў,

Што для кахання мала месца.

Іван ПРАКАРЫНА,

ураджэнец в. Аношкі.

 

* * *

Пахне мора прыдзвінскім аерам

I расою нясвіжскіх палеткаў.

Ну якім гэта можна манерам

Цэлы месяц пражыць тут улетку?

Прыляцець, бы шукаючы скарбы,

За  чужыя  трыдзевяць  ўладанняў,

Быццам дома шыкоўныя барвы

Пагублялі заходы й світанні?

Дома ж бацька спяшае з касою,

I з граблямі ўвіхаецца маці  —

Не паспець ім за спелай расою

Без мяне на густой сенажаці.

Не даруюць і не давяраюць

Маім гэткім пакутам за светам,

Што любоў сваю тут правяраю

I высновам не веру паэтаў.

Валянціна АКСАК,

ураджэнка в. Смалічы.

Мая малая радзіма

Не ўсе, вядома, будуць згодны:

Хто любіць Мінск, а хто — Карпаты.

Ды лепей мне куточак родны,

Ён памяццю вякоў багаты.

Нясвіжчына, мая Радзіма,

Душа з табою назаўжды;

У летні дзень або у зіму,

Хай пралятаюць дні, гады…

Вядома добра твая слава,

На землях — важкі ўраджай.

3 сівых вякоў людзей выявы

Ён не забыў, цудоўны край.

Сам горад чысты і ўтульны,

На вуліцах — немнагалюдны.

Тут ёмкі ўклад у лёс агульны

Унёс асветнік Сымон Будны.

3 нясвіжскіх свят і фестываляў,

Нібы крынічнае вады

Музычныя вяршыні-хвалі

Плывуць у сёлы, гарады.

Хай цяжка —

край мой не здаецца,

Працуе, марыць і пяе.

I ён ніколі не сагнецца,

Бо помніць карані свае.

 

Землякам

Старонка мая для мяне —

нібы ясныя зоркі,

Што ў цемры начной

дапамогуць прайсці.

А як на душы пацяплее

ад слова “Астроўкі!”

Ці сціснецца сэрца

ад шыльдачкі “вёска Прасці”.

Тут родныя хаты і родныя

мілыя долы,

З дзяцінства да болю

знаёмы тут кожны куток:

Сцяжынка, дзе раніцай бегала

з дому да школы,

Старэнькі драўляны

праз нашую рэчку масток…

Ці можна забыць пра паходы

па сонечным гаі?

Збіралі мы кветкі,

ці ягад напоўнім вядро.

Ды лепшы той смак

мацярынскага караваю,

Бо гэта — Радзіма,

і тут майго роду ядро.

А нашыя людзі — няма

прыгажэйшых на свеце,

Працуюць, як пчолы, шчыруюць

на роднай зямлі.

Давялось пражыць

і цяжкія гады ліхалеццяў,

Вялікія страты,

ды ўсё ж адстаялі, змаглі.

Мае землякі!

Я вас помню і шчыра вітаю.

Павагу і шчырасць прыдбала

ад родных бацькоў.

Жывіце ўсе дружна з любоўю

да роднага краю,

Бо гэта выснова прыйшла

ад нашчадкаў, ад нашых дзядоў.

Лідзія НАВУМАВА,

ураджэнка в. Прасці.

 

* * *

Увечары сціхне гамонка

I  хораша стане душы.

Скрозь   шыбіну

зорная  гронка

Мігціць у нябеснай цішы.

Пакінуты справы, турботы

На час нетаропкай начы.

Бабуля памоліцца ўпотай,

Над тварам рукой трасучы.

Мне ўсё гэта змалку знаёма,

I доўга яшчэ не заснуць.

У сценах бацькоўскага дома

Паданні і  казкі  жывуць.

Генадзь МЯЦЕЛІЦА,

ураджэнец в. Прасці.

 

 

Рачулцы Ушы

Даўно я на цябе,

Рачулка родная.

Гляджу і сам   сабе

Усё   дзіўлюся,

Што ты цяпер

Такая   малаводная,

Ды значышся

На   карце   Беларусі.

 

Дуб

Калі я ў першы клас хадзіў,

Нейк ранняю вясною

Дубок ля школы пасадзіў,

Каб разам рос са мною.

Дзіўлюся я: калі ён змог

Узняцца пад аблокі?

Вакол кусты, трава-мурог,

А ён такі высокі.

Дуб запрашае: “Падыдзі

І адпачні з дарогі,

Пад кронай ціха пасядзі —

Няхаў   спачынуць  ногі…”.

Ды я і сам не абміну,

Зайду да сябра ў госці.

I ўспомнім даўнюю вясну

Міг светлы маладосці.

 

* * *

Многагалосы хор лясны

Мяне  вітае  ціхім  раннем

І тонкім водарам вясны,

I кветак першых зацвітаннем.

І не схаваць, і не суняць

Той сілы, што жыццё вітае.

Гатоў прыпасці цалаваць

Цябе, зямелька дарагая.

Міхась  ВАЛАСЕВІЧ,

ураджэнец в. Еськавічы.

 

* * *

Я быў малым, як знішчалі балота

I выпрамілі рэчку за сялом.

Старыя абураліся: “Навошта

Прыроду гвалтаваць

вось так было?..”.

А мы, малеча, марылі ўзнёсла

Пайсці ў меліяратары тады…

Прайшлі гады.

Я ўжо даўно дарослы.

Прайшлі гады. Я ўжо не малады.

Ару зямлю, жывёлу даглядаю,

3 малых гадоў

прывык да працы я.

Але чаму заўсёды адчуваю

Віну перад табою, Затур’я?..

Віктар ТРУСЕВІЧ,

ураджэнец в. Затур’я.

Пажаданне

Як ветразь летуценны,

Сэрца б’ецца шчыра —

Вяртаюся дамоў

З дарог, краёў, шляхоў.

I заўсёды ў думках

Мой родны,

любы горад,

Бо дзе ні пабываеш —

Мілей нідзе няма.

Усё тут сэрцу міла,

Жадана і знаёма,

Хоць наглядзішся

розных

Краінаў, гарадоў.

Дзяцінства ўспаміны,

Ды прыгажосць

прыроды

I гэта так кранае —

Да глыбіні душы.

Як можа не знайсціся

Сцяжыначка ў парку?

Ці ж можа пазабыцца

Кахання першы крок?

А як прыемна бачыць

Прыветлівыя вочы,

Добразычлівасць

твараў

Нясвіжскіх жыхароў.

Дзяўчаткі-несвіжанкі,

Што веснавыя кветкі,

А хлапчукі-асілкі,

Быццам дубочкі

ў Альбе

Растуць і абяцаюць

Быць гонарам бацькам.

 

* * *

Адно табе жадаю:

Квітней і аднаўляйся,

Куточак Беларусі,

Жамчужына стагоддзяў,

Нясвіжчына мая!

Аліна МАРКЕВІЧ,

ураджэнка г. Нясвіжа.

 

* * *

Нясвіжчына мая! Мае лясы!

Сустрэчы дарагой,

як сябру, рады:

Над  галавою   —   ліўняў галасы,

Святло  маланак і  грамоў рулады.

Чужым цябе ніколі не лічыў

На сцежках, дзе асот —

і той не колкі,

Тут хіба змог бы падмануць я чым

П’янлівы пах, які разносяць

зёлкі?..

Нямоглы буду  нават,

ледзь жывы —

А дабрыду, а дапаўзу дадому,

Каб пакланіцца

краю дарагому —

I там спачыць,

дзе прашчур спіць сівы…

Стуль прарасту

не яткай крапівой  —

Нядократкай,

анюцінай слязінкай,

Валошкай кволай,

тонкай чарацінкай…

Я застануся ў іх  —   самім сабой.

 

* * *

Чалавечай шчырасці зямной

Змалку быў навучаны ад мамы.

А вучыла мама — прастатой.

Дабрынёй і ласкаю —  таксама.

Вырас  — і займеў сваіх дзяцей.

I цяпер, як кажуць, сам з вусамі.

Толькі ўсё   часцей,  усё   часцей

Еду за парадаю да мамы.

 

Пах роднай зямлі

I мы з табой надыхацца прыйшлі

Зямлёю роднай,

каб адчуць нанова,

Як пахне скіба свежае раллі,

Пад сонцам

разамлелая вясновым.

Ні з чым не параўнаць

нам гэты пах.

Ён, як бальзам,

надзейна здыме стому.

I кожны з нас шчаслівы,

быццам птах,

Што з выраю вярнуўся

зноў дадому.

Канстанцін ЖУК,

ураджэнец в. Затур’я.

Маё багацце

Адчыні свае душы скарбонку,

Прыгажосць зямлі ў яе злажы,

I напевы роднае старонкі,

Цёплы  водар  хлебнае дзяжы,

Халадок рачулкі той, што ўецца

Паміж дужых волатаў-дубоў,

Перапеў  птушыны, які  льецца

Каля хаты з клёкатам буслоў,

Асалоду  першага  спаткання,

Першы пацалунак над ракой,

I хусцінку, што на развітанне

Працягнула лёгкаю рукой,

Клопат і пяшчоту свае маці,

Яе  вочы, голас, цеплыню…

Мілы  вобраз трэба  захаваць нам,                                                                                                                                  Памяці   свяшчэннай   цішыню.

 

Голас зямлі

Я не адразу палюбіў

Цябе, зямля мая.

Пазней, калі ўжо сталым быў.

Прачнуўся я,

Убачыў цудатворны свет,

Агонь  расы,

Пакрыты фарбамі букет

Зямлі красы.

Пачуў чароўны гоман твой

Сярод бяроз.

Ён  тайну  вечнасці  сівой

З лясоў прынёс.

Паведаў слухачам зямным

Дзівосны гук:

—Зямля належыць маладым,

Як сэрца стук…

Пётр КОЗЕЛ,

ураджэнец в. Сноў.

 

Плынь жыцця

Асветлена жыццёвая дарога

Дабром і ласкай маміных вачэй,

Праз далеч часу бацькаў позірк строгі Мне сілы прыдае штодня яшчэ.

Размова вечарам і ранкам

У думках шчырых, трапяткіх

3 тых фотаздымкаў, што за рамкай,

Дзе вобразы бацькоў маіх.

Мне з імі споведзь і прычасце,

I абярэг ад розных бед.

Такое засталося шчасце:

У сэрцы — памяць,

на сцяне — партрэт.

Няспынны час ідзе віткамі,

Надзеі новыя дае.

Дзяцей ужо завуць бацькамі,

I ўнук руку мне падае.

Жыццё струменіць недзяліма

3 глыбінь вякоў у новы шлях.

Сям’я — маленькая Радзіма —

Духоўнай спадчыны працяг.

 

Замест

аўтабіяграфіі

Вясна і лета адшумелі

Сівее восені прыход,

Чаруюць памяць акварэлі

Любві, здзяйсненняў і турбот.

Нясвіжскі край — дзяцінства кут:

Палі, узгоркі і лагчыны…

I той, хто нарадзіўся тут,

Не зведаў лепшае мясціны.

Яна са мной заўжды была —

Хоць быў Савецк, Данбас і Кіеў…

Назад дарога прывяла,

Каб край свой больш я не пакінуў.

…Вады калодзежнай глыток

I водар матчыных аладак…

Вясковы родны мой куток —

У шлях жыццёвы тут пачатак.

I перш чым выйсці на бальшак —

На самастойны хлеб падацца —

Было наканавана так:

Сярэдняй школы вучнем звацца.

I быў яшчэ “Чырвоны сцяг” —

Мая раённая газета.

Заметкі з “Новага жыцця”

I вершы школьнага паэта.

“Нататкі” — марыла сям’я —

Прыняць да сэрца трэба бліжай…

Паэма “Новая зямля”

Натхняла моваю Нясвіжа.

Ззяў друк Георгія Скарыны —

Святлом у сённяшнія дні…

Вучыла школа медыцыны

Сардэчнасці і дабрыні.

Армейскай службы без капрызаў

Спазнаў ўсе вартасці спаўна —

Дыхнуў вайной Карыбскі крызіс,

Затым — Берлінская сцяна.

Як потым ні змяняўся лёс —

Было маё зярнятка чыстым,

Я мару па жыцці пранёс:

Усё ж застаўся журналістам.

На ніве друкаваных спраў

Знайшоў сябе ў газетным слове,

Але не ўсё яшчэ сказаў

Пра родны край на роднай мове.

Георгій ТАМАШЭВІЧ,

ураджэнец в. Долкінды.

2 комментария

2 комментария

  1. wiktoria:

    РОЗУМЕЕ
    Уваходзячы ў сад, 
    нізка голаў схіляю, 
    кланяюся і прашу,
    каб дазволіў пабыць
    у ягоных шатах. 
    Гладзіць галінамі рукі,
    казыча карэннямі ногі,
    упрыгожвае лістотай валасы,
    атуляе  водарам сэрца,
    наталяе цішшу душу. 
    Разумее.
    WALENTYNA AKSAS

    mó dowolny przekład

    SAD

    muszę pochylić przed głowę
    kiedy wchodzę do twego królestwa
    kłaniam się więc i proszę
    pozwól mi być u siebie
    ubierz mnie w szatę z pajęczyn
    gałęzie niech wygładzą moje dłonie
    a korzenie poranią gołe stopy
    bo wiem i tak, że na włosach
    położysz mi kolorowy wieniec z liści
    otulisz przepychem zapachów
    zostawiając w sercu i duszy
    niezmącony spokój.
    Wiesz wszystko.

    WIKTORIA ZUKIEWICZ-DZIWOTA

  2. wiktoria:

    Талантливые жыхары Несвижа.
    А мне в сердцу верш-песня Пани Т. Прыгун
    «…Несвижчина моя зямля, зямля моих бацьков
    мой горад dобрыни надзеи и кохання
    кажную хвилинку и спaкон вяков
    я веру у хуткое з табой спатканне…»

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!