Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

“Ад сэрца да сэрца”: адбылося мерапрыемства да Дня інвалідаў

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пад такой назвай 3 снежня ў раённым цэнтры культуры адбылося мерапрыемства да Дня інвалідаў. На яго сабраліся не толькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але і ўсе жадаючыя, каб паглядзець прыгожы канцэрт і адпачыць душой.

Фота 1

На пачатку мерапрыемства ўсіх прысутных прывітала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Толсцік. У сваім выступленні Таццяна Васільеўна адзначыла, што на сённяшні дзень у раёне пражываюць 2961 чалавек, якія маюць інваліднасць: 555 — 1-й групы, 1502 — 2-й, 749 — 3-й, 155 — дзеці-інваліды. Яны па меры магчымасці ўдзельнічаюць у жыцці грамадства. Але іх жыццядзейнасць не магла б быць паўнацэннай без падтрымкі з боку дзяржавы. Сёння ў рэспубліцы рэалізоўваецца дзяржаўная праграма па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016 — 2020 гады, у рамках якой рэалізуюцца мерапрыемствы па папярэджанні інваліднасці, па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці, па аказанні розных відаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, па забеспячэнні тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.



Таццяна Толсцік назвала сацыяльныя ўстановы, якія функцыянуюць у раёне для работы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Яна пажадала ўсім прысутным моцнага здароўя, бадзёрасці, упэўненасці ў сабе, прыемнага настрою, добрых эмоцый і цікавых захапленняў.

Прыгожую канцэртную праг-раму, насычаную яркімі сцэнічнымі вобразамі, рэпертуарам на любы густ і ўзрост, прысутным падарылі ансамбль песні “Элегія” (фота 1) і хор ветэранаў працы “Аптымісты” (фота 2). У іх выкананні пад чароўныя гукі баянаў, на якіх акампаніравалі Тамара Прыгун і Аляксандр Гапановіч, гучалі і  вясёлыя, і шчымлівыя музычныя творы. На працягу ўсяго выступлення артысты трымалі эмацыянальную сувязь з залам, адкуль, у адказ за падораныя хвіліны радасці і добрага настрою, даносіліся воклічы “Брава”, “Малайцы” і гарачыя апладысменты.

Пасля канцэрта я не ўтрымалася, каб не падняцца за кулісы да нашых выступоўцаў, і пацікавілася тым, як падбіраецца рэпертуар, наколькі складана “трымаць зал”, хто шые касцюмы і іншымі тонкасцямі артыстычнай дзейнасці.

— Каб данесці музычны твор да гледача, трэба яго правільна падабраць,  папрацаваць над дыкцыяй, мелодыяй, чысцінёй інтанацыі і так далей, — падзялі-лася кіраўнік “Аптымістаў” Ірына Латушка. — Выходзіць на сцэну цяжка, кожны раз — гэта вялікі стрэс, асабліва для маіх артыстаў, у паважаным узросце. Хоць ужо столькі гадоў спяваем, кожнае выступленне, як упершыню.

Фота 2

Але, як адзначылі ўдзельнікі “Аптымістаў”, для іх песня — вялікае задавальненне, гэта ўсё іх жыццё. Ім хочацца жыць і рабіць дабро людзям, несучы яго ў песні і добрым слове. Яны не проста пяюць гэтыя словы, яны іх адчуваюць, укладваюць душу ў кожны радок.

— Калі ты выйшаў на сцэну, ты павінен аддаць гледачу ўсё самае лепшае: святло, цяпло, увагу, — падтрымала гутарку кіраўнік “Элегіі” Тамара Прыгун. — А сцэнічныя вобразы ўдзельнікі нашага калектыву прыдумляюць і ствараюць самі, кожны індывідуальна: шыюць касцюмы, вырабляюць вяночкі, умела і з густам  наносячы на іх складаныя ўзоры з розных кветачак, пацерак, паетак і іншых матэрыялаў. І ў выніку атрымліваецца такая прыгажосць.

А калі да гэтай прыгажосці дадаць цудоўныя галасы і майстэрства выканання, то можна з упэўненасцю сказаць, што названыя калектывы аддаюць усё спаўна, выступаючы не толькі ў раёне, але і ў вобласці, прыносячы задавальненне і сабе, і людзям.

Вяртаючыся да тэмы дабрыні, клопату дзяржавы  пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якую закранула ў сваім выступленні Таццяна Толсцік, хочацца адзначыць такую ака-лічнасць. Дзяржава аказвае матэрыяльную дапамогу і падтрымку — гэта важна.

А яшчэ вельмі важная і падтрымка маральная. У многіх з нас ёсць знаёмыя з інваліднасцю ці мы сутыкаемся з імі на вуліцы, у магазіне, грамадскім транспарце. Мы не павінны быць абыякавымі, раўнадушнымі ў адносінах да іх. Наадварот, павінны праявіць увагу: падаць руку, дапамагчы падняцца ці спусціцца па лесвіцы, зайсці па-суседску на хвіліну-другую, каб павітацца, пацікавіцца самаадчуваннем ці проста пагутарыць, падтрымаць добрым словам. Бо не ва ўсіх людзей з інваліднасцю ёсць паблізу родныя, магчымасць выйсці на вуліцу. Для фізічна здаровага чалавека гэта зусім не цяжка, проста жэст дабрыні, а для іх — вялікая падтрымка і ўвага. Праз зносіны з такімі людзьмі мы вучымся зусім па-іншаму глядзець на жыццё,  інакш успрымаць тую ці іншую сітуацыю. Тыя праблемы, якія былі для нас цяжкасцю ў гэтым вірлівым жыцці, здаюцца дробязямі ў параўнанні з праблемамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Хто сутыкаўся з такімі людзьмі, мяне зразумее. Ці не так? Мы павінны павучыцца ў іх дабрыні адзін да аднаго, цярпенню, уменню радавацца жыццю.

Не ўсе яны маюць інваліднасць з дзяцінства, у многіх яна з’яўляецца з цягам часу. Чалавек, які вядзе паўнацэннае жыццё сёння, заўтра можа аказацца “за бартом”. Рушацца планы, мары, радзее кола знаёмых і сяброў. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. І ў гэтым выпадку мы павінны памятаць пра важную якасць пад назвай Чалавечнасць. І самае галоўнае — яе не страціць. У любым выпадку.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!