Акцыя “Нашы дзеці’’. Падарыць радасць на ўспамін

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 15
  • 1
  •  
  •  
  •  

Пасябраваць з Алісай з краіны цудаў, абняць вялікага мяккага мішку, паласавацца салодкімі пачастункамі і распакаваць мноства іншых падарункаў прадстаяла 7-гадовай Сашцы ў той дзень, калі да яе ў госці завіталі супрацоўнікі аб’яднанага ваеннага камісарыята, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.

Вядома, Дзядулі Мароза на ўсіх не хапае. І таму ў пераднавагоднія святы кожны можа ім стаць, каб свята было добрым для ўсіх і кожнага. Дарыць дабрыню так проста, асабліва для тых, каму не хапае цеплыні родных.

Ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў падпалкоўнік Андрэй Марозаў уручае навагодні падарунак маленькай Сашы — адзінай на той дзень выхаванцы прытулку

Фота з казачнымі героямі, працаўнікамі дзіцячага сацыяльнага прытулку і гасцямі для маленькай Сашы застанецца на памяць пра навагоднія святы

Што і казаць, у дзіцячым сацыяльным прытулку робяць усё магчымае, каб яго маленькія жыхары адчувалі сябе спакойна, з часам набывалі ўпэўненасць у сабе, былі здаровенькія. Вядома, кожны з супрацоўнікаў гэтай установы стараецца, каб вочкі іх падапечных свяціліся радасцю, а сардэчкі поўніліся шчасцем. Магчыма, не такім, якое адчуваюць дзеці каля мамы і таты, але ўсё ж шчасцем. Каб сагрэць кожнае дзіця, якое па нейкіх прычынах часова засталося па-за ўвагай сваіх бацькоў, выхаванцаў прытулку наведваюць неабыякавыя да лёсу падрастаючага пакалення людзі. На гэты раз сустрэча з імі была наладжана ў пераднавагоднія і перадкалядныя святы, калі адбываюцца самыя лепшыя цуды і можна загадваць самыя патаемныя жаданні, а потым чакаць іх здзяйснення…

З вясёлай навагодняй казкі пачыналася дзея каля ёлачкі, якая зіхацела каляровымі агеньчыкамі. Пад уздзеяннем чараў і вядзьмарства казачных герояў, ролі якіх цудоўна выканалі супрацоўнікі дзіцячага прытулку, трапілі і дарослыя, і маленькая Саша. Казка захапіла ўсіх прысутных, вярнула на хвіліну ў свет бестурботнага дзяцінства. А твар маленькай Сашкі час ад часу асвятляла ўсмешка, відаць было, што дзяўчынка ў касцюме анёла з задавальненнем разглядала казачных герояў. Пазней усіх аб’ядналі карагод, а таксама падрыхтоўка падарункаў сваімі рукамі — наклейванне на аплікацыю вясёлага снегавіка.

Кожны ўдзельнік навагодняга прадстаўлення атрымаў пазітыўныя эмоцыі. Сямігадовая Сашка з нецярпеннем распакоўвала падарункі. Тое, што дзіця ўсміхалася ў адказ на ўсмешку і крышачку расказала пра сябе і свой шыкоўны навагодні касцюм анёла, вядома, не магло не радаваць. Бо з незнаёмымі людзьмі дзеці, змешчаныя ў прытулак, звычайна асцярожнічаюць.

— Кожнаму з нас, дарослых, хочацца спадзявацца, што лёс будзе літасцівы да дзіцяці, а гэтая навагодняя сустрэча пакіне светлы адбітак, вяртаючыся да яе святлом Каляднай зоркі надыходзячага 2019-га года. Дзіцячыя ўспаміны — самыя трывалыя, самыя яркія. Дык няхай яны будуць радаснымі і шчаслівымі заўсёды, — у заключэнне навагодняй сустрэчы зазначыла загадчык дзіцячага сацыяльнага прытулку Ала Верамейчык.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 15
  • 1
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.