Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

Амаль сто гадоў таму Нясвіжчына перажыла наплыў вялізнай хвалі бежанцаў… Узгадваем старонкі Першай сусветнай вайны

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Ці можа такое быць, каб сотні тысяч людзей супраць уласнай волі пакінулі родны кут, гаспадарку, нажытую маёмасць і рушылі невядома куды? Ні на што не разлічываючы і нічога не чакаючы? Можа! Калі гэтыя людзі пазбаўлены дзяржаўнасці, калі на іх землях вядзецца вайна за чужыя інтарэсы, а ім адводзіцца роля пешкі ў вялікай гульні. У такім становішчы і апынуліся беларусы падчас Першай сусветнай. Амаль сто гадоў таму Нясвіжчына перажыла наплыў вялізнай хвалі бежанцаў…



Напэўна, любая вайна ідзе не так, як плануюць генералы ў штабах. Першая сусветная не была выключэннем. Усе краіны, якія ўступілі ў яе летам 1914 г., разлічвалі на хуткую — да зімовых халадоў — перамогу. А замест гэтага былі вымушаны  прыстасоўвацца да зацяжной вайны. Расійскай жа арміі давялося адступаць, пакідаючы Польшчу, Літву і Заходнюю Беларусь.

Адступленне суправаджалася эвакуацыяй прадпрыемстваў, устаноў і прымусовым высяленнем цывільнага насельніцтва, у якім, па вялікім рахунку, не было ніякага сэнсу. Аднак улады імперыі мроілі пра аднаўленне “атмасферы 1812 г.”, заклікаючы пакінуць перад непрыяцелем “выпаленую зямлю”. Згодна з загадам, тэрыторыя, з якой адступала армія, “павінна быць ператворана ў пустыню, г. зн. — ачышчана як ад насельніцтва, так і ад усяго, што можа складаць каштоўнасць для ворага”.

Селянін выпраўляецца ў дарогу. 1915 г.

У першую чаргу эвакуіравалі мужчын ва ўзросце ад 15 да 45 гадоў, каб пазбавіць немцаў працоўных рук. Афіцыйная прапаганда ўнушала, што заставацца “пад германцам” непатрыятычна, распаўсюджвала чуткі аб неверагоднай жорсткасці праціўніка. Калі гэта не дапамагала, выкарыстоўвалі іншыя сродкі. Вёску або мястэчка акружалі казакі. На зборы давалі гадзіну, пасля чаго пагражалі паліць дамы. Людзі паспявалі забраць толькі самае неабходнае і неарганізаванымі калонамі рушыць на ўсход. Пры гэтым не існавала ніякіх планаў эвакуацыі. Для ўцекачоў не рыхтаваліся ні харчовыя, ні санітарныя пункты, не былі вызначаны канчатковыя напрамкі маршрутаў. У выніку летам-восенню 1915 г. Заходняя і Цэнтральная Беларусь ператварылася ў сапраўдны бежанскі лагер. Вось як выглядала ў той час дарога Брэст — Мінск: “Шаша была шчыльна запоўнена павозкамі бежанцаў, адна каляіна заставалася свабоднай для руху войск. На вазах сядзелі бабы і дзеці, мужчыны ішлі побач, на ўзбочынах ляжалі хворыя і па-міралі знямоглыя. Калі нейкі воз ламаўся, умешваліся казакі і скідвалі яго на ўзбочыну. Абапал дарогі, дзе гэта дазваляла мясцовасць, утвараліся цэлыя табары з павозак”. Такім чынам, замест патрыятычнага ўздыму ўлады дабіліся толькі таго, што ўсе дарогі былі перапоўнены няшчаснымі людзьмі, якія ішлі, не ведаючы куды, і часта нават не разумелі, за што іх выгналі з дамоў свае ж салдаты.

У ліпені 1915 г. была створана спецыяльная Асобая нарада пры міністры ўнутраных спраў, якая мусіла займацца лёсам бежанцаў. Дапамогу ім аказвалі і некаторыя грамадскія арганізацыі. У прыватнасці — камітэт вялікай княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі камітэт). Узніклі нацыянальныя — беларускі, польскі, яўрэйскі — камітэты дапамогі. Да вырашэння праблемы далучылася духавенства. Вядома, што 5 верасня 1915 г. у Нясвіж прыехаў епіскап Мінскі і Тураўскі Мітрафан. Уладыка наведаў імправізаваныя лагеры бежанцаў, а ў мястэчку Клецк правёў нараду са святарамі аб дапамозе гэтым няшчасным людзям.

Трэба адзначыць, што адносіны да іх мясцовых жыхароў былі неадназначнымі. Першыя, яшчэ нешматлікія групы, сустракалі добразычліва, стараліся дапамагаць, чым можна. Аднак з часам запасы ў людзей змяншаліся, а паток перасяленцаў, наадварот, павялічваўся. Прычым, іх новыя партыі паводзілі сябе ўсё больш агрэсіўна. Яны вытоптывалі нязжатыя нівы, ламалі на дровы платы і гаспадарчыя пабудовы, спусташалі сады і агароды, гаворачы пры гэтым з нейкім злараднасцю: “Мы не столькі страцілі!”. Як адзначаў у мемуарах грамадскі дзеяч таго часу памешчык Эдвард Вайніловіч: “У сувязі з адсутнасцю сродкаў на асабістыя патрэбы і бандыцкімі паводзінамі бежанцаў прапала ўсякае жаданне дапамагаць ім і збіраць ахвяраванні для гэтай мэты”.

Бежанцы на прывале. 1915 г.

Зрэшты, адназначна абвінавачваць людзей, якія не па сваёй волі сталі беспрытульнымі зладзеямі, неяк не хочацца. Хоць трэба прызнаць, адарваныя ад каранёў, многія з іх мянялі паводзіны і маральныя прынцыпы не ў лепшы бок. Сведка тых падзей, аўтар першага даследавання, прысвечанага бежанству, колішні выкладчык Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Фядот Кудрынскі пісаў: “Смерць перастала быць страшнай. Пачуццё горычы пры страце блізкіх моцна прытупілася. Развітанне з жыццём старых стрымана вітаецца бежанцамі, яно пазбаўляе іх яшчэ аднаго едака і дазваляе аблегчыць далейшы шлях. Тое ж самае часам назіраецца і ў дачыненні да малых дзяцей”.

Адзін з галоўных маршрутаў, па якім масы людзей рухаліся ўглыб краіны, праходзіў па дарозе Брэст — Мінск і прылеглым да яе трактам. На пачатку кастрычніка 1915 г. у раёне Койданава — Стоўбцы — Мір — Гарадзея — Сноў, у тылу 4-й арміі, знаходзілася каля 35 тысяч цывільных уцекачоў. Некаторым пашанцавала і яны знайшлі прытулак у вёсках, фальварках і маёнтках, астатнія сталі лагерамі пад адкрытым небам у лясах і палях. І гэта пры тым, што ўжо насоўваліся восеньскія халады, а многія не мелі цёплай вопраткі.

Згрувашчаныя ў прыфрантавой паласе бежанцы сур’ёзна ўскладнялі рух вайсковых аддзелаў. Да таго ж, у гэтым людскім натоўпе лёгка маглі перахоўвацца і дэзерціры, і шпіёны. Таму ваенныя былі зацікаўлены ў самай хуткай ачыстцы тылоў ад прымусовых перасяленцаў. У канцы верасня было выдзелена тры сотні казакаў Арэнбургскага палка, да якіх далучылі трох афіцэраў-артылерыстаў і адмысловую конную варту. На працягу дзевяці дзён, з 26 верасня да 4 кастрычніка, казакі павінны былі абследаваць прыфрантавы раён, выселіць усіх бежанцаў з лясоў і накіраваць на Нясвіж і Слуцк. Пералік іхніх даручэнняў складаўся з 13 пунктаў, сярод якіх былі і такія: “Папярэдзіць насельніцтва аб самым эканамічным выкарыстанні фуражу і харчавання; дохлую жывёлу адразу ж закопваць на глыбіню не менш чым 3 аршыны (210 см — А.Б.); падазроных асоб, якія распаўсюджваюць ілжывыя чуткі, затрымліваць; абавязаць мясцовыя ўлады рамантаваць масты і дарогі ў сваім раёне”.

У дапамогу Мінскаму губернатару, для вырашэння праблемы бежанцаў, быў накіраваны в.а. Холмскага віцэ-губернатара Міхаіл Цярэнін. Дакументы адзначаюць, што “цяжкія абавязкі па ўладкаванні бежанцаў выконваюцца ім з вялікім тактам, энергіяй, гаспадарлівасцю і сардэчным клопатам аб патрэбах бежанцаў”. Найперш былі абсталяваны харчовыя пункты, на якіх выдавалі гарачую ежу або сухі паёк. Уздоўж дарог арганізавалі раздачу фуражу, што давала магчымасць рухацца далей без страты коней. Вызначыліся шляхі, па якіх бежанцаў пачалі адпраўляць у тыл. Важнае значэнне мела ст. Замір’е, дзе перакражоўвалася чыгунка Брэст — Мінск і тракт, які вёў са Снова на Койданава і далей на Ігумен. Тут  было асабліва шматлюдна. Сотні эвакуіраваных штодня рухаліся на вазах і грузіліся ў цягнікі са сваім скарбам. Праўда, таварных саставаў не хапала, і частку людзей давялося адпраўляць у выпадковых вагонах, свабодных ад перавозкі вайсковых грузаў. На станцыі дзейнічаў санітарна-харчовы атрад Чырвонага Крыжа Яе Вялікасці Імператрыцы Марыі Фёдараўны.  Тут, акрамя прадуктаў, можна было атрымаць медыцынскую дапамогу. Апошняе было не лішнім. Многія перасяленцы пакутавалі ад прастудных і страўнікавых захворванняў.  Да таго ж, у асобных раёнах фіксаваліся выпадкі халеры, так што ўлады сур’ёзна асцерагаліся эпідэміі.

Напрыканцы восені 1915 г., у сувязі са стабілізацыяй лініі фронту, бежанскі рух прыпыніўся. Ваеннае камандаванне па-ранейшаму настойвала на высяленні ўсіх цывільных з прыфрантавой паласы “як у баявых мэтах, так і па санітарных меркаваннях”. Але цяпер гэта былі асобныя ручайкі, а не людскія хвалі. Да сакавіка 1916 г. у межах Мінскай губерні налічвалася прыблізна 50 000 бежанцаў. Яны капалі акопы, будавалі ўмацаванні і дарогі, а таксама працавалі ў памешчыцкіх маёнтках і сялянскіх гаспадарках. У Нясвіжы, па звестках Таццянінскага камітэта, апынулася 2534 чалавекі — 724 сям’і. Амаль дзве траціны перасяленцаў складалі жанчыны (1174) і дзеці (585). Пераважна гэта былі ўцекачы з Польшчы, Літвы, Гродзенскай губерні. Знясіленыя доўгай і працяглай дарогай, яны не згаджаліся на далейшы пераезд. Асноўная маса бежанцаў-беларусаў апынулася ва ўнутраных губернях Расіі, у Маскве, Петраградзе, на ўсходзе Украіны.

Для нашага народа на-ступствы гэтай эпапеі былі асабліва цяжкімі. Падчас вайны Беларусь пакінулі, па розных ацэнках, 1 130 — 1 320 тысяч чалавек. Некаторыя крыніцы называюць лічбу ў 1 700 тысяч. Гэта прыблізна пятая-шостая частка насельніцтва. Сюды ж трэба дадаць сотні тысяч мабілізаваных, якіх накіроўвалі на Каўказскі, Румынскі і іншыя франты. Замест іх тут з’явіліся людзі, для якіх край быў чужым: уцекачы з Польшчы і Прыбалтыкі, рабочыя і службоўцы з вялікарасійскіх губерняў, нарэшце — велізарныя арміі абодвух ваюючых бакоў. Такім  чынам, была разбурана цэласнасць этнічнай тэрыторыі. Калі ў 1917 г. ускраіны былой імперыі абудзіліся да дзяржаўнага будаўніцтва, нямала дзейных беларусаў, якія хацелі і маглі працаваць на карысць Бацькаўшчыны, апынуліся за яе межамі. А лёс гэтай зямлі вырашалі чужынцы.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы

 супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага

музея-запаведніка “Нясвіж”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!