Леанід КРУПЕЦ: “Я ўдзячны лёсу за тое, што жыву ў Беларусі”

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 43
  • 8
  •  
  •  
  •  

Імя ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа Леаніда Крупца на Міншчыне,  дый у Беларусі, добра  вядома. Ён узначальваў Нясвіжскі раён, працаваў першым  намеснікам старшыні  Мінскага аблвыканкама, памочнікам Прэзідэнта — галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці, старшынёй Мінскага  аблвыканкама, намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а з 2011 па 2016 гг. — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Рэспубліцы Бразілія.

Цяпер вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. Ахвотна сустракаецца з былымі калегамі, з рабочай моладдзю, студэнтамі і школьнікамі. Яму ёсць пра што расказаць, даць  пэўныя парады, слушнасць якіх падмацоўваецца  прыкладамі з уласнага жыцця.Таму супрацоўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, якія  прэзентавалі нядаўна новую форму работы — партрэтнае інтэрв’ю “Лёс чалавека”, — і запрасілі на першую сустрэчу  Леаніда Фёдаравіча.

У вядучага партрэтнага інтэрв’ю “Лёс чалавека” Аляксея Абражэя пытанні былі разнапланавыя, каб  партрэт суразмоўцы выйшаў як мага больш поўным. За дзве гадзіны  насычанай, цікавай размовы так і атрымалася. Яркай палітрай фарбаў раскрыўся вобраз неардынарнай  асобы, камунікабельнага чалавека з  багатым жыццёвым  вопытам. На сустрэчу прыйшлі людзі і пажылыя, і сярэдняга ўзросту, і моладзь. Аўдыторыя, адчувалася, была вельмі зацікаўлена. Напрыканцы навучэнцы дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, абступіўшы Леаніда Фёдаравіча, распытвалі яго,  удакладнялі нюансы, рабілі сэлфі. Значыць — зачапіла  нейкія стрункі ў душах юнакоў і дзяўчат. А нам, прадстаўнікам старэйшага пакалення, проста прыемна было зноў сустрэцца з Л.Ф. Крупцом.

Інтэрв’ю з Леанідам Крупцом робіць
супрацоўнік раённай бібліятэкі Аляксей Абражэй

“Якое шчасце, што ёсць родны куточак…”

Ён вырас у шматдзетнай сялянскай сям’і. Дзяўчынку і шэсць хлапчукоў гадавалі Ядзвіга Іосіфаўна і Фёдар Міхайлавіч  Крупец з аддаленай нясвіжскай вёскі Макашы. Выхоўвалі дзяцей у  строгасці, у павазе да людзей, прывучалі  да зямлі, да працы на ёй. “Я любіў зямлю, мне падабалася у вёсцы”, — гаворыць Леанід Фёдаравіч. Таму ён і пайшоў вучыцца на агранамічнае аддзяленне Смілавіцкага сельгастэхнікума, які скончыў на “выдатна”. Таму і атрымаў прафесію вучонага агранома (адначасова — перакладчыка з іспанскай мовы) у Маскоўскім універсітэце  Дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. Працаваў у Беларускім НДІ аховы раслін, аграномам-тэхнолагам Гарадзейскага цукровага камбіната. А калі ў 1990-м яго, пасля работы ў райкаме партыі, прызначылі намеснікам старшыні Нясвіжскага  райвыканкама — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, адказваў за ўвесь аграпрамысловы комплекс раёна.

Ён з задавальненнем і цяпер наведвае бацькоўскую хату ў Макашах. Працуе на зямлі. Там шмат кветак, розных кустоў — усё гэта ён любіць, шмат купляе сам, рассаджвае, дзеліцца з іншымі аматарамі. Іх дом стаіць на беразе ракі Ушы, у засені дрэў. Там вельмі прыгожа.

Здымак на памяць з навучэнцамі каледжа і яго дырэктарам Аленай Жураўлёвай

— І якое шчасце, што ёсць такія  куточкі, дзе ты нарадзіўся, бегаў басанож, дзе вырас, — дзеліцца Леанід Фёдаравіч. — Там — такая магутная  энергетычная падпітка… Канешне, вёска стала іншай. Вяртання да яе  ранейшай ужо не будзе. Але тое, што  ёсць, трэба захаваць. Захаваць яе быт, каб дзецям, унукам, праўнукам паказваць, як было раней, як людзі  жылі, працавалі, якія цяжкасці пераносілі…

— Вось вы бачылі жорны? — спытаў ён у вядучага.

—  У музеі, — адказаў Аляксей.

— А гэта ж такая цікавая машына для вырабу мукі. У Макашах на рацэ стаіць млын. Не было электрычнасці — чалавек  прыдумаў, каб млын у работу запускала вада. Там раней былі і памол, і пытляванне мукі, а яшчэ — крупадзёрка і ваўначоска. Было жаданне аднавіць гэты аб’ект. Шкада, што работы спыніліся.

Выступоўца прывёў прыклад з суседняга Карэліцкага раёна, дзе ў адной з вёсак прадпрымальнік уклаў сродкі ў захаванне яе аўтэнтычнасці, каб пакінуць для гісторыі, для нашчадкаў. Усе даброты, што прыходзяць сёння ў вёску, прыносяць камфорт, дапамагаюць жыць. Але ж яны разбураюць мінулае. А такія астраўкі, для памяці, для гісторыі, павінны быць захаваны.

Настальгія па родным куточку асабліва востра адчувалася падчас жыцця на працягу шасці гадоў у Бразіліі:

— Неяк мы былі ў адным са штатаў гэтай краіны, дзе жыве шмат  выхадцаў з Польшчы. І я ўбачыў там канюшыну і дзьмухаўцы. Вы не паверыце — гэта неапісальнае пачуццё, калі ты бачыш нешта роднае.

Чым наталялі настальгію па  Радзіме? Наведвалі бібліятэку ў расійскім  пасольстве. Разам адзначалі святы, дні нараджэння, спявалі рускія і  беларускія песні, лірычныя і патрыятычныя. Ад’язджаючы з Беларусі ў Паўднёвую Амерыку, Леанід Фёдаравіч узяў дыскі з песнямі:

— Уключыш “Домік вокнамі ў сад” братоў Радчанка — і слёзы цякуць самі. Такая была туга па Радзіме…

З годнасцю заяўляць пра Беларусь

Каб пра яго любімую Беларусь у іншых краінах ведалі болей, Леанід Крупец зрабіў вельмі шмат — і на пасадах кіраўніка Нясвіжскага раёна і Мінскай вобласці, і з’яўляючыся паслом. Пасля распаду Савецкага Саюза  і адкрыцця “акна ў Еўропу”  трэба было заяўляць пра маладую беларускую дзяржаву, шукаць новыя шляхі  супрацоўніцтва. Дамоўленасці аб ім у Нясвіжа былі падпісаны тады з нямецкім Лайхінгенам, польскім Злотувам і расійскім Рэутавым:

— Мы ў гэтым супрацоўніцтве шукалі шляхі развіцця, і не толькі эканамічныя, але і духоўныя. Гэта — пазнанне свету.

Леанід Фёдаравіч падкрэсліў, як важна ведаць мову той краіны, з якой маеш стасункі, і расказаў наступны  выпадак. У Злотуве ён браў удзел у міжнародным форуме па ахове навакольнага асяроддзя.  Прадстаўнікі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі выступалі з перакладчыкамі, але так сталася, што ў Л.Ф. Крупца перакладчыка не было. І ён выступіў на польскай мове. Прысутныя ў зале ўсталі і авацыямі аддзячылі  беларускага дакладчыка.

Цяга да ведання моў у яго была  са школы. Іспанскую вывучыў ва ўніверсітэце і ў 1980 годзе падчас Алімпійскіх гульняў працаваў перакладчыкам у Лужніках. Партугальскую асвоіў у Бразіліі, дзякуючы гэтаму, меў добрыя стасункі з прэзідэнтам краіны, з сенатарамі, з кіраўнікамі штатаў:

— Калі размаўляеш на мове краіны, дзе працуеш, да цябе зусім  іншыя адносіны. А ведаеце, чым я зараз займаюся? Удасканальваю сваю англійскую мову.

Мінская вобласць ужо дагэтуль супрацоўнічала з бразільскім штатам Гаяс, дамоўленасць аб гэтым якраз і падпісваў старшыня Мінаблвыканкама Леанід Крупец. Зразумела, дружба падчас яго працы паслом умацоўвалася. Вырашаліся пытанні эканамічнага і сацыяльнага накірункаў, сувязей паміж галіновымі міністэрствамі, навуковымі ўстановамі. Ён часта выступаў перад студэнцкай моладдзю ўніверсітэтаў Бразіліі, расказваў пра гісторыю сваёй краіны, эканамічны патэнцыял, яе людзей. Пераконваўся, як мала там ведаюць пра нас, Беларусь атаясамліваюць з Расіяй, а ўсе выхадцы з былога Савецкага Саюза для іх — рускія. І гэты стэрэатып трэба было пакрысе ламаць.

Памнажаючы свае памкненні па падтрыманні царквы, па развіцці і ўмацаванні міжканфесійных адносін, якія ажыццяўляў на радзіме, за што мае ўзнагароды Беларускай праваслаўнай царквы і Рускай праваслаўнай царквы, Леанід Фёдаравіч і ў Бразіліі ўнёс свой уклад у гэту справу, стаўшы ініцыятарам адкрыцця рускай праваслаўнай царквы ў яе сталіцы — горадзе Бразіліа.

Калі наш зямляк заканчваў сваю дыпламатычную місію, яму ўручылі Дыплом ганаровага грамадзяніна штата Гаяс.

Да мерапрыемства была падрыхтавана
цікавая выстава з бразільскіх сувеніраў, прадастаўленых госцем

“Цаніце мір і спакой”

Пытанняў да госця было вельмі шмат: які след пакінула служба ў арміі? якія клопаты турбавалі кіраўніка высокага рангу? хто быў прыкладам на жыццёвым шляху, акрамя бацькоў? як пазнаёміўся з будучай жонкай? што такое шчасце і поспех? што б ён сёння сказаў маладым людзям? Адказы гучалі шчырыя і поўныя.

Леанід Фёдаравіч падкрэсліў, як важна мець  актыўную жыццёвую пазіцыю, не адседжвацца ўбаку. Юнак і ў школе, і ў тэхнікуме, і ў арміі займаўся спортам, удзельнічаў у мастацкай сама-дзейнасці. Скажыце: калі б не быў ён актывістам, хіба ж зампаліт  падпалкоўнік Жук  прапанаваў бы салдату Крупцу, які рыхтаваўся да дэмабілізацыі, паступаць у прэстыжны маскоўскі  ўніверсітэт, адкуль у іх дывізію  прыйшла прапанова?  Вядома — не, знайшоў бы іншага кандыдата.

Леанід Крупец — чалавек, які дабіўся ўсяго сам. Ён удзячны людзям, што  сустрэліся на яго жыццёвым шляху, дапамагалі, падказвалі, вучылі, раздзялялі яго думкі і разам ажыццяўлялі намечанае. Выступоўца назваў шмат імён. Хочацца ж успомніць тых, хто стаяў у самым пачатку яго шляху: першую настаўніцу з Макашоўскай школы Ганну Іванаўну Гурыновіч і класнага кіраўніка ў Смілавіцкім сельгастэхнікуме  Тамару Рыгораўну Ласкіну, якія падтрымалі ў патрэбныя хвіліны.

“Шчасце — гэта калі ёсць здароўе, калі жывуць бацькі, калі ёсць добрыя сябры. Гэта —     сям’я, мір і спакой на радзіме”, — упэўнены ён.

Л.Ф. Крупец удзячны лёсу за тое, што жыве ў Беларусі, дзе мір і спакой — яе вялікія дасягненні. Бо ўсё пазнаецца ў параў-нанні.

Моладзі суразмоўца даў наказ: “Цаніце сваіх бацькоў і сваіх настаўнікаў, не бойцеся цяжкасцей — яны потым вернуцца вам дабром. Многае залежыць ад нас саміх: калі мы будзем добрымі, то і ўсё будзе добра”.

Памятнае фота з  удзельнікамі сустрэчы

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Вольгі КАНДРУКЕВІЧ.

P.S. Дэбют партрэтнага інтэрв’ю “Лёс чалавека” ў работнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі аказаўся ўдалым. Водгукі  пасля такой цёплай сустрэчы — суцэльнае захапленне. Спадзяёмся, што  такім чынам будзе створана  цэлая галерэя партрэтаў выбітных людзей Нясвіжчыны — у рамках Года малой радзімы.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 43
  • 8
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.