Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

В.Б. Доўнар: «Я вельмі любіла сваю работу»

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

На работу ў аддзел сацыяльнага забеспячэння Вера Барысаўна Доўнар прыйшла 9 снежня 1964 года. Прымаў яе загадчык аддзела Міхаіл Фёдаравіч Чыстоў.

— Залічылі мяне бухгалтарам, — гаворыць Вера Барысаўна. — А паколькі ў сабесе не было машыністкі, мне даручылі і гэту работу. Сюды яшчэ ўваходзіла і справаводства, кадры. Усім гэтым я займалася некалькі гадоў. Пасля інспектарам павысілі заробак, і загадчык аддзела (ім ужо быў Іван Іларыёнавіч Афанасенка) прапанаваў мне перавесціся на інспектара. Перайшла, забраўшы з сабой усю ранейшую нагрузку. З-за таго, што не было інспектара па бытавых умовах, на мне была і работа з інвалідамі, удзельнікамі вайны, сем’ямі загінуўшых. А гэта выезды, праверкі, друкаванне розных спісаў. І яшчэ мне далі чатыры калгасы («1 Мая», «Слава», «Зара», імя Дзяржынскага) і саўгас «Гарадзейскі». Мы, інспектары, назначалі пенсіі па сваіх зонах, а нашы бухгалтары іх выплачвалі. Пасля бухгалтэрыю забралі ў Мінск, там з’явіўся цэнтр па выплаце, які існаваў шмат гадоў. Нам прысылалі ведамасці, па якіх выдаваліся пенсіі.



В.Б. Доўнар

Работы, як расказала Вера Барысаўна, было вельмі многа. Працоўны дзень пачынаўся ў дзевяць раніцы і заканчваўся ў шэсць гадзін вечара. Рабочай была і субота, да 15 гадзін. Але гэтага часу не хапала, каб усё паспець. Таму прыходзілася і пасля работы заставацца, і дадому браць, і ў выхадны прыходзіць.

— Галоўнымі інструментамі працы, — працягвае мая суразмоўца, — былі просты аловак і ручка. Лічылі на паперы. Потым ужо нам раздалі лічыльнікі, пасля іх з’явіўся арыфмометр, яго ўзяла старшы інспектар Клаў-дзія Арсенцьеўна Кургановіч. А пазней — лічыльныя машынкі. Было шмат складанасцей. Пры налічэнні пенсіі, напрыклад, калі чалавек з няпоўным стажам, то ўвогуле было вельмі цяжка. Гады пераводзіліся ў месяцы, месяцы — у дні, усё гэта падлічвалася. А тая вылічальная тэхніка, што ў нас была, не магла палічыць так, як сучасная.

Потым у арганізацыях з’явілася шмат фондаў, і з кожнага людзям выдаваліся разам з заробкам грошы: прэмія, разавая выплата, матэрыяльная дапамога. Усё гэта трэба было ведаць. Прыедзеш у саўгас, станеш выбіраць заробак, а там — нешта новае. Вярнуўшыся, кажу загадчыку: як жа палічыць? А ён адказвае: хоць паміж радкоў, але каб палічыла. Да нас вельмі часта прыязджалі рэвізійныя камісіі. Асаблівых памылак не знаходзілі, але ставі-ліся да гэтага пытання вельмі прынцыпова.

Так і працавала Вера Барысаўна. Ішоў час. Мяняліся загадчыкі аддзела. І.І. Афанасенку змяніў Валянцін Захаравіч Бруй (у гэты час стала крыху лягчэй: з’явілася адзінка інспектара па бытавых умовах). Пасля яго быў Васіль Пятровіч Дзянішчык, а затым прыйшла І.А. Чэмярэўская. З ёй Вера Барысаўна адпрацавала некалькі гадоў і ў ліпені 1992 года пайшла на пенсію, хоць Ірына Антонаўна і не хацела яе адпускаць. Але гэтага патрабаваў стан здароўя маёй гераіні…

Сёння ж, нягледзячы на складанасці жыцця, насупраць мяне сядзіць прыгожая, добразычлівая, з акуратна ўкладзенай прычоскай, прыемнай усмешкай і лёгкім адценнем памады на вуснах спадарыня, якая з вялікай радасцю і павагай гаворыць словы ўдзячнасці тым, хто не забываў і памятае зараз пра сваіх ветэранаў працы, — работнікам сацыяльнай службы, якія запрашаюць на святы і мерапрыемствы: Ірыне Антонаўне Чэмярэўскай, Таццяне Васільеўне Толсцік і Таццяне Васільеўне Мухлынінай.

Работнікі аддзела сацыяльнага забеспячэння на суботніку.
В.Б. Доўнар — чацвёртая справа. 1960 — 1970-я гады

— На кожнае свята і забяруць, і прывязуць дадому. На нашай вуліцы многа пен-сіянераў, яны ўсе дзівяцца, што такая добрая служба. Усё залежыць ад кіраўніцтва, якому я вельмі ўдзячна. У нас калісьці і машыны ў аддзеле не было. На аўтобусе пад’язджалі або пешшу ішлі. Ідзеш па полі. Вёска ад вёскі далёка. Снег і холад. Але я вельмі любіла сваю работу…

А па працы і пашана. Вера Барысаўна ніколі не мела нараканняў, у дружным калектыве добрасумленна ставілася да сваіх абавязкаў, за што шмат разоў атрымлівала ўзнагароды, у тым ліку і медаль «За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна».

Яна і сёння не сядзіць без справы. Летам працуе ў агародзе, а зараз, у халодную пару, таксама знаходзіць, чым сябе заняць: то фасолю трэба палушчыць, то моркву пацерці, то капусту пакрышыць. У хаце парадак падтрымаць і абавязкова пачытаць раённую газету, якую выпісвае ўжо шмат гадоў.

Жыццё працягваецца…

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!